Прыканцы жніўня ў Белавежы праходзіў Міжнародны мастацкі пленэр, прымеркаваны да 600-годзьдзя пушчы, у якім узялі ўдзел паўтара дзясятка творцаў зь Беларусі і Польшчы. Інфармацыйную падтрымку мастакам аказваў эколяг Валеры Дранчук. Аднак за дзень да заканчэньня пленэру ён быў у прымусовым парадку выселены з гатэлю ў Камянюках і выстаўлены за межы ахоўнай зоны. Што стаіць за гэткімі брутальнымі дзеяньнямі адміністрацыі запаведніка? Сёньня Валеры Дранчук – госьць “Вольнай студыі”.
Міхась Скобла: “Спадар Валеры, за што вас, вядомага эколяга, колішняга рэдактара і выдаўца газэты “Белавеская пушча”, чалавека, які ўжо шмат гадоў займаецца праблемамі пушчы, змусілі пакінуць яе тэрыторыю?”
Валеры Дранчук: “Я і сам дагэтуль дакладна ня ведаю, за што канкрэтна мяне змусілі пакінуць пушчу. Калі мяне высялялі з гатэлю, выганялі за шлягбаўм, сьведкамі гэтага былі супрацоўнікі парку, госьці Белавескай пушчы, тыя самыя мастакі, што прыехалі на пленэр. Калі я апынуўся за шлягбаўмам, то сустрэў свайго знаёмца, які адпрацаваў больш за сорак гадоў у пушчы. Яму ўжо 84 гады, мы павіталіся хораша, паразмаўлялі. Я яму расказаў пра тое, што са мной толькі што адбылося. І спытаўся: як вы думаеце, за што мяне дэпартавалі, за што начальства мяне выгнала з пушчы? Мой знаёмец нядоўга думаў: “За тое, што вы пішаце праўду! Вы прыяжджаеце ў пушчу, бачыце, што тут робіцца, і стараецеся данесьці ўбачанае да шырокай грамадзскасьці”. Скажу шчыра, гэтым разам я адчуваў сябе ў пушчы на цалкам легальным становішчы, там праходзіў арганізаваны па ўсіх правілах плэнэр, і мастакі папрасілі мяне прыехаць. Але адміністрацыя запатрабавала ў мяне акрэдытацыю”.
Скобла: “У пушчы бываюць дзясяткі тысяч людзей, найперш турыстаў, і ніхто ў іх не пытае нейкай адмысловай акрэдытацыі. А хто вас там павінен быў акрэдытоўваць? Ці ёсьць у пушчы адпаведная служба?”
Дранчук: “Там ёсьць службы, якія ведаюць два словы – “пушчаць” і “не пушчаць”. І гэтыя словы гаворацца там ці не на кожнай ранішняй плянёрцы. Каго хочуць – пускаюць, а каго ня хочуць – не пускаюць. Сёньня там вядзецца грандыёзнае будаўніцтва ў сувязі з 600-годзьдзем пушчы. Там чакаюцца высокія госьці, міжнародныя дэлегацыі, шмат людзей запрошана. У верасьні мае адбыцца навукова-практычная канфэрэнцыя, куды зьбяруць, відаць, ляяльных навукоўцаў. І ўрэшце, у пушчу, на гэтак званае сьвяткаваньне, мае прыехаць Аляксандар Лукашэнка”.
Скобла: “На вашых здымках, зробленых у пушчы, – экскаватары, скрэпэры, бульдозэры… А што канкрэтна там будуецца?
Дранчук: “Гэта не будаўніцтва, а зьнішчэньне запаведнай прасторы, якой зьяўляецца Белавеская пушча. Там будуецца перш-наперш вялікі рэстаран, які ўжо падабраў пад сябе былы Музэй прыроды. А музэй ствараўся пачынаючы з 60-х гадоў, па крупіначцы, зьбіраўся пакаленьнямі супрацоўнікаў. Новы музэй прыроды таксама будуецца, але маю такое адчуваньне, што прырода ў ім будзе вельмі прыгнечанай. Я пахадзіў, паглядзеў, якія там будуць экспазыцыі – работа ідзе поўнай хадой. І што там плянуецца? Тыя самыя імітацыі. Калі мы маем цэлую жывую пушчу, то навошта ствараць вялікія дыярамы, каб паказваць яе жывёльны і расьлінны сьвет у чатырох сьценах? А ў будучым музэі ўсё арыентавана менавіта на гэта. І яшчэ, гэта немагчыма не заўважыць, у пушчы назіраецца пераарыентацыя на паляўнічы турызм, на царскія паляваньні”.
Скобла: “У часы Расейскай імпэрыі ў Белавескай пушчы былі ўзьведзеныя ці ня самыя ганебныя збудаваньні – расстрэльныя вышкі, зь якіх вёўся агонь па зьвярах. А хто сёньня палюе ў пушчы і на якіх умовах?”
Дранчук: “І старыя расстрэльныя вышкі дзейнічаюць, і новыя будуюцца. Мяне, дарэчы, да адной з такіх вышак непадалёку ад вёскі Жаркаўшчына (гэта Сьвіслацкі раён, далекавата ад адміністрацыйнага цэнтру) завялі дзеці. Мяне зьдзівіла, што дзеці спакойна гуляюць на гэтых дзялянках лесу, прызначаных для забойства. Паблізу такой вышкі рассыпаецца зерне ці іншая прынада, на якую рэагуюць зьвяры: дзікі, алені, ласі, казулі. Яны падыходзяць да кармушкі, а на вышцы сядзіць паляўнічы, і ён з акенца, як па мішэні ў ціры, страляе. Падкрэсьліваю, гэта не паляваньне, гэта проста стральба ў ціры. А яшчэ я там бачыў такое збудаваньне: клетка, агароджаная плоцікам. Там таксама прынада, і калі туды памкнецца зьвер, ён парушыць падвешаную браму, брама зачыніцца – і ён аказваецца у клетцы, ня можа ўцячы. І па ім таксама можна страляць! Усё гэта зроблена такім чынам, каб промахаў не было. Каб паляўнічыя зь Нямеччыны, Францыі, Расеі (асабліва расейцаў прыяжджае многа) патрацілі няшмат часу і ўзялі з пушчы тое, па што прыехалі: клыкі дзіка, рогі аленя, галаву зубра…”
Скобла: “Гадоў пяць таму Белавескую пушчу актыўна высякалі. Я на свае вочы бачыў гружаныя драўнінай лесавозы на прапускным пункце ў Камянюках. Ці спынены гэты пушчапавал сёньня?”
Дранчук: “Ня спынены. Мала таго, ужо каторы год зьверху спускаюцца дырэктыўныя пляны: высекчы столькі і столькі. Уявіце сабе, што ўвесь пушчанскі люд заняты на лесапавале. Не на ахове, а на высечцы! Гэта недапушчальна з пункту гледжаньня статусу Нацыянальнага парку. Таму што ў Нацыянальным парку дапускаецца нейкім апошнім радком заканадаўства традыцыйная гаспадарчая дзейнасьць, але яна ніякім чынам не павінна супярэчыць прыродаахове! У апошні свой дзень у пушчы я раніцай сеў на ровар, узяўшы яго ў пракатным пункце, і паехаў па спэцыяльна адведзенай для турыстаў дарожцы. Дык вось, за 45 хвілінаў мяне абагнала дзесьці каля 20 адзінак тэхнікі: трактары, цяжкавагавыя аўтамабілі, гружаныя драўнінай прычэпы. У сядле ровара я адчуў сябе турыстам з фотаапаратам, які хоча здымаць зьвяроў, птушак, верас, які зацьвіў лілёвым, незвычайна прыгожым колерам… І раптам – гэтыя чадныя гружаныя лесавозы, якія мяне абганяюць. І, хачу падкрэсьліць, абганяюць на высокай хуткасьці. Я мусіў сьпешвацца і саступаць дарогу, іначай мяне маглі проста падбіць. Павагі да турыстаў я ў пушчы не назіраў”.
Скобла: “Давайце паспрабуем зразумець адміністрацыю Белавескай пушчы. Грошай дзяржава не дае, а трэба плаціць заробак супрацоўнікам, трэба карміць зьвяроў, утрымліваць музэй… Хочаш-ня хочаш, а змушаны будзеш займацца камэрцыйнай дзейнасьцю. А якая тут можа быць альтэрнатыва?”
Дранчук: “Адсутнасьць грошай у пушчы – гэта міт і ня больш. Нічога падобнага. Адміністрацыя пушчы распараджаецца вялікімі грашыма. Той, хто цікавіцца фінансавым становішчам Белавежскай пушчы, няхай зьезьдзіць туды і паглядзіць, якое будаўніцтва там цяпер вядзецца. І вядзецца не за грошы ад камэрцыйнай дзейнасьці. У пушчы засвойваюцца эўрапейскія грошы. І Эўропа не шкадуе фінансаў на тое, каб Белавеская пушча ачалавечвалася, каб там было менш чаду і стрэлаў”.
Скобла: “Пушча вось ужо амаль 12 гадоў мае Эўрапейскі дыплём. У ёй, відаць жа, бываюць міжнародныя экспэрты. Калі яны бачаць тое, што там адбываецца, пра што вы расказваеце, іх гэта не абурае, не шакуе?”
Дранчук: “На вялікі жаль, міжнародная бюракратыя ад прыродааховы, прыехаўшы ў пушчу, паводзіць сябе ня лепшым чынам. Я ўжо назіраў працу экспэртаў і з боку Міжнароднага саюзу аховы прыроды, і з боку ЮНЭСКА. Яны прыяжджаюць і робяць свае праверкі вельмі лякальна, комплексна ніколі нічога не правяраюць. Экспэрты называюць пэўны аб’ект, і іх туды вязуць. А тым пэўным аб’ектам, як правіла, зьяўляецца гэтак званае ядро пушчы, якое і зьяўляецца ўсясьветнай спадчынай. Памыляецца той, хто лічыць усясьветнай спадчынай усю Белавескую пушчу. Нічога падобнага. У сьпіс усясьветнай спадчыны ўваходзіць толькі маленькая долька пушчы, нешта каля 20 гэктараў. На фоне пушчанскіх соцень гектараў гэта мізэр. І вось туды, звычайна, вязуць міжнародных экспэртаў”.
Скобла: “Вы бываеце за мяжой, наведваеце замежныя запаведнікі, былі ў Елаўстонскім нацыянальным парку ў ЗША. Якія самыя вялікія адрозьненьні паміж названым паркам і Белавескай пушчай?”
Дранчук: “Першае і самае галоўнае адрозьненьне наступнае. У Елаўстонскім парку разьвіваецца індустрыя ўражаньняў. А ў Белавескай пушчы разьвіваецца індустрыя паляваньня. Што ўяўляе зь сябе індустрыя ўражаньняў? Там будуюцца не расстрэльныя вышкі, а вышкі для фатаграфаваньня, для любаваньня прыродай. Мы падняліся на адну з вышак, нам далі біноклі, і мы паўгадзіны, пакуль нас не паклікаў экскурсавод, разглядалі неабсяжнае балота”.
Скобла: “Няўжо і лесавозаў вы там ня бачылі?”
Дранчук: “Ніводнага лесавоза я там ня бачыў – гэта дакладна. Тэхніка ў Елаўстонскім парку працуе маленькая, ціхаходная, хуткасьць там абмежаваная. Там кожны крок турыста кантралюецца канкрэтнымі людзьмі – рэйнджэрамі-спэцыялістамі, якія ўвесь час назіраюць, каб турысты ня трапілі ў бяду. Не, яны не абмяжоўваюць турыстаў, яны проста імі апякуюцца. Безумоўна, турысты там ведаюць правілы паводзінаў. Але, каб мядзьведзі грызьлі на іх не напалі, рэйнджэры заўсёды знаходзяцца побач”.
Скобла: “Нядаўна ўсю Расею ўскалыхнула аварыя на Саяна-Шушанскай ГЭС. Камісія, якая працуе на станцыі, ніяк ня можа выявіць прычыны, што прывялі да трагэдыі. А можа быць – гэта помста прыроды? Бо ў Саяна-Шушанскім запаведніку ўзаконенае забойства рэдкіх відаў жывёльнага сьвету. Скажам, упаляваць горнага барана каштуе 1600 даляраў. Ці не абараняецца падобным чынам прырода?”
Дранчук: “Магчымая і помста прыроды. У практыцы апошніх гадоў здараліся выпадкі, калі сланы палявалі на людзей, такім чынам ажыцьцяўляючы генэтычную помсту. І гэтая генэтычная помста людзям за бесчалавечнае абыходжаньне з прыродай сапраўды мае месца. Я на поўным сур’ёзе лічу, што падобная помста магчымая і адносна Белавескай пушчы. Я ня ведаю, дзе і ў якой форме гэта праявіцца, але я гэта дапускаю. Вядома ж, мы павінны да жывой прыроды ставіцца сур’ёзна, з адказнасьцю. Наш абавязак – зрабіць усё, каб Белавеская пушча пайшла кардынальна іншым шляхам і іншым чынам заяўляла пра сябе ў вялікім сьвеце”.