Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грубэр: Пяткевіч ухілялася ад адказаў на вострыя пытаньні


Сябра дэлегацыі, дырэктар Эўрапейскага аддзелу Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў Марк Грубэр
Сябра дэлегацыі, дырэктар Эўрапейскага аддзелу Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў Марк Грубэр
У Беларусі з трохдзённым візытам знаходзіцца місія міжнародных арганізацыяў, якія займаюцца абаронай правоў журналістаў, свабоды выказваньня і разьвіцьця мэдыяў. Дэлегацыя праводзіць сустрэчы ў рэдакцыях незалежных газэт, журналісцкіх арганізацыях, а таксама ва ўладных структурах.

Дэлегацыя сфармаваная пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў з удзелам прадстаўнікоў Дацкага саюзу журналістаў, Міжнароднага цэнтру падтрымкі СМІ, ЮНЭСКО, Інстытуту “Адкрытае грамадзтва” і іншых структур. Усяго ў місіі 7 чалавек, якія прадстаўляюць 15 розных арганізацый. Да іх ня змог далучыцца прадстаўнік Швэдзкага Хэльсынскага камітэту — яму не далі беларускай візы.

Місія абаронцаў журналісцкіх правоў сёньня мела сустрэчы ў рэдакцыях газэт “Наша ніва”, “Белорусы и рынок”, “Народная воля”, на “Аўтарадыё”, правяла гутарку з намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Пяткевіч, старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Аляксандрам Зімоўскім. На заўтра заплянаваная сустрэча з намесьніцай міністра інфармацыі Ліліяй Ананіч.

Сябра дэлегацыі, дырэктар Эўрапейскага аддзелу Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў Марк Грубэр зазначыў “Свабодзе”, што візыт такой вялікай місіі ў адну краіну — падзея незвычайная:

“Для нас вельмі важна сустракацца тут з рознымі людзьмі, як зь дзяржаўных, так і недзяржаўных мэдыяў, прадстаўнікамі міжнародных арганізацый і, вядома, уладаў. СМІ разьвіваюцца вельмі хутка. Гэтаксама адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю мяняюцца. Магчыма, надта павольна, а можа, надта хутка — гэта залежыць ад пункту гледжаньня. У кантэксьце дыялёгу Эўразьвязу і Беларусі ў галіне правоў чалавека, які быў афіцыйна адкрыты мінулай вясной, мы лічым вельмі важным для нас убачыць, зразумець і ацаніць, якая цяпер тут сытуацыя з правамі СМІ, свабодай выказваньня і выкананьнем правоў журналістаў”.

Марк Грубэр зазначыў, што па выніках місіі будуць падрыхтаваныя справаздача і рэкамэндацыі наконт паляпшэньня сытуацыі ў галіне свабоды СМІ ў Беларусі. Дакумэнт будзе прадстаўлены як міжнародным арганізацыям, гэтак і беларускім уладам.

Марк Грубэр падзяліўся таксама сваімі ўражаньнямі ад сустрэчы з Натальляй Пяткевіч:

Я не магу ацаніць гэта як вецер перамен, але ёсьць нейкія элемэнты, якія нас абнадзейваюць.
“Я не магу ацаніць гэта як вецер перамен, але ёсьць нейкія элемэнты, якія нас абнадзейваюць, мы заўважылі, што некаторыя рэчы зьмяняюцца. Але, зь іншага боку, хачу заўважыць, што яна ўхілялася ад адказу на некаторыя нашыя пытаньні, напрыклад, наконт роўнага стаўленьня ўлады да дзяржаўных і недзяржаўных мэдыяў у эканамічным пляне, наконт атрыманьня акрэдытацыі для журналістаў, а таксама наконт шэрагу прававых інструмэнтаў — такіх, як Крымінальны кодэкс, законы аб СМІ і аб экстрэмізьме, — якія нас вельмі хвалююць”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна зьвярнула ўвагу міжнароднай місіі на забарону распаўсюджваць у дзяржаўнай сетцы 12 незалежных грамадзка-палітычных выданьняў, праблемы з доступам журналістаў да афіцыйнай інфармацыі, акрэдытацыі, перашкоды для дзейнасьці прэсы.

“Такая ўвага і такая кансалідаваная місія ў Беларусі — сьведчаньне таго, наколькі высокае месца сярод прыярытэтаў міжнародных арганізацыяў і міжнароднай супольнасьці ў цэлым надалей займаюць пытаньні, зьвязаныя са свабодай слова і свабодай выказваньня”.

Жана Літвіна выказала спадзеў, што рэкамэндацыі місіі паспрыяюць пачатку рэфармаваньня мэдыя-прасторы ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG