Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Робат-беларус у сеціве


Юрась Барысевіч
Юрась Барысевіч

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе культуроляг і мастак Юрась Барысевіч.

Дысыдэнты і перакладчыкі

Сool’тпрасьвет


За апошні год, пасьля выхаду альбомаў “Капітал” і “Маніфэст”, менскі гурт “Ляпіс Трубяцкі” ператварыўся, бадай, у лепшую рок-каманду ня толькі Беларусі, але і ўсёй пост-савецкай прасторы. Замацаваць гэты статус дапаможа новы альбом “Культпрасьвет”, які быў учора выкладзены ў інтэрнэт для бясплатнага спампоўваньня. Праз тыдзень мае выйсьці і дыск, у наш час матэрыяльныя носьбіты робяцца ўсё менш самаакупнымі: музыкі й нават літаратары зарабляюць пераважна з канцэртаў, а ня з продажу дыскаў ці кніг.

Сусьветная прэм’ера “Культпрасьвету” адбылася на сайтах

lyapis.kroogi.com/
lyapis.com/

а таксама ў найбуйнейшай сацыяльнай сетцы Facebook, якой карыстаецца 250 мільёнаў людзей. Працытую адну зь песень:

“Дзяржава табе гарантуе жыцьцё
Чарка, скварка, ланцуг – вось і ўсё.
Толькі маліся штандартам улады
Глядзі па БТ сьвятую нараду.
Дзяржава табе гарантуе рай
Толькі ў Супэрлато гуляй”.




Кот і мышы

Гарадзенскі журналіст натрапіў, чытаючы мэмуары “Белая гарачка” польскага пісьменьніка Яцка Хуга-Бадэра, на гісторыю пра афіцэра КГБ Уладзімера Пуціна: “Год 1980-ты. У калысцы рэвалюцыі зьяўляюцца ўлёткі антысавецкага зьместу. КГБ дастаткова хутка арыштаваў людзей, якія іх распаўсюджвалі. Зламысьнікамі аказаліся нефармалы анархічных поглядаў. Афіцэрам КГБ, які праводзіў допыты, быў... лейтэнант КГБ Уладзімір Пуцін. Калі ён ня здолеў раскалоць аднаго з падазраваных, Фядотава, то вырашыў жорстка адпомсьціць. У асяродзьдзі ленінградзкіх хіпі пайшлі чуткі, што менавіта Фядотаў “здаў” антысаветчыкаў. У выніку сябры пачалі байкатаваць Фядотава, ад яго нават сышла жонка, якая нічога агульнага не хацела мець са здраднікам”.

Камэнтатары кажуць: “Былых гэбэшнікаў не бывае. Як бачым, на старыя звычкі ВВП не забываецца”. “Пуцін працаваў у сумна вядомым Пятым упраўленьні па барацьбе з дысыдэнтамі. Можна было б спадзявацца, што тая праца падавалася яму брыдкай і рабіў ён гэта, каб потым калі-небудзь атрымаць магчымасьць бараніць Радзіму ад сапраўдных ворагаў. Аднак жа Пуцін дагэтуль з гонарам прыгадвае пасьпяховыя апэрацыі супраць антысаветчыкаў”.

Пра пераклады на нямецкую

У апошнія год-два на нямецкай мове выйшлі пераклады кніг Алеся Разанава, Артура Клінава, Вальжыны Морт, яшчэ сёлета выйдуць кнігі Зьмітра Вішнёва й Альгерда Бахарэвіча. У нямецкіх часопісах выйшлі некалькі падборак твораў сучасных аўтараў зь Беларусі. Выдатных тэкстаў па-беларуску цяпер ствараецца шмат, але па-ранейшаму нестае перакладчыкаў і мэнэджэраў міжнароднага абмену ідэямі. Пра гэта распавядаецца ў артыкуле Томаса Вайлера, які з альманаху “Annus Albaruthenucus” пераклаў Альгерд Бахарэвіч:

“Сусьветная літаратура можа ўзьнікнуць на любой мове. Толькі вось творам сусьветнага ўзроўню на меншых мовах пакуль значна цяжэй зьдзейсьніць прарыў у сьвет, дасягнуць свайго чытача па-за межамі ўласнае моўнае супольнасьці. Нагадаю знакамітыя словы Жазэ Сарамага: “Аўтары ствараюць на сваіх мовах нацыянальныя літаратуры, сусьветную літаратуру ствараюць перакладчыкі”... У беларускай літаратуры, без сумневу, ёсьць што адкрываць, яна мае творы, якія варта перакладаць”.

Робат-перакладчык


Робаты яшчэ ня хутка заменяць людзей, у тым ліку ў справе мастацкага перакладу. Тым ня менш вось прыемная навіна з суполкі community.livejournal.com/by_mova/ :

сёньня беларуская мова была дададзеная да сьпісу моваў, якія падтрымлівае Google Перакладчык http://translate.google.com/# .
Можна перакладаць зь 50 моваў на беларускую і зь беларускай на любую зь 50 моваў.

Вядома, сьветагляд беларускага робата яшчэ далёкі ад чалавечага; шмат якіх словаў перакладчык ня ведае, а ў некаторых выпадках можа блытаць сэнс ці канчаткі, аднак паступова ён будзе ўдасканальвацца.

У сеціве ёсьць прынамсі яшчэ адзін перакладчык беларускай мовы “Белазар”, але яго трэба спампоўваць: belazar.belinter.net/ .

Бясконцая плошча Бангалор


Беларусь не належыць да найбольш тэхнічна й палітычна разьвітых краінаў, але ў параўнаньні з краінамі трэцяга сьвету нашае жыцьцё нагадвае хуткасны цягнік. Прынамсі, такое ўражаньне склалася ў менскага філёзафа Зьмітра Майбарады ад вандроўкі ў Індыю: “Цягнікі тут стаяць. Як жа тут стаяць цягнікі!!! Нават калі цягнік едзе, ён тут усё адно стаіць. Царства пахаў і пылу. Дзе час расьцягваецца да бясконцасьці, там сьмерць падаецца выбаўленьнем. Калі час скончыцца, гэтага тут не заўважаць. Вузіня вуліц тут – наступства худзізны жыхароў. Душа імчыць на ўсіх парах па пуцявінах цела. Буйвалы трымаюць неба сінімі рагамі. Аблокі — проста вельмі высокія хвалі. Я выгнаў з хаты цудоўную сям’ю — гіганцкіх прусакоў зь бялізны. Тут кожны сустрэты — брат і дзядзя табе, але кожны эўрапеец нагадвае цябе самога. Бялейшыя за цэрквы тут адно ўсьмешкі. Індыя напаўняе, добра было б ня выбухнуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG