Міхась Пашкевіч, кіраўнік арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Аб’яднанай грамадзянскай партыі, лічыць сябе ахвярай цяперашняга закону:
“У мяне якраз год таму памёр дзед. І я ня змог выехаць на ягонае пахаваньне ў Расею. Гэтаксама як не магу паехаць і цяпер — на гадавіну сьмерці дзеда. То бок нават такія пытаньні застаюцца для мяне нявырашанымі.
Апошнім разам я езьдзіў за мяжу ў лютым мінулага году, калі яшчэ не ўступіла ў сілу мая падпіска аб нявыезьдзе. І ўсё. З таго моманту, як на мяне завялі крымінальную справу, я не пакідаў межаў Беларусі”.
А здарылася тое пасьля вядомай “справы 14-ці”, калі маладыя людзі падтрымалі масавыя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў супраць наступу ўладаў на іхныя правы. Міхась Пашкевіч удакладняе:
“Я нават невыязны зь Менску. Таму што ў мяне хатняя хімія па “працэсе 14-ці”. Я не магу ні зь Менску выехаць, ні пасьля 10-й вечара пакідаць сваё жытло. Так што я ня толькі невыязны, я нават “невыхадны”.
Зьявіцца "прэвэнтыўны нагляд"
Праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што і пасьля таго, як новы закон пачне дзейнічаць, становішча маладога апазыцыянэра ня зьменіцца. Наадварот, яно можа стаць яшчэ больш складаным. Рэч у тым, што ў новым дакумэнце да ўжо вядомых прычынаў для абмежаваньня права на выезд грамадзян за граніцу дадаюцца і новыя — “усталяваньне судом прэвэнтыўнага нагляду або адкрыцьцё судом конкурснай вытворчасьці”.
Спадар Паганяйла тлумачыць: прэвэнтыўны нагляд — часьцей яго называюць адміністратыўным — ажыцьцяўляецца за асобамі,
“якія раней адбылі пакараньне за цяжкія злачынствы, альбо іх караюць відам пакараньня без пазбаўленьня волі і за імі ажыцьцяўляецца міліцэйскі нагляд. Прэвэнтыўны нагляд можа быць ужыты і да асобаў, якія, як мяркуецца, могуць займацца тэрарыстычнай альбо іншай дзейнасьцю, зьвязанай з падрывам дзяржаўнага ладу, падрыхтоўкай цяжкіх злачынстваў і г.д.”
Цікаўлюся, ці можна падвесьці пад новыя нормы апазыцыянэраў. Гары Паганяйла адказвае:
“У нашай неправавой дзяржаве магчыма ўсё. Таму тут няма ніякіх гарантый, што будуць выконвацца правы чалавека, што такія перагібы немагчымыя. У нас якраз гэта ўсё магчыма. Тым больш, грамадзянская супольнасьць, дый сам парлямэнт практычна ня маюць інструмэнтаў для грамадзкага і парлямэнцкага кантролю за сілавымі структурамі, за ведамствамі, якія ажыцьцяўляюць такія мерапрыемствы”.
Гэтыя словы спадара Паганяйлы ўскосна пацьвярджаюцца і такім фактам: абмеркаваньне законапраекту ў Палаце прадстаўнікоў цягнулася... 10 хвілін. А пачалося яно з пытаньня дэпутата Ігара Карпенкі, другога сакратара Камуністычнай партыі Беларусі:
“Так званая апазыцыя апошнім часам вельмі часта ўздымае пытаньне аб так званым часовым абмежаваньні на выезд за мяжу. Я хацеў бы ведаць, ці існуе такая норма ў заканадаўстве іншых краін, прыкладам, эўрапейскіх?”
Дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Уладзімер Міцкевіч, які прадстаўляў новы законапраект, адказаў, што абмежаваньні існуюць у шэрагу краінаў:
“Гэта могуць быць абавязаньні алімэнтныя, фінансавыя, выкананьня пакараньняў і г.д.”
Сустаршыня палітрады АДС Анатоль Лябедзька амаль чатыры гады ня мог выяжджаць у іншыя краіны празь беларускую памежную службу. Хоць ніякіх алімэнтных альбо фінансавых грахоў за сабою ён ня меў:
“Адносна мяне была ўзбуджаная крымінальная справа, нават дзьве, за абразу годнасьці прэзыдэнта Беларусі. І факт наяўнасьці крымінальнай справы па гэтым артыкуле быў падставай для таго, каб я не выяжджаў за межы Беларусі”.
Спадар Паганяйла кажа, што ён з калегамі патраціў шмат часу, каб дамагчыся закрыцьця гэтага пытаньня:
“Высмакталі з пальца праблему. Узбудзілі абсалютна адвольна гэтую справу. Прынялі рашэньне, што Лябедзька невыязны. І ні пракуратура, ні суды не хацелі разглядаць гэтай праблемы. Пакуль мы ня сталі актыўна пісаць ва ўсе інстанцыі і патрабаваць закрыцьця гэтай крымінальнай справы. І ў сувязі з гэтым справа была сапраўды закрытая”.
Многія юрысты лічаць, што колькасьць невыязных зь Беларусі перасягае межы разумнага. Гэта адбываецца таму, што ў банк дадзеных на забарону выезду можна патрапіць, напрыклад, нават пасьля дарожнай аварыі. Гары Паганяйла тлумачыць:
“Дзяржава сама можа прыдумаць нейкую праблему. Напрыклад, што я дзесьці нанёс ёй страту. Для кампэнсацыі зьвяртаюцца ў суд. І суд можа нават да вынясеньня рашэньня прыняць пастанову і перадаць маё імя ў банк дадзеных невыязных. А можа і пасьля рашэньня прыняць пастанову. Там асабліва ніхто разьбірацца ня будзе. А як дзейнічаюць нашы суды, залежныя ад выканаўчай улады, мы добра ведаем”.
Як лічыць Гары Паганяйла, так можна змагацца з апазыцыянэрамі, актывістамі грамадзянскай супольнасьці, каб яны не патрапілі, напрыклад, на які замежны сэмінар, канфэрэнцыю альбо сымпозіюм.