Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зайздрасьць да прадпрымальнікаў — ад “саўковасьці”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 22 ліпеня 2009 году

Значная частка нашай пошты — лісты-водгукі, у якіх слухачы аспрэчваюць меркаваньні, пачутыя па “Свабодзе” — палемізуюць, выказваюць уласны пункт гледжаньня на тую ці іншую праблему, прапануюць свае рашэньні.

Наша сталая слухачка Ніна Ярмалінская з Салігорску ў адным са сваіх тэлефанаваньняў, якое нядаўна прагучала ў эфіры “Свабоды”, непрыхільна выказалася на адрас прадпрымальнікаў. Маўляў, у абароне яны патрэбы ня маюць, бо і самі сябе ў крыўдзе не пакінуць, а дбаюць найперш пра ўласныя інтарэсы. З такой высновай не пагаджаецца Ільля Копыл зь Менску. У сваім лісьце ён піша:

“Ведаю, што такое меркаваньне аб прадпрымальніках даволі распаўсюджанае. Дастаткова выйсьці ў двор і паслухаць, што гавораць людзі на лаўцы. Але я з гэтымі высновамі катэгарычна не пагаджаюся. Улада ў Беларусі ўжо доўгі час вядзе з прадпрымальнікамі зацятую вайну. За неляяльнасьць да рэжыму бізнэсовец лёгка можа апынуцца ў турме — як гэта здарылася з Андрэем Клімавым, Уладзімерам Кудзінавым ды іншымі. Многія вымушаны былі перавесьці свой бізнэс за мяжу. Анатоль Красоўскі ўвогуле бясьсьледна зьнік разам зь Віктарам Ганчаром — праз тое, што сутыкнуўся з палітыкай.

І папракаць прадпрымальнікаў за тое, што яны дбаюць пра сябе і свае сем’і, — несправядліва. Яны ж зарабляюць свой дастатак не за кошт дзяржавы — а ўласнымі рукамі і розумам. Пры гэтым і плацяць падаткі, і напаўняюць дзяржаўны бюджэт — падвойная карысьць. Дзяржаве гэта дае магчымасьць падвышаць пэнсіі, заробкі бюджэтнікам. Але такое магчыма ў той краіне, дзе адукаваная ўлада, дзе яе па-сапраўднаму выбірае народ, а яна народу падкантрольная.

Зайздрасьць да пасьпяховых прадпрымальнікаў узьнікае ад нашай неадукаванасьці, нікчэмнасьці, закаранелай, замшэлай “саўковасьці”
.

Сапраўды, даверу і прыхільнасьці да прадпрымальнікаў цяперашняя ўлада ніколі ня мела. Людзі, якіх Аляксандар Лукашэнка неяк назваў “вашывымі блохамі”, за мінулыя пятнаццаць год шмат разоў пераконваліся ў гэтым.

Але эканамічны заняпад, у які ўсё больш паглыбляецца Беларусь, прымушае чыноўнікаў па-новаму паглядзець і на гэтую праблему. Апошнім часам тыя людзі, якія вырашылі заняцца ўласнай справай, сякую-такую палёгку ўсё ж адчулі. Значна прасьцей стала рэгістраваць уласныя прадпрыемствы, паменела праверак і ўмяшаньня чыноўнікаў. Пад ціскам Міжнароднага валютнага фонду беларуская ўлада, якая ўсё больш залежыць ад крэдытаў гэтай структуры, вымушана спрашчаць умовы для прыватнага бізнэсу, рабіць іх больш празрыстымі і справядлівымі.

З заўвагамі і прапановамі зьвяртаецца ў сваім лісьце на “Свабоду” наш слухач Іван Цыбуляк з Гомелю. Як чалавека, які пільна цікавіцца прагнозамі надвор’я, яго праца нашага радыё не задавальняе. Спадар Іван піша:

“На зводкі мэтэаралягічнай службы вам трэба зьвярнуць самую пільную ўвагу. Прагнозы надвор’я перадавайце часьцей і як мага больш падрабязна. Справа ў тым, што, калі я ня чую прагноз па “Свабодзе”, то, хочаш ня хочаш, даводзіцца ўключаць “радыёкропку”. А там жа не ўгадаеш — на надвор’е патрапіш ці на прапаганду посьпехаў і дасягненьняў рэжыму. А наслухаесься гэтых хваласьпеваў — падвышаецца крывяны ціск і на ўвесь дзень псуецца настрой.

А яшчэ многіх людзей цікавіць пытаньне: хто маці Колі Лукашэнкі, дзе яна і што зь ёю? Некаторыя кажуць, што Аляксандар Рыгоравіч адабраў у яе дзіця. Праўда гэта ці не? Просьба да Радыё Свабода — зрабіце пра гэта асобную перадачу. Бо толькі вы можаце прабіць прамень сьвятла ў гэтым цёмным царстве”
.

На жаль, спадар Цыбуляк, амаль ніякай афіцыйнай інфармацыі пра малодшага пяцігадовага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая няма.

Вядома толькі тое, што год таму распавёў сам прэзыдэнт: маці Міколы “працуе ўрачом”. Верагодна, маецца на ўвазе Ірына Абельская, якая з 1994 году была асабістаю лекаркаю прэзыдэнта, а ў 2001-м узначаліла Рэспубліканскі шпіталь Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта — так званую “лечкамісію” для асабліва прывілеяваных асобаў. Праўда, у 2007-м Ірына Абельская была з гэтай пасады звольнена і пачала працаваць шараговым лекарам у Менскім дыягнастычным цэнтры.

Ці народжаны Мікола Лукашэнка ў шлюбе — дагэтуль грамадзкасьці дакладна не вядома. Паводле стану на 2006 год афіцыйнай жонкай беларускага прэзыдэнта лічылася Галіна Радзівонаўна, якая жыве ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёну.

Пра лёс беларускай мовы і культуры, пра іх сувязь зь дзяржаўнай незалежнасьцю Беларусі разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Канаховіч з Пружанаў. Слухач піша:

“Краіна без уласнай дзяржаўнай мяжы — гэта тое самае, што хата безь сьцяны. А мы гэты абсурд называем незалежнасьцю Беларусі.

У нас фактычна забаронена на практыцы мова тытульнай нацыі. Затое квітнее мова чужой краіны.

Мы карыстаемся сымболікай краіны, якая не існуе.

Нашы прамысловыя прадпрыемствы за бесцань скупляюць расейскія алігархі.

Акупатары адабралі ў нашых сялян зямлю. Разбураныя сялянскія сем’і. Зямля і гаспадарка так і ня вернутыя нашчадкам тых, у каго іх адабралі.

А наша войска — гэта нішто іншае, як прыдатак расейскай арміі.

У нас няма нават сваёй нацыянальнай валюты: маем нейкі гібрыдны “рубель”.


Растаптана і дашчэнту зьнішчана наша нацыянальная культура. Беларускамоўныя пісьменьнікі, кампазытары, артысты, прадпрымальнікі, якія ў паўсядзённым жыцьці карыстаюцца матчынай мовай, атрымалі ад улады зьдзеклівыя мянушкі. Дзе ж тут незалежнасьць? І такія прыклады можна прыводзіць бясконца”.

Сапраўды, спадар Канаховіч, сёньняшняя беларуская незалежнасьць — зусім не такая, якой уяўлялі яе рамантыкі-адраджэнцы напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў. І мова ня тая, і сымболіка, і грашовая адзінка, і межы адкрытыя ня ў той бок сьвету... Калі б пятнаццаць год таму лідэры нацыянальна-дэмакратычнага руху лепш ведалі і разумелі грамадзтва, у якім жылі, глыбей разьбіраліся ў грамадзкай псыхалёгіі беларусаў — хто ведае, магчыма, усё сёньня было б па-іншаму. Але маем тое, што маем. І пры ўсім гэтым Беларусь застаецца незалежнай. Прычым дзяржаўны сувэрэнітэт зь цягам часу толькі ўмацоўваецца. Ахвотных вяртацца пад крыло расейскага арла, як сьведчаць сацыёлягі, сярод беларусаў усё менш. Нягледзячы на тое, што расейская мова ў Беларусі застаецца пануючай, а ўлада на працягу апошніх пятнаццаці гадоў заахвочвае русыфікацыю.

Што да вашага, спадар Канаховіч, сьцьвярджэньня пра моцную дзяржаўную мяжу як абавязковы атрыбут незалежнасьці. Маючы