Шыльда Свабоды
Менск, вуліца Дзімітрава, 3
Менск, вуліца Дзімітрава, 3
На гэтым месцы знаходзіўся будынак былой сынагогі, які з 1977 да 2001 году цалкам займалі мастацкія майстэрні. Гэта быў асяродак творчай інтэлігенцыі — архітэктараў нацыянальнага адраджэньня канца ХХ стагодзьдзя.
Прасторная і сьветлая майстэрня, у якой працавалі Марачкін і Маркавец, стала своеасаблівым дысыдэнцкім клюбам, дзе адбываліся неафіцыйныя выставы і канфэрэнцыі. Там мастакі разгортвалі экспазыцыі да юбілеяў Міколы Гусоўскага, Язэпа Драздовіча, Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Упершыню там адбылася прэзэнтацыя апальнага мастака, нонканфарміста Тодара Копшы. Там дыскутавалася беларускасьць Казімера Малевіча. Там абмяркоўвалі ідэю стварэньня Беларускага народнага фронту, а пасьля і рыхтавалі аздабленьне мітынгаў і шэсьцяў БНФ.
У дом на Дзімітрава прыходзілі мастакі Яўген Кулік, Пётра Драчоў, мастацтвазнаўцы Міхась Раманюк і Зянон Пазьняк, пісьменьнікі Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч, Алесь Разанаў, Рыгор Барадулін, гісторыкі Мікола Ермаловіч і Міхась Чарняўскі, філёзаф Уладзімер Конан. Панавала атмасфэра нонканфармізму, — успамінае Аляксей Марачкін:
“Я памятаю, як заходзіў да нас Караткевіч. Заўсёды прынцыповы Яўген Кулік, гледзячы на працы Алеся Шатэрніка, крытыкаваў, што ён яшчэ не дарос да таго, каб паставіць помнік Рагнедзе ў Заслаўі, што трэба дарасьці і ўсьвядоміць, што ты робіш. Слухаў гэта Караткевіч, а пасьля кажа: “Хлопцы, мы ўсё чакаем, ці дарасьцем мы, ці не, а тым часам нейкі прыблуда прыедзе з далёкіх краёў, не зьвязаных зь Беларусьсю, і тут жа нам паставіць, а мы будзем пляскаць у ладкі”.
Натуральна, ля дысыдэнцкага дома рэгулярна пасьвіліся міліцыянты і невядомыя людзі ў цывільным. Але да затрыманьняў не даходзіла. Калі пры канцы 1990-х гадоў пачалі руйнаваць стары Менск, сярод першых кандыдатураў на знос быў асяродак вольных творцаў — дом на Дзімітрава. Тады, — кажа Віктар Маркавец, — мастакі прапанавалі вярнуць яго габрэйскай грамадзе і такім чынам захаваць для гісторыі:
“Але, на жаль, нам, як і нікому, гэта не ўдалося. На знак разьвітаньня ў гэтай майстэрні, ужо ў пустым, закінутым будынку мы з Алесем Разанавым наладзілі нашу апошнюю выставу”.
Гэта было 25 сакавіка 2000 году. У наступным годзе будынак, у якім сфармаваўся касьцяк будучай мастакоўскай суполкі “Пагоня”, зьнесьлі.