Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залатая доля “слугаў народу”


Грамадзкі рэдактар тыдня Наталка Бабіна даручыла карэспандэнтам “Свабоды” зазірнуць у элітны пасёлак Радужны, збудаваны адмыслова для вышэйшых беларускіх чыноўнікаў побач з рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах. Ці даспадобы падначаленым жыць пад бокам у суседа-прэзыдэнта? І чаму некаторыя падворкі дарагіх катэджаў зарасьлі бур’яном?

Жылы комплекс “Радужны” — малапавярховая забудова ў межах праспэкту Пераможцаў, праезду да лукашэнкавай рэзыдэнцыі Дразды і ўзьбярэжжа Сьвіслачы. Пяць гадоў таму з дабраславеньня Аляксандра Лукашэнкі тут пачаў паўставаць мясцовы Бэвэрлі Хілз — у атачэньні захаванай прыроды і ўдалечыні ад цікаўных позіркаў. Праўда, адрозна ад галівудзкага прататыпу, жывуць у VIP-пасёлку ня зоркі кіно, а чыноўнікі самага высокага рангу.

Яшчэ нядаўна паваротка з праспэкту Пераможцаў на Дразды было адным з пунктаў у прыпынках шлюбных картэжаў. Маладыя ахвотна фатаграфаваліся на тле невялічкіх каналаў з клюмбамі абапал. Тут жа біла крынічка, да якой па “лекавую ваду” зьяжджалася ці не паўгорада. Спадарыня Тацяна сюды таксама часьцяком прыходзіла, каб набраць чыстай вады. Аднак цяпер тут поўнае запусьценьне — ні крыніцы, ні імправізаваных каналаў. Падобна, слугі народу не захацелі, каб іх трывожылі чужынцы. Тады спадарыня Тацяна зрабіла экскурсію ў “рэзэрвацыю для эліты”. І нямала была зьдзіўленая адсутнасьцю прыкметаў жыцьця:

“Ня так ужо шмат месца адведзена на кожную пабудову, таму дамы хоць і 2-павярховыя, але ня вельмі вялікія, можа, мэтраў на 150. Ёсьць, канечне, і больш крутыя пасёлкі, і больш крутыя дамы. У гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, каштоўнае само месца, найбольш актуальнае для цяперашняй эліты… Але, што дзіўна, ніякага жыцьця там не адчуваецца. Абсалютна пустыя дамы, пустыя вуліцы. Бачыла толькі два дамы, дзе хтосьці жыве. Некаторыя двары зарасьлі бур’яном. Відавочна, што людзі будаваліся не дзеля таго, каб у гэтых дамах жыць, а каб укласьці нейкія грошы, бо месца знакавае. Магчыма, з мэтай потым прадаць, зарабіць капітал. А з улікам, што там ніхто не жыве, хутчэй за ўсё, дамоў, кватэраў у гаспадароў шмат. Прынамсі, гэта не апошняе іхняе жытло. І інфраструктуры ніякай, няма нават маленькіх крамак. Як і на вуліцах — ні дарослых, ні дзяцей, ні машын”.

Антураж “рэзэрвацыі” для абраных — безь лішняй сьціпласьці. З дазволу Менгарвыканкаму вуліцы катэджнага пасёлку атрымалі ў літаральным сэнсе каштоўныя назвы: Залатая, Срэбная, Алмазная, завулкі Ізумрудны, Агатавы і яшчэ раз Залаты. Што ні кажы, глыбокі дысананс з завулкам Казарменным ці Шпалерным.

Зрэшты, у такім выбары нічога дзіўнага: у адным з катэджаў прапісаўся колішні старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, які ў недвухсэнсоўных назвах, прапанаваных падначаленымі, ня ўбачыў нічога падазронага. Дый суседзі тагачаснага гораданачальніка асабліва не супраціўляліся. А сярод іх — людзі пераважна найвышэйшай вагавай катэгорыі: прэм’ер Сяргей Сідорскі, намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, экс-галоўны кантралёр, а цяпер амбасадар Анатоль Тозік, новасьпечаны акадэмік Міхаіл Мясьніковіч, былыя, але не сьпісаныя ў тыраж Віктар Шэйман, Генадзь Навіцкі, Урал Латыпаў. Экс-старшыня Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандар Вайтовіч таксама мог скласьці кампанію чыноўнікам, якія атабарыліся ў “Радужным”. Аднак кажа, што дагэтуль не разумее — якім чынам можна пабудавацца за заробак?

“Гэта было немагчыма пры маёй зарплаце. А калі браць крэдыт — дык тым больш немагчыма, таму што ў выніку будзе яшчэ даражэй. Так што я ўсё гэта добра пралічыў, лічыць умею, тым больш што арытмэтыка простая, не вышэйшая матэматыка. Немагчыма было пабудавацца”.

Карэспандэнт: “Але ж іншыя чыноўнікі пабудаваліся. І таксама былі на дзяржслужбе”.

“А вось гэтага я ня ведаю. Магчыма, у іх заробак быў нашмат большы, чым у мяне. Адкуль жа я ведаю, адкуль яны грошы бралі? Можа, па сваяках з шапкай хадзілі. Аднак на заробак старшыні Савету рэспублікі пабудаваць катэдж было немагчыма. А заробак, як я думаю, быў ня меншы, чым у міністраў ці іншых чыноўнікаў высокага рангу. А ўвогуле — дзіўна, што пабудаваліся і цяпер не жывуць. Чакаюць, калі можна будзе жыць спакойна? Яшчэ ці дачакаюцца, бо невядома, хто раней памрэ” (сьмяецца).

Фармальна ніякае будаўніцтва ў раёне кампактнага пасяленьня чынавенства весьціся не павінна. Яшчэ задоўга да рэалізацыі праекту ў гэтай частцы сталіцы плянавалася стварыць парк — паводле Генпляну Менску, занятая чыноўнікамі тэрыторыя праходзіць як ляндшафтна-рэкрэацыйная зона. Аднак пра які запаведнік можа ісьці гаворка, калі слугам народу няма дзе жыць!

Дарэчы, ня так даўно здабыткам галоснасьці стала праца нямецкага дасьледчыка Томаса Бона, які на падставе архіўных зьвестак высьветліў:
На месцы “Радужнага” колісь быў канцлягер, а пасьля вайны ў вызваленых бараках жылі бяздомныя.
на месцы “Радужнага” колісь быў канцлягер, а пасьля вайны ў вызваленых бараках жылі бяздомныя, якім у бальшыні сваёй не было куды падацца. Сытуацыю ўдакладняе гісторык Сяргей Харэўскі:

“Там у вайну быў канцлягер, дзе ўтрымліваліся габрэі і ваеннапалонныя, у прыватнасьці, італьянцы. Таму цяперашняя забудова стаіць літаральна на касьцях. Дык вось па вайне засталіся гэтыя баракі, і ў 1945-м людзі самапасам іх засялілі. Прыбудавалі да гэтых баракаў яшчэ і яшчэ. Дарэчы, шмат сярод самасёлаў было вэтэранаў. Вайскоўцы дэмабілізаваліся, дык што гаспадарцы прападаць? Пазасялялі, вялі там гаспадарку. Але фактычна атрымлівалася, што ўсе жылі без рэгістрацыі, без падаткаў, і гадоў дзесяць улады ня ведалі, як зь імі справіцца. У Томаса Бона ёсьць наконт гэтага свая тэрміналёгія — грамадзтва лятучага пяску, бо статус іх быў незразумелы: не прапісаныя, не зарэгістраваныя, ня ўлічаныя. Жылі там, а працавалі, падраблялі ў Менску”.

Цяперашняя сытуацыя з нацяжкай, але ў нечым падобная да паваеннай. Абсалютная бальшыня жыхароў менскага Бэвэрлі Хілз — так званая сталічная ліміта. Нарадзіліся ў вёсках, пачыналі ў калгасах, праз камсамольскія пуцёўкі трапілі ў раённыя ці абласныя цэнтры, а ўжо адтуль — у сталіцу. І вяртацца на малыя радзімы пасьля столькіх гадоў ці няма ахвоты, ці ўжо няма і да каго.

Тым часам чыноўніцкі гарадок імкліва разрастаецца. З розных канцоў будаўніцтва вядзецца практычна ўвесь час. Аматарка прамэнадаў па элітных раёнах спадарыня Тацяна робіць выснову, што дабрабыт чыноўнікаў ніяк не залежыць ад наступстваў усясьветнага фінансавага крызісу:

“Я так мяркую, што дамоў там ужо сотні. Там некалькі вуліцаў, яны даволі доўгія, і абапал будуюцца новыя катэджы. Думаю, што гэта яшчэ не канец гэтых элітных вуліцаў, бо працяг для іх ёсьць. То бок, даволі шмат збудаваньняў. І шмат дзівосаў. Скажам, назвы. Я б сказала, што яны проста вульгарныя, рэпрэзэнтуюць ня столькі архітэктуру, стыль гэтых дамоў, колькі густ іх жыхароў, густ тых, хто ўсё гэта будаваў, плянаваў. Выглядае, што наша цяперашняя беларуская эліта, на жаль, малаадукаваная, непісьменная, можна казаць. Але сустрэцца зь імі амаль немагчыма. Быць пастаянна пад кантролем — мяркую, нікога ня ўзрадуе такое напружанае жыцьцё, суседзтва невядома з кім. Ды не, канечне ж, вядома, з кім. Такое адчуваньне, што чыноўнікі інстынктыўна пазьбягаюць жыць у гэтым месцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG