Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пакінуў прысуд Сьвеціку бязь зьменаў


Леанід Сьвецік
Леанід Сьвецік
Віцебскі праваабаронца зьвярнуўся ў суд вышэйшай інстанцыі пасьля таго, як 16 ліпеня ў абласным судзе яго прызналі вінаватым у распальваньні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасьці.

Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Галіна Ўрбановіч прысудзіла Леаніду Сьвеціку 31 мільён штрафу ў якасьці пакараньня за тое, што праваабаронца наібыта мае дачыненьне да напісаньня і распаўсюду лістоў ад імя радыкальнай нацыяналістычнай арганізацыі “Русское национальное единство”. Паводле прысуду, Леанід Сьвецік таксама павінен сплаціць 1 мільён кампэнсацыі за маральныя страты старшыні Віцебскай філіі СПБ Тамары Красновай-Гусачэнцы, судовыя выдаткі ды аплаціць кошт экспэртызаў.

Экспэрты мусілі высьветліць, ці зьяўляецца спадар Сьвецік аўтарам тэксту лістоў, якія цягам 2006-2008 гадоў атрымлівалі мясцовыя апазыцыянэры, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, чыноўнікі і прадстаўнікі габрэйскіх суполак гораду. Таксама адмыслоўцы высьвятлялі, ці ня вырабленыя гэтыя лісты на абсталяваньні, канфіскаваным у праваабаронцы пасьля суду на карысьць дзяржавы. Паводле Леаніда Сьвеціка, экспэрты так і не змаглі даць адназначнага адказу, што лісты пісаў, друкаваў або рассылаў менавіта ён.

Касацыйныя скаргі ў вярхоўны суд накіравалі і сам былы падсудны, і ягоны адвакат Павал Сапелка. Леанід Сьвецік кажа, што ў сваёй скарзе ён зьвяртаў увагу суду вышэйшай інстанцыі на парушэньні працэсуальнага заканадаўства падчас судовага разьбіральніцтва.

Аднак калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду пакінула прысуд бязь зьменаў.

Паводле рашэньня судзьдзі, праваабаронца мусіць сплаціць агулам каля 34-х мільёнаў рублёў. Прыкладна столькі, згодна з афіцыйнымі дакумэнтамі, каштуе трохпакаёвая кватэра, у якой ён жыве з жонкай і двума непаўналетнімі дзецьмі. Прадаваць кватэру і пакідаць сям’ю літаральна на вуліцы Леанід Сьвецік ня можа, іншай маёмасьці ў яго няма. Тым ня менш цягам месяца пасьля таго, як ён атрымае паперы з Вярхоўнага суду, паўстане пытаньне пра выплату грошай. Калі штраф выплачаны ня будзе, Леаніду Сьвеціку пагражае пазбаўленьне волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG