На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць журналіст, старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, былы намесьнік старшыні Менаблвыканкаму па сельскай гаспадарцы Аляксандар Ярашук і публіцыст Анатоль Гуляеў.
Многія сродкі не спрацавалі, бо ўкладаліся ў безгаспадарчасьць
Цыганкоў: “На гэты момант, калі масавая ўборка збожжа скончылася на 97 працэнтах плошчаў, ураджай склаў амаль 8,3 мільёна тонаў. Ці можна назваць гэтую лічбу пасьпяховай? Ці дае яна падставы казаць, што назіраецца нейкі прагрэс у эфэктыўнасьці беларускай сельскай гаспадарцы?”
Ярашук: “Можна зрабіць выснову, што ўраджай наагул нядрэнны. Трошкі ніжэйшы за леташні — тады было 8,6, цяпер 8,3 мільёна. Калі мець на ўвазе, што былі пэўныя складанасьці з надвор’ем і сеялі падчас эканамічнага крызісу — то відавочна, што гэта ня самы кепскі ўраджай. Такім чынам, працягваецца традыцыя апошніх гадоў, калі зьбіраюцца даволі высокія ўраджаі”.
Цыганкоў: “Ці азначае гэта, што варта пагадзіцца зь меркаваньнем Аляксандра Лукашэнкі, які заяўляе, што тыя шматлікія сродкі, якія ўліваліся апошнія гады ў сельскую гаспадарку, нарэшце далі свой плён?”
Ярашук: “Пэўным чынам пагадзіцца можна. Бо ўсе апошнія гады сур’ёзныя сродкі ўкладаліся ў сельскагаспадарчую галіну — дзесьці каля 4 мільярдаў даляраў. Вядома, пэўны плён гэта прынесла.
Іншая справа, ці апраўдаліся гэтыя сродкі з пункту гледжаньня эфэктыўнасьці? І тут адказ будзе больш складаным. Укладзена шмат — на 1 га па 200 даляраў (дарэчы, у Эўразьвязе гэтая лічба — каля 550 даляраў). Але галоўнае ў тым, што вельмі часта мы ўкладалі не ў эфэктыўнасьць, а наадварот, у безгаспадарчасьць. Значная частка гэтых сродкаў не спрацавала”.
Вынікі крызісу: крамольныя думкі пра ўласнасьць — ужо не крамольныя
Цыганкоў: “Што можа здарыцца зь беларускай сельскай гаспадаркай, зь яе вынікамі, з ураджаямі, калі ва ўмовах крызісу дзяржава ўжо ня здолее ўкладаць такія вялікія сумы ў яе разьвіцьцё?”
Гуляеў: “Мне здаецца, дзяржава адназначна ўжо ня здолее болей укладаць у гэтую галіну такія грошы. Калі раней зь міністэрстваў камандавалі — бярыце крэдыты і давайце грошы людзям, то цяпер сытуацыя выглядае зусім інакш: “як хочаце, так і разьбірайцеся”. Крэдыты яшчэ даюць, але ўжо ўсё стала больш складана.
З пункту гледжаньня эфэктыўнасьці я пагаджуся з тым, што казаў спадар Ярашук — грошы ўкладаліся вялізныя, і яны прынесьлі пэўны плён, варта толькі глянуць на палі, на якіх працуе выдатная эўрапейская тэхніка. Але часта гэтыя грошы ўкладаліся проста ў безгаспадарчасьць”.
Цыганкоў: “Часта кажуць, што рэформы пачынаюцца там, дзе заканчваюцца грошы. За гэтыя гады вонкавая сытуацыя дазваляла ўладам шмат укідаць у сельскую гаспадарку. Ці не замацавалася ў іх думка, што ніякіх рэформаў і пераменаў у гэтай сфэры і не патрэбна? Ці — калі грошай стала менш, зьявілася разуменьне, што і тут варта нешта рабіць?”
Гуляеў: “Усё болей размоваў наконт таго, што “давайце, прадпрыемствы хай купляе, хто можа”, “хай калгасы забіраюць па мінімальным кошце тыя, хто пажадае”, і гэтай далей. Яшчэ 5—7 гадоў таму крамольная думка наконт прыватнай уласнасьці ўжо крамольнай не зьяўляецца, і ўсё больш гэтая ідэя ўсталёўваецца ў сельскай гаспадарцы”.
Ярашук: “Прадоўжу думку наконт таго, што рэформы пачынаюцца там, дзе заканчваюцца грошы. У нашай улады ёсьць спадзяваньні, што гэтыя грошы ніколі ня скончацца. Былі расейскія, зараз, маўляў, будзе МВФ даваць. З гэтага пункту гледжаньня я ня бачу прыкметаў таго, каб беларускія ўлады былі гатовыя да рэфармаваньня сельскай гаспадаркі. Дарэчы, як і да прыватызацыі”.
Цыганкоў: “Урад абяцаў МВФ прыватызацыю на пачатку наступнага году”.
Ярашук: “Дажывем — і будзем мець магчымасьць гаварыць пра тое, што і МВФ расчараваўся ў Беларусі. На маю думку, ня будзе ані прыватызацыі, ані рашучых крокаў па рэфармаваньні сельскай гаспадаркі. Але ў тым выглядзе, у якім яна існуе — яна ёсьць канкрэтнай пагрозай для эканомікі: гэта неканкурэнтаздольнасьць галіны і высокія цэны на харчаваньне. Можна толькі шкадаваць, што Беларусь марнуе час”.
“Няма ніякай матывацыі ў людзей працаваць лепш”
Цыганкоў: “Ці ўплываюць на жыцьцё сялянаў тыя вялізныя капіталаўкладаньні, якія ўліваюцца ў сельскую гаспадарку? БТ часта паказвае камбайнэраў, якія атрымліваюць мільёны рублёў на жніве і могуць купіць аўтамабіль пасьля яго заканчэньня...”
Гуляеў: “Ёсьць такія камбайнэры, ёсьць такія заробкі. Аднак камбайнэр гэтак працуе толькі некалькі тыдняў у год. Трэба памятаць, што, паводле афіцыйнай статыстыкі, у сельскай гаспадарцы грашовыя даходы сёлета склалі 648 тысячаў рублёў — менш, чым у любой іншай галіне. Узімку шмат дзе заробкі мэханізатара складаюць 120, 150, 170 тысяч рублёў”.
Ярашук: “Нават тыя гаспадаркі, якія сёньня на слыху, вядомыя на па ўсёй краіне дзякуючы сваім паказьнікам — маюць узровень заробкаў людзей такі самы, як і ў самым дабітым калгасе. І гэтым усё сказана — няма ніякай матывацыі ў людзей працаваць лепш, таму няма і эфэктыўнасьці. У свой час, гадоў 20 таму, Васіль Старавойтаў сказаў, што няма такой сілы, якая можа прымусіць людзей працаваць у калгасе эфэктыўна. За гэты час нічога не зьмянілася”.