Гэта двухмесячны аб’ём вытворчасьці прадпрыемства. Кіраўніцтва прызнае, што вырабленая прадукцыя — неканкурэнтаздольная.
Бабруйскае прадпрыемства выцясьняюць з замежных рынкаў усясьветна вядомыя вытворцы шын — такія, напрыклад, як “Брыджстоўн” і “Мішлен”. Іх прадукцыя таньнейшая і больш якасная:
“Мы не вытрымліваем канкурэнцыі з гэтым вытворцамі, бо яны асвоілі гэтую вытворчасьць даўно. У іх навука сур’ёзная працуе. Мы гэта ўсё стваралі самі, бо нам усе ў гэтым адмовілі, і навукі ў нас, па сутнасьці, ніякай няма”, — цытуюць афіцыйныя крыніцы намесьніка генэральнага дырэктара прадпрыемства Івана Сеўрука.
Каля паловы незапатрабаванай прадукцыі — гэта буйнагабарытныя шыны. Раней іх набывалі замежныя прадпрыемствы горназдабыўной прамысловасьці з Аўстраліі, Канады, Бразыліі. Цяпер там крызіс, і аб’ёмы продажу ўпалі на траціну.
Бабруйскі гігант, нягледзячы на затаваранасьць складоў, надалей працуе ў звычайным рэжыме, у тры зьмены. Гаворыць адзін з работнікаў прадпрыемства Міхаіл:
“Робім шмат. Усе плошчы вольныя займаюцца пакрышкамі. Усіх памераў. Народ хвалюецца, што вось-вось прадпрыемства стане. Размовы ідуць, што ў верасьні адбудзецца каляпс, ці нешта такое. Многія баяцца, што працы ня будзе, і гэта адчуваецца. Заробкі замарожаныя — гэта адназначна”.
Працоўныя прызнаюць, што на заробкі ім скардзіцца не выпадае, бо яны атрымліваюць да мільёна й болей рублёў. Гэта значна вышэй за сярэдні гарадзкі заробак, які не дацягвае й да дзевяцісот тысяч.
“Як у нас кажуць: “Праца ёсьць — абы плацілі”. Нам да ліхтара, куды гэтая прадукцыя ідзе, на склад ці яшчэ куды. Аднак у такім разе мы ў тупік ідзем. Я так разумею: вырабілі прадукцыю — прадалі. А калі не прадалі, то грошай няма, абароту. Так мы прыкоцімся куды-небудзь урэшце. Стаіць жа ўжо “МАЗ”, “МТЗ” “БелАЗ”, — мяркуе яшчэ адзін работнік прадпрыемства, Сяргей.
Куды прыкоціць прадпрыемства, шматтысячнаму калектыву пакуль ня кажуць. Застаецца адкрытым пытаньне й пра тое, як зьбіраецца кіраўніцтва вырашаць праблему затаваранасьці складу. Вядома, што кіраўніцтву “Белшыны” пастаўленая задача да кастрычніка разгрузіць склад на 50 мільярдаў рублёў.
Эканаміст Пётар Мігурскі не выключае, што бліжэйшым часам “Белшына” спыніць вытворчасьць з-за адсутнасьці попыту на прадукцыю.
“Калі ёсьць магчымасьць прадаць “Белшыну”, то трэба яе прадаваць. Магчыма, што заўтра прадукцыя гэтая наагул нікому ня будзе патрэбная. Канечне, там ёсьць эксклюзіўныя вытворчасьці, але праблемаў “Белшыны” гэтыя асобныя лякальныя вытворчасьці ня вырашаць”.