Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багатых лепей відаць і з Космасу


Амэрыканскі прафэсар лічыць, што Беларусь фальсыфікуе дадзеныя пра свой валавы ўнутраны прадукт, і то ня менш, чым на адсоткаў 200. А выкрыць гэтую фальсыфікацыю яму дапамагаюць сатэліты.


Недзе ў канцы 1960-х ці на пачатку 1970-х па сацлягеры хадзілі чуткі, што амэрыканскія шпіёнскія сатэліты робяць здымкі з такой распазнавальнай здольнасьцю, якая дазваляе чытаць загалоўкі ў савецкай газэце, разгорнутай у дзённым сьвятле на Чырвонай плошчы ў Маскве. Колькі я потым ні стараўся праверыць гэтыя чуткі і знайсьці хоць адзін такі здымак, мне гэта не ўдалося. Мабыць, гэта толькі легенда.

Але каб нешта ўбачыць на Зямлі з Космасу, не абавязкова глядзець днём і скарыстоўваць аб’ектывы і тэлескопы з максымальнай распазнавальнай здольнасьцю.

Вось прафэсар Дэйвід Уэйл з Унівэрсытэту Браўна ў ЗША вывучае сатэлітныя здымкі начной Зямлі. Так бы мовіць, ён глядзіць, дзе сьвецяць электрычныя лямпачкі, а дзе не. І робіць высновы, дзе людзям жывецца лепей, а дзе не зусім каб добра.

Сувязь паміж сьвятлом і багацьцем, паводле прафэсара, даволі простая.

„Калі людзі багацеюць, у іх зьяўляюцца грошы на сьвятло і яны патрабуюць больш сьвятла. Мы таксама ведаем, што калі яны багацеюць, яны патрабуюць інфраструктуру для электрычнасьці, ня толькі для асьвятленьня, але і для тэлевізараў, радыёпрыймачоў, лядоўняў і ўсяго такога. І мы бачым, што калі людзі багацеюць, яны робяцца больш актыўнымі ўначы, яны езьдзяць аўтамашынамі, яны запальваюць вулічнае сьвятло і так далей. Ва ўсіх гэтых выпадках колькасьць сьвятла, якую спажываюць людзі, зьяўляецца паказьнікам іхнага багацьця” — так прафэсар Уэйл растлумачыў нашаму радыё сутнасьць сваёй навуковай ідэі, якую ён скарыстоўвае ў сваіх эканамічных памерах.

Бо прафэсар Уэйл правярае, ці ня лгуць урады ў афіцыйных эканамічных статыстыках.

Вось прыведзеныя вышэй два сатэлітныя здымкі ладнага кавалка Эўропы былі зробленыя з часавым прамежкам у 10 гадоў (1992 і 2002).


Са здымкаў відаць, кажа Ўэйл, што Вугоршчына, Польшча і Румынія ня лгалі, калі заяўлялі, што іхны ВУП у гэтым дзесяцігодзьдзі вырас (у 2002 годзе ў іх мацней сьвяцілася, чым у 1992). А ва Ўкраіне, згодна з афіцыйнай статыстыкай, пагоршала — у 1992 там мацней сьвяцілі, чым у 2002.

А вось Беларусь, Уэйл не сумняваецца, лгала. Паводле афіцыйнай статыстыкі, ВУП у Беларусі ўзрастаў у той дэкадзе ў сярэднім 1,6 адсотка ў год. Паводле сьветлавога аналізу Ўэйла, насамрэч ВУП у Беларусі тады ня мог расьці хутчэй, чым 0,6 адсотка ў год.

Выснова якая? Пакуль беларускі ўрад не запусьціць сваёй Белкі на арбіту, нават старшыня найбольш задрыпанага раёну можа пускаць Міністэрству статыстыкі і аналізу ў Менску дым у вочы, дакладваючы аб якіх заўгодна эканамічных посьпехах. Бо зь верталёта, як ні парадаксальна, відаць значна меней, чым з сатэліта на арбіце.

Дзе ў Эўропе найбольшая цемра ў сатэлітна-эканамічным сэнсе? Аляксандар Лукашук, які падобныя мапы-здымкі бачыў у Каліфорніі ў 2000 годзе, кажа, што на беларуска-украінскім памежжы, на Палесьсі. „На тысячу квадратных кілямэтраў хоць вока выкалі”, — напісаў Лукашук у сваім лісьце з Каліфорніі.

Магчыма, на Палесьсі ВУП ня толькі што не ўзрастае, але і наогул ня вырас...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG