Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў вёсцы пасяліўся чыноўнік – яе не зьнясуць?


Агляд недзяржаўнага друку 26 чэрвеня: “Наша Ніва”, “Народная Воля”, “Вольнае Глыбокае”, “Ганцавіцкі час”.

Газэта “Наша Ніва” распавядае пра суд над міліцыянтамі, якіх абвінавацілі ў справе “жывы шчыт”. Чытачам прапануюць не сухі рэпартаж з судовай залі, а цікавыя чалавечыя назіраньні. З кароткай публікацыі можна даведацца нават як былі апранутыя абвінавачаныя і пацярпелыя, як яны трымаліся, якія ў іх сем’і ды іншыя падрабязнасьці.
“Наша Ніва” прапануе чытачам гісторыю пра трагічныя падзеі, якія мелі месца ў парку Чалюскінцаў, тагачаснай лесапаласе на ўскрайку Менску напрыканцы 30-х гадоў. Як перапляталіся лёсы вартаўнікоў і арыштаваных? Чытайце ў артыкуле “Шпацыр па парку з пракурорам”.
“Народная Воля” высьвятляе, як будуць перасяляць жыхароў пасёлку Дружба, што ў мікрараёне Малінаўка, які плянуюць зруйнаваць, каб пачаць гарадзкое будаўніцтва. Марыя Эйсмант размаўляла з жыхарамі:
“Жыхары самі вымушаныя хадзіць да юрыстаў, даведвацца, якія яны маюць правы. Там ёсьць хаткі, якім ужо больш за 100 гадоў. Але ёсьць і сучасныя катэджы. Уладальніца аднаго з такіх дамоў сказала мне, што ў яе ня толькі дом прыватызаваны, але й зямля, на якой стаіць будынак. Адно спадзяваньне ў гэтых людзей на тое, што два гады таму ў вёсцы распачаў будаўніцтва чыноўнік Маскоўскага райвыканкаму. Жыхары вырашылі, што паколькі ён тут пачаў будаўніцтва, то, можа, ня ўсе дамы зьнясуць”.
Газэта “Вольнае Глыбокае” прапануе матэрыял пра вёску Вярхоўе. Там цудатворная крыніца, якая дапамагае тым, хто мае праблемы з вачыма. Недалёка ад яе стаяць два крыжы і каплічка, якая раней належала касьцёлу. На адным крыжы захавалася шыльда, якую ўсталяваў Дарыюш Гурэцкі, сэнатар Польскай Рэспублікі. На шыльдзе напісана, што тут была капліца роду Гінтаўтаў, і што пасьля паўстаньня 1863 году яе забрала праваслаўная царква. Захаваўся тэкст на польскай мове, а на беларускай менавіта гэтыя словы адарваныя. Чытайце пра лёс вёскі ў сьвежым нумары “Вольнага Глыбокага”.
Газэта “Ганцавіцкі час” надрукавала зварот суседкі вэтэранкі Другой сусьветнай вайны, якая ад 1942 да 1945 ваявала ў асобай маскоўскай зянітна-кулямётнай дывізіі. Суседка распавяла, што заўсёды напярэдадні 9 траўня да вэтэранкі прыходзяць прадстаўнікі розных установаў і запытваюць яе, ці патрэбная дапамога. Вось нарэшце сёлета вэтэранка адказала, што дах трэба рамантаваць, але яна непакоіцца, што комін над печкай разваліўся, і прасіла нешта зрабіць, каб не было пажару. Што адбылося далей – у новым нумары газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG