На прадпрыемствах Беларусі завяршаецца час масавых адпачынкаў. Літаральна ўчора кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі абнадзеіў працоўных — ён заявіў, што ў летнія месяцы адбылося істотнае скарачэньне залежаў гатовай прадукцыі. “Скарачэньне запасаў забясьпечылі практычна ўсе прамысловыя міністэрствы і канцэрны”, — удакладніў прэм’ер-міністар.
Мы паспрабавалі высьветліць, як ідуць справы насамрэч, ці маюць працу людзі на прадпрыемствах у рэгіёнах.
Гомель
Пятніца — выходны дзень на “Гомсельмашы”Гомельскі завод ліцьця і нармаляў вытворчага аб’яднаньня “Гомсельмаш” —адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі. Ён спэцыялізуецца на вытворчасьці кукурузных і травяных жняярак, глебаапрацоўчай тэхнікі, збожжавых жняярак. Агульная колькасьць працаўнікоў — 5,5 тысячы. Але сёньня завод прастойвае.
“Цягам месяцу з-за прастояў у пятніцы я страчваю 240 тысяч рублёў. І так будзе да лістапада”
Апавядае рабочы, спадар Уладзімер:
“Сказаў начальнік цэху чатыры дні працаваць: панядзелак, аўторак, сераду й чацьвер. Пятніца — выходны. Завод “Кармаш”гэтаксама працуе. Генэральны дырэктар Жмайлік так вырашыў, ці хто яшчэ, я ня ведаю. Можа, нават Саўмін. Афіцыйна кажуць — дзеля эканоміі электраэнэргіі. Папярэдзілі, што так будзе да лістапада. Мне цяпер 60 тысяч рублёў за дзень плацяць. Цягам месяца — мінус чатыры дні. Лічыце, я страчваю 240, і гэтыя грошы мне ніхто ня верне, бо ў пятніцу нават не пушчаюць на тэрыторыю заводу”.
У крызіс эканомяць фонд зарплаты.
У адміністрацыі заводу няма ахвотных камэнтаваць крызісную сытуацыю. А з гутарак не для запісу вынікае, што пасьля жніва попыт на сельгастэхніку ўпаў, і цяпер нявыгадна актыўна працаваць на склад.
На Гомельскім зьменшылі даплаты за стаж
На Гомельскім вагонарамонтным заводзе працоўны тыдзень не скарачалі. Пайшлі іншым шляхам — зьменшылі даплаты за стаж працы. Такім чынам у крызіс эканомяць фонд зарплаты. Гаворыць адзін са старэйшых рабочых вагонарамонтнага:
“За стаж, за выслугу зьнялі даплату на 50 адсоткаў. Праз гэта прыкладна 150—200 тысяч рублёў страціў свайго заробку за месяц”.
Гомельскія вагонарамонтнікі спадзяюцца на стварэньне сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства па аднаўленьні пасажырскіх вагонаў.
“Размовы ідуць, што хутка ўсё вернуць назад. Прадукцыя пойдзе, вагоны пойдуць — і ўсё будзе нармальна. Вагоны будзе Ўкраіна даваць, а мы іх будзем рамантаваць”, — патлумачыў тамтэйшы сьлесар, спадар Аляксей.
Магілёўшчына
На прадпрыемствах рэгіёну скасоўваць сацыяльныя выплаты й льготы
З-за скарачэньня заробкаў працягвае зьмяншацца пакупніцкая актыўнасьць насельніцтва, людзі змушаныя эканоміць. Падзеньне пакупніцкай актыўнасьці першымі адчулі прадпрымальнікі. Іх выручка ў параўнаньні зь мінулым годам зьменшылася амаль напалову.
“У гэтым годзе бацькі ледзь апранулі сваіх дзяцей у школу. Тыя, хто гандляваў школьнай формай, гэта дужа адчулі. Значыць, у людзей грошай няма. Набываецца самае неабходнае. Многія яшчэ не атрымалі заробкі. Прадпрыемствы стаяць, працуюць па тры дні.
Прадпрыемствы стаяць, працуюць па тры дні.
