Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ возьме імя Васіля Быкава?


У “Званках на Свабоду” слухачы працягваюць абмеркаваньне вынікаў зьезду Партыі БНФ, даюць парады новаму і папярэдняму кіраўніцтву арганізацыі, прапаноўваюць назваць яе імем Васіля Быкава. Сярод тэлефанаваньняў на іншыя тэмы — падрыхтоўка да ацяпляльнага сэзону, аналіз нашых перадач.

Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі слухачоў — зьезд Партыі БНФ, на якім адбылася замена кіраўніцтва Фронту: на месца Лявона Баршчэўскага абраны прадстаўнік маладой дэмакратычнай плыні Аляксей Янукевіч.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Віншую Аляксея Янукевіча зь яго абраньнем на пасаду старшыні партыі „Беларускі Народны Фронт“. Давайце і мы, дарагія радыёслухачы, парадуемся і падтрымаем сьмелых, маладых, самаахвярных змагароў за незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны! Жыве Беларусь!”

Зь незвычайнай ініцыятывай зьвяртаецца праз Радыё Свабода да кіраўніцтва і шараговых сяброў БНФ старшыня сталічнага грамадзкага аб’яднаньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Аляксандар Лапіцкі.

Аляксандар Лапіцкі: “Ахвяры палітычных рэпрэсій гораду Менску прапануюць Партыі БНФ узяць імя Васіля Быкава, які стаяў ля пачатку заснаваньня гэтай партыі. Рэйтынг партыі значна павысіцца. Усе астатнія дэмсілы мусяць узяць прыклад з Фронту, як трэба праводзіць выбары”.

А зараз — званкі з парадамі новаму і ранейшаму кіраўніцтву Партыі БНФ.

Cпадарыня: “Гарадзенцы віншуюць Аляксея зь перамогай! Будзь вытрыманы, разумны, стойкі. Калегі павінны быць вытрыманыя і ў любую хвіліну павінны дапамагчы малодшым. Мы не страўсіны статак, мы павінны рабіць усё з розумам. Асінавыя гнёзды на месцах даўно спарахнелі”.

Cпадар Цішкевіч, Салігорск: “Я хацеў бы павіншаваць Аляксея Янукевіча, пажадаць посьпехаў, здароўя, шчасьця, і каб вы працягвалі дэмакратычныя рэформы. А таксама Лявону Баршчэўскаму посьпехаў. Здароўя, шчасьця, дабрабыту, дапамагайце, дзяліцеся досьведам і г.д., каб далей пасьпяхова працавалі ў гэтым кірунку”.

Чарговую падборку тэлефанаваньняў на “Свабоду” камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня літаратарка Наталка Бабіна.

Наталка Бабіна
Наталка Бабіна: “Калі слухаеш па „Свабодзе“ ці чытаеш на яе форуме розныя эмацыйныя выказваньні, дзе, груба кажучы, адны коцяць бочкі на іншых, то мне ў гэтай сытуацыі падаецца вельмі цьвярозым, рацыянальным і правільным адказ Аляксея Янукевіча. Паводле яго — усё пакажа час і дакажуць справы. Прымірэньне двух пакаленьняў палітыкаў ня можа не адбыцца. Аднак не інакш менавіта, чым праз час, праз справы”.

Сярод званкоў на іншыя тэмы — падрыхтоўка да ацяпляльнага сэзону.

Спадар: “У інтэрнаце на сталічнай вуліцы Ваўпшасава рыхтуюцца да пачатку ацяпляльнага сэзону. 2 месяцы рэзалі батарэі, паўдому зрэзалі, новых батарэй практычна не завезьлі. Рабочыя ляпілі дах, пакуль былі дажджы… Чым яны займаліся — трасца ведае, але цярпяць людзі. Думаюць замарозіць, ці што?”

І напрыканцы — слухач Уладзімер Зьвернік папраўляе свабодаўцаў.

Уладзімер Зьвернік: “Са зьдзіўленьнем я пачуў, што ў знакамітай бітве пад Воршай у 1514 годзе Кастусь Астроскі перамог расейскія войскі. Паважаныя спадары, не было самой Расеі ў той час. Было Маскоўскае княства. Вось і хацелася б, каб дыктары „Свабоды“ вельмі асьцярожна абыходзіліся з гістарычнымі фактамі. Беларускім людзям і без таго шмат хто тлуміць галовы. З павагай, Уладзімер Зьвернік”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG