Шыльда Свабоды
Менск, вуліца Інтэрнацыянальная, 28, гатэль “Эўропа”
Менск, вуліца Інтэрнацыянальная, 28, гатэль “Эўропа”
Насупраць гэтага будынка 13 чэрвеня 1984 году адбылася першая ў найноўшай гісторыі акцыя пратэсту. 13 маладых людзей пікетавалі руйнаваньне помніка гісторыі і культуры Беларусі — будынка Менскага гарадзкога тэатру, у якім у 1852 годзе была пастаўлена першая беларуская опэра “Ідылія”. Усіх удзельнікаў пікету затрымалі.
У той час, калі сьцены гістарычнага будынка зарыпелі-застагналі пад моцнымі ўдарамі чыгуннай бабы, менскія студэнты, сябры “Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні” зьбіраліся ў Палацы прафсаюзаў на свае традыцыйныя сьпеўкі. Нічым не матываванае зьнішчэньне будынка, які прастаяў у самым цэнтры гораду 200 гадоў, “азначала для іх культурна-гістарычную катастрофу”. І яны пайшлі на адчайны і неверагодны для Беларусі таго часу ўчынак, апошняе, што можна было зрабіць.
Успамінае мовазнаўца, тады студэнт-філёляг Зьміцер Саўка:
“Мы сталі на сходкі, што цяпер насупраць гатэля “Эўропа”, і пачалі скандаваць “Руйнуюць помнікі гісторыі”. Хвілінаў, можа, дзесяць мы голасна выказвалі сваё незадавальненьне. А затым да нас пад’ехаў міліцэйскі “казёл”, зь якога выйшлі міліцыянты і пачалі выцягваць з нашай купкі па адным, па два чалавекі. Першага схапілі ці не Вінцука Вячорку і павалаклі ў аўтамабіль. Потым узяліся за іншых хлопцаў, дзяўчат пагрузілі апошнімі. Нас даставілі ў Цэнтральнае аддзяленьне міліцыі”.
Увечары таго ж дня невядомыя асобы расьпісалі патрыятычнымі лёзунгамі будынкі Савецкага райкаму камсамолу і КДБ у Менску. Адзін з галоўных лёзунгаў: “Хай жыве Беларусь!”
Бліжэй да ночы затрыманых пачалі выпускаць зь міліцыі. А затым пайшлі лісты ў рэктараты навучальных устаноў. Адбываліся разборкі, усім пагражала адлічэньне, але на радыкальныя захады супраць сваіх студэнтаў кіраўнікі ВНУ не пайшлі. Усе пратэстоўцы надалей засталіся пад пільным вокам КДБ. Тым першым досьведам палітычнага пратэсту яна ганарацца.
Мастак, тады студэнт архітэктуры Артур Клінаў:
“Той досьвед мяне зрабіў больш адкрытым для рэвалюцыі. Пасьля першага выпрабаваньня я быў больш гатовы да рэвалюцыйных зьменаў. Зрабіць наступны крок ужо было ня так страшна. І па сёньня я адчуваю гонар, што ўзяў удзел у той акцыі”.
Маладыя людзі, якія выйшлі на вуліцу з сваім шчырым абурэньнем, не ўсьведамлялі, што гэта была першая публічная акцыя пратэсту ў пасьляваеннай гісторыі краіны, якая засьведчыла, што моладзевы нацыянальны рух перайшоў ад культуралягічных акцыяў да адкрытай формы пратэсту.
Вось імёны ўдзельнікаў першага адкрытага палітычнага пратэсту ў найноўшай гісторыі Беларусі: Ларыса Сімаковіч, Вінцук Вячорка, Алена Клімковіч, Артур Клінаў, Алесь Костка, Віялета Кавалёва, Натальля Лазоўская, Марына Лычкоўская, Юлія Лыскова, Васіль Матусевіч, Ігар Міклашэвіч, Зьміцер Саўка.