Чарговы банкрут — Бабруйскі камбінат нятканых матэрыялаў
Сытуацыя ў эканоміцы Бабруйску — нестабільная. На вялікіх прадпрыемствах заробкі стараюцца выплачваць у час, каб не злаваць калектыў. На малых жа ўсё наадварот. На камбінаце нятканых матэрыялаў заробак выплацілі толькі 31 жніўня:
“Наш камбінат знаходзіцца ў санацыі. Гэта практычна ідзе пытаньне банкруцтва. Калісьці ў СССР гэты камбінат быў на вышыні. Забясьпечвалася прадпрыемства нармальна, і запыты ішлі з усяго Саюзу. А цяпер нам цяжка”, — тлумачыць сытуацыю прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.
Паводле суразмоўцы, на камбінаце працуе трыста чалавек, у асноўным жанчыны. Сярэдні заробак тут крыху большы за трыста тысяч рублёў.
У абласным аб’яднаньні афіцыйных прафсаюзаў ведаюць пра сытуацыю на бабруйскім камбінаце. Паводле аднаго з прафсаюзных функцыянэраў, такое прадпрыемства ў рэгіёне не адзінае.
“Там зь цяжкасьцю выплачваецца заробак. Усё тое, што закладзена ў калектыўных дамовах, я маю на ўвазе дадатковыя сацыяльныя льготы й выплаты з-за цяжкіх сытуацыяў — вось гэтыя льготы прыпыненыя”.
Незалежны прафсаюз дапамог людзям вярнуць нявыплачаныя заробкі
Іншую карціну бачаць у незалежным прафсаюзе радыёэлектроннай прамысловасьці. Яго супрацоўнік Андрэй Дзьвігун адзначае павелічэньне колькасьці скаргаў працаўнікоў на адміністрацыю прадпрыемстваў:
“Як мінімум да нас цяпер зьвяртаюцца да трыццаці чалавек за месяц. У гэтых зваротах людзі шукаюць дадатковую крыніцу папаўненьня грашовых прыбыткаў. Некаторыя нават узгадалі, што іх незаконна звольнілі тры месяцы таму, і зараз нешта спрабуюць спагнаць. Нават аднавіцца на працы. За паўгода мы вярнулі людзям дзесяць мільёнаў рублёў. Гэта паказьнік усёй гадавой працы 2008 году”.
Берасьцейшчына
Кантралёры забараняюць імпартныя тавары, патрабуюць купляць беларускае
Беларускія чыноўнікі лічаць, што разгрузіць склады ад залежаў дапамогуць таксама забароны на імпарт. Менавіта пра такі прыклад у Берасьці паведамляе Ўладзімер Глод.
Зь берасьцейскай базы “Белбакалея”, дзе купляюць прадукты для сваіх шапікаў, крамак, павільёнаў прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу, зьніклі расейскія ласункі. І пра канфліктную сытуацыю “Свабодзе” паведаміў тамтэйшы прадпрымальнік Уладзімер Катрыч:
Беларускія чыноўнікі лічаць, што разгрузіць склады ад залежаў дапамогуць таксама забароны на імпарт.
“Я прыехаў на базу і быў зьдзіўлены тым, што з паліц-вітрын зьніклі расейскія ласункі: “Марсы”, “Сьнікерсы”, “Баўнці”, “Твіксы”, “Чупа-чупсы”, розныя жуйныя цукеркі, чакаляд, увесь расейскі асартымэнт. Я спытаўся ў загадчыка складу: чаму няма расейскіх тавараў? Ён адказаў: учора прыяжджалі дзяржаўныя кантралёры і далі загад зьняць расейскія тавары зь вітрын”.
Прадпрымальнік даводзіць, што ён і ягоныя калегі цяпер ня маюць магчымасьці набываць тут гэты асартымэнт. Ім раяць закупляць беларускае. Але спадар Катрыч цьвердзіць, што пакуль гэта немагчыма:
“Замены гэтаму тавару няма. Беларускія вытворцы ня могуць зрабіць замену. Няма тавару ў Беларусі, які б замяніў такія гранды, як “Марс”, “Сьнікерс”, “Баўнці”...”
У Міністэрстве гандлю Беларусі “Свабодзе” паведамілі, што з Саўміну атрымалі рэкамэндацыі павялічыць абавязковую долю беларускай прадукцыі на паліцах крамаў: харчовых — сама менш да 90%, нехарчовых — да 70%. У адпаведнасьці з гэтымі патрабаваньнямі Мінгандаль зацьвердзіць на будучым тыдні абавязковы асартымэнтны пералік для крамаў у Менску і ў рэгіёнах.