Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ясь у канюшыне, а дзяўчына ў кукурузе


Сёньня да сьпісу моваў службы онлайн-перакладаў Google Translate дадалася беларуская. Значыць, цяпер можна забаўляцца і перакладаць беларускія тэксты на 50 іншых моваў (ды з гэтых 50 на беларускую). Мы ў беларускай службе Радыё Свабода таксама крыху пазабаўляліся.

Вось нашы некаторыя назіраньні, сабраныя на хуткую руку.

Радкі „Касіў Ясь канюшыну, паглядаў на дзяўчыну. А дзяўчына жыта жала і на Яся паглядала” Гугал перакладае на расейскую як: „Касіў Ясь канюшыну, взглядом на девушку. А девушка жито жала и на Яся посматривали”. Збольшага можна разабрацца, в чём дело.

А па-ангельску? Калі ласка: „Касіў Yas kanyushynu, a glance at the girl. A girl corn stings and Yasya glances”. Rather incomprehensible. Адкуль зьявіліся „stings”? Відаць, ад расейскага „жала” (множны лік ад „жало” — джала). Значыць, Гугал спачатку перакладае зь беларускай на расейскую, а потым з расейскай на ангельскую.

Калі ўжо расейская, дык няхай будзе і польская. Вось так: „Касіў Yas kanyushynu, rzut oka na dziewczyne. Zadla kukurydza dziewczyny i spojrzenia Yasya”. Тут раптам узьнікае нейкая „кукуруза”. Значыць, ланцужок перакладу такі: беларуская — расейская — ангельская — польская. Бо польская „kukurydza” — гэта ангельскае „ corn”, а не расейскае „ жито”.

У малайскія і тайскія мовы мы не спрабавалі залазіць, а таму дасьледаваньне ланцужкоў перакладу ў гэтых выпадках пакінем каму іншаму.

Варта аднак адзначыць, што нават пасярэдніцтва расейскай і ангельскай моваў пры перакладзе зь беларускай і на беларускую часам дае неблагія вынікі. Вось як гучыць пачатак „Боскай камэдыі” Дантэ ў перакладзе зь італьянскай на беларускую:

У сярэдзіне падарожжа нашага жыцця
Я апынуўся ў цёмным лесе
таму што страціла прамы шлях.


Ну, няхай з памылачкамі, але нейкая першабытная сіла тут адчуваецца, праўда?

Я асабіста быў усьцешаны вынікам, калі ўзяў выпадковы фрагмэнт транскрыпту перадачы з нашага вэбсайту і перагугліў яго на расейскую: „За першае паўгодзьдзе сёлета, паводле афіцыйнай інфармацыі, у жыхароў Магілёўшчыны было канфіскавана больш за 60 тысяч літраў самагону”. Перагуглены фрагмэнт: „За первое полугодие в этом году, по официальной информации, у жителей Могилевщины было изъято более 60 тысяч литров самогона”. Ідэальна, ці ж не?

А таму ёсьць за што павіншаваць і за што выпіць. Прынамсі сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG