Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзі гатовы галасаваць за любога, толькі не за апазыцыянэра”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 19 жніўня 2009 году

Тэма многіх лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя жнівеньскія дні — узаемадачыненьні паміж Беларусьсю і Захадам. Ці сапраўды беларускія ўлады пераарыентоўваюць сваю вонкавую палітыку? Ці зьявіліся рэальныя шанцы на тое, што Беларусь пасьля шматгадовай самаізаляцыі адкрыецца сьвету?

Мянчук Барыс Руцько, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, незадаволены тымі патрабаваньнямі, якія вылучаюць да афіцыйнага Менску заходнія краіны. Ён лічыць прэтэнзіі Захаду несправядлівымі і неабгрунтаванымі. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Мяне зьдзіўляюць патрабаваньні Захаду наконт таго, што беларускія апазыцыянэры павінны трапіць у парлямэнт. Яны што — ня ведаюць, што ў Беларусі маюць месца ўсенародныя выбары дэпутатаў? А гэта значыць, што грамадзяне галасуюць за тых, хто ім па душы. Нават калі сама ўлада пажадае бачыць апазыцыянэраў у Палаце прадстаўнікоў, народ усё роўна не прагаласуе за Лябедзьку і кампанію. Людзі ўсё бачаць, усё ведаюць, усё чытаюць, ва ўсім разьбіраюцца. Ім не патрэбны тыя, хто палівае сваю краіну брудам, хто кажа, што народ “дурны”, што ён ні ў чым не разьбіраецца, хто пагруз у карупцыі, хто ні на што ня здольны. Людзі гатовы галасаваць і падтрымліваць любога, але толькі не апазыцыянэра.. Будучыні ў гэтай апазыцыі няма ўвогуле”.

Дасьведчаныя людзі і ў Беларусі, і на Захадзе добра ведаюць, што сабой уяўляюць так званыя “ўсенародныя выбары” па-беларуску, пра якія вы, спадар Руцько, з такім захапленьнем пішаце. Адзін з галоўных прынцыпаў дэмакратычнага парлямэнту — рэальнае адлюстраваньне грамадзкіх настрояў. У беларускай Палаце прадстаўнікоў — 100 працэнтаў прыхільнікаў Лукашэнкі. Вы, спадар Руцько, усур’ёз лічыце, што беларускае насельніцтва падтрымлівае толькі праўладных кандыдатаў, што ніякага іншадумства ў грамадзтве няма? Захад патрабуе ад беларускага рэжыму не таго, каб тыя ці іншыя апазыцыянэры трапілі ў парлямэнт. Ён дамагаецца, каб у Беларусі адбыліся справядлівыя дэмакратычныя выбары. А калі такія выбары будуць праведзены — Палата прадстаўнікоў больш ня будзе сходам маўчуноў і аднадумцаў. Тут вы, спадар Руцько, можаце быць пэўны: гэта шматкроць праверана ва ўсіх больш як трыццаці эўрапейскіх краінах, дзе дэпутатаў выбіраюць у выніку справядлівых выбараў.

Нашага даўняга сябра, дасьледчыка беларускай мінуўшчыны Алеся Шустоўскага з Барысава даўно цікавіць пытаньне пра рэальныя людзкія страты Савецкага Саюзу падчас Другой усясьветнай вайны. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Два гады таму, 6 ліпеня 2007 году, у вечаровай праграме расейскага тэлеканалу РТР “Вести” прагучала інфармацыя, што ў падмаскоўным Падольску, дзе захоўваюцца ўсе архівы Савецкай Арміі, з многіх дакумэнтаў зьняты грыф “Сакрэтна”. Маўляў, там ужо больш як год працуюць над архівамі 20 ваенных гісторыкаў, і толькі паводле іхных папярэдніх падлікаў у Вялікай Айчыннай вайне загінула каля 40 мільёнаў савецкіх грамадзянаў.

А вось сёлета 9 траўня па расейскім гістарычным тэлеканале “365” я пачуў, што, паводле сакрэтных зводак МУС, за паўтара года пасьля вайны ў СССР ад голаду памерлі 2 мільёны чалавек.

Лічу, што Радыё Свабода павінна рашуча змагацца зь “белымі плямамі” нашай гісторыі. І калі ёсьць зьвесткі пра больш праўдзівыя лічбы ахвяраў — неабходна іх агучваць
”.

У савецкіх школах дзяцей змалку прымушалі запамінаць наступныя дзьве лічбы: Савецкі Саюз у вайну страціў 20 мільёнаў чалавек; у Беларусі загінуў кожны чацьверты. Аднак падчас перабудовы многія гісторыкі палічылі гэтыя лічбы заніжанымі дзеля прапагандысцкіх мэтаў. У Беларусі сталі гаварыць пра кожнага трэцяга забітага жыхара. А ў Расеі з 93 году афіцыйна лічаць, што агульныя дэмаграфічныя страты СССР, уключна з загіблым мірным насельніцтвам, склалі 26 мільёнаў 600 тысяч чалавек. Спасылка робіцца на падлікі групы дасьледчыкаў пад кіраўніцтвам супрацоўніка расейскага Ваенна-мэмарыяльнага цэнтру Рыгора Крывашэева.

Пра сутнасьць аўтарытарнага рэжыму ўлады, пра тэлебачаньне і радыё ў несвабодным грамадзтве разважае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” Віктар Баранаў з Рагачова. Слухач піша:

“З кім з суседзяў ды знаёмых ні размаўляў — усе пагаджаюцца з тым, што на дзяржаўных радыё- і тэлеканалах няма чаго слухаць ды глядзець. Паўсюль адно і тое ж: прапаганда посьпехаў, рэкляма, расейская папса ды бясконцыя нізкапробныя сэрыялы. Усё гэта ня толькі не паднімае настрою, а наадварот — толькі паглыбляе дэпрэсію.

Лукашэнка кіруе дзяржавай ужо 15 год і, відавочна, лічыць сябе незаменным. Іншыя краіны ўжо даўно прыйшлі да таго, што прэзыдэнцкія тэрміны неабходна абмяжоўваць — дзесяцьцю ці нават васьмю гадамі. Што адметна: і якасьць жыцьця ў іх значна вышэйшая, чым у нас.

Увогуле, колькі ўжо было правадыроў у гісторыі розных народаў? І ці прынесьлі яны шчасьце людзям, як абяцалі? Народы жывуць і выжываюць дзякуючы ўласным намаганьням, а ня подзьвігам правадыроў.

Калісьці ў кожным савецкім горадзе і пасёлку быў помнік Сталіну, галоўная вуліца насіла ягонае імя. Мікіта Хрушчоў у загадным парадку ўсё гэта зьнішчыў. А ў нас у Беларусі культ асобы Сталіна вяртаецца. Людзям пастаянна нагадваюць пра “лінію Сталіна”. Напэўна, ня самі журналісты з уласнай ініцыятывы гэта робяць, а нехта загадвае ім гэтак казаць”
.

Наўрад ці, спадар Віктар, варта казаць пра вяртаньне ў Беларусь паўнамаштабнага культу асобы Сталіна. Зроблена асьцярожная спроба рэабілітацыі. Прычым зроблена не дзяржаўнымі чыноўнікамі непасрэдна, а праз розныя грамадзкія вэтэранскія арганізацыі. Такое ўражаньне, што ўлада чакае рэакцыі грамадзтва на гэтую спробу. А рэакцыя стрыманая, сьціплая. Дэмакратычныя суполкі і партыі пратэстуюць, а большасьць насельніцтва зьяўленьне пад Менскам “лініі Сталіна” ўспрыняла індыфэрэнтна. Пратэстаў няма, але якога-кольвечы ўхваленьня ды захапленьня таксама не гучыць.

Дарэчы, сваёй нядаўняй рэзалюцыяй Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ асудзіла сталінізм нароўні з нацызмам за генацыд і злачынствы супраць чалавечнасьці, прызнала іхную супольную віну ў распальваньні Другой сусьветнай вайны і прапанавала абвясьціць 23 жніўня — дзень падпісаньня савецка-германскага пакту Молатава-Рыбэнтропа — Днём памяці ахвяраў нацызму і сталінізму. Беларусі, як удзельніцы АБСЭ, наўрад ці выпадае пасьля гэтага працягваць гістарычныя гульні са сталінскай спадчынай.

Пра так званую прымусова-добраахвотную працу на суботніках разважае ў сваім лісьце дзіцячы доктар зь Віцебску Ігар Пасноў. Увесну такіх суботнікаў на Віцебшчыне было зладжана нямала. Прычым нярэдка праца ня мела асаблівага сэнсу: людзей, напрыклад, прымушалі ачышчаць тратуары ад нерасталага сьнегу, выкідаючы яго на праезную частку. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Многія разумелі бескарыснасьць падобнай працы. Але ўсе маўчалі. Відаць, нават калі на бойню павядуць — бляяць ня будзем: прамаўчым ад страху...

Далей пайшлі зьбіраць грошы “на добраўпарадкаваньне”. Аказваецца, вельмі спатрэбіліся лыжаролерная траса і лодачная станцыя. Сям-там моцна ня ціснулі: прасілі даць, хто колькі можа.

Але ж і гэта ўсе праглынулі.

Урэшце, усяму ёсьць мяжа. Як вядома, экспэрымэнты з эканоміяй за кошт адключэньня вулічных ліхтароў у Віцебску праваліліся — дзякуючы СМІ (перш за ўсё — незалежным). Уладам проста сорамна стала: усё ж жывем у цэнтры Эўропы, а ня ў джунглях.

На мой погляд, усе новыя дарагія праекты, на якія няма грошай і за якія ўлада бярэцца ў разьліку на бясплатную працу сваіх грамадзянаў, — гэта пір падчас чумы. І дзе той доктар, што спыніць падобную манілаўшчыну?”
.

Ашчаджаць за кошт зручнасьці і камфорту грамадзянаў у Беларусі не перасталі, спадар Ігар. Апошнім часам мы атрымліваем паведамленьні з шмат якіх рэгіёнаў Беларусі пра тое, што ў аграгарадках, пасёлках і нават некаторых райцэнтрах дзеля эканоміі адключаюць гарачую ваду. Сям-там абяцаюць уключаць яе на выходныя і сьвяточныя дні, але шмат дзе загадзя папярэджваюць: пакуль не пачнецца ацяпляльны сэзон, гарачай вады не чакайце.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Дзьмітрыя Ахрымука з Кобрына. Слухач піша:

“Як заўсёды, з ахвотай раздаў знаёмым рэклямныя каляндарыкі Радыё Свабода. Зь імі мы часта дзелімся навінамі, пачутымі па вашым радыё. Шкада толькі, што ў многіх прыймачы зламаліся. Занясеш у майстэрню, а там кажуць: “Выкінь яго, дзед. Хочаш, каб столькі гадоў тэхніка працавала?” А ня слухаеш “Свабоду” — жывеш, як у бочцы, бо ня ведаеш праўдзівых навін”.

Дзякуй, спадар Ахрымук, Вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG