Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Верасень 1939-га прынёс беларусам халодную зіму”


У “Званках на Свабоду” — роздум пра тое, чым стала 17 верасьня 1939 году для заходніх беларусаў, турботы сяброў грамадзкага аб’яднаньня ахвяраў палітычных рэпрэсій, працяг абмеркаваньня праблемы самагубстваў.

У зьвязку з пачаткам афіцыйнага візыту беларускага кіраўніка ў Літву мы атрымалі такі водгук:

Аляксандар Лапіцкі, прэзыдэнт Менскага аб’яднаньня ахвяр палітычных рэпрэсій: “Ахвяры палітычных рэпрэсій Менску пратэстуюць супраць намеру прэзыдэнта Далі Грыбаўскайце дазволіць Лукашэнку наведаць Літву і нават сустрэцца зь ёй. Дарэчы, 16 верасьня будзе гарадзкі суд, дзе стаіць пытаньне аб ліквідацыі нашага грамадзкага аб’яднаньня, бо мы адмовіліся прыбраць слова “прэзыдэнт” у назьве пасады кіраўніка арганізацыі”.

У цэнтры ўвагі нашых слухачоў і 70-годзьдзе далучэньня да БССР Заходняй Беларусі.

Спадар: “Усім беларусам трэба памятаць і ведаць! 17 верасьня 1939 году Заходняй Беларусі прынесла вызваленьне ад зямлі, свабоды, шчасьця чалавечага лёсу, падарыла халодную зіму і сталінскі тэрор”.

А зараз меркаваньне сьведкі падзеяў 1939 году — грамадзкага рэдактара тыдня, лекара Івана Данілава:

“39-ты прынёс рэпрэсіі: вельмі складаны лёс напаткаў многіх людзей. Бо дэпартацыя на Салаўкі і ў Сібір пачалася адразу па той восені. А ў 1940-м і 41-м толькі абароты набірала… А перад самай вайной пачаўся ўжо самы разгул чэкісцкага тэрору ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. Кажу зь веданьнем справы, таму што наша мясцовасьць была ўсяго за сем кілямэтраў ад украінскай мяжы”.

У мінулай перадачы мы далі падборку меркаваньняў наконт хвалі самагубстваў у краіне. Вось як зрэагаваў на яе спадар зь Віцебшчыны:

“Праблему самагубства нашы слухачы зьвязваюць з алькагалізацыяй, іншыя — напрыклад, Уладзімер Навагрудзкі — наадварот. Талачынскі раён займае першае месца па дзіцячых суіцыдах. І вось у нумары “Нашай Талачыншчыны” апублікаваны зьвесткі: раён выйшаў на першае месца і па алькагалізацыі. Мы выпілі за першага паўгоду 6,5 літра чыстага сьпірту ў разьліку на кожнага жыхара. У той час як у цэлым у краіне толькі 3,8 літра сьпірту на чалавека”.

І напрыканцы — водгук на цыкль, які вядзе на хвалях “Свабоды” Данчык.

Спадарыня Чаплінская: “У падзяку за верасень з Данчыкам хачу зачытаць верш Людмілы Багданец з палескай школы, напісаны ёй пасьля першага прыезду Багдана на радзіму.

Мы гутарку спынілі на паўслове,
І тата пакруціў бялявы вус.
На мілагучнай беларускай мове
Сьпяваў амэрыканскі беларус.

Нібы жаўрук над зарунелым полем,
Адолеўшы ў вясну нялёгкі шлях,
Сьпяваў так чыста, мякка, што міжволі
Заслухаліся людзі і зямля.

Сьпявай, Багдан, сьпявай, далёкі браце,
І ведай, што ад голасу твайго
Сьвяточна і прыгожа стала ў хаце
І вольна, як рацэ безь берагоў.

Хай абмінуць цябе ў жыцьці няўдачы,
Хай лёс твой не маркоціцца ў журбе.
За мову і за голас твой юначы,
За песьні шчыра дзякуем табе!”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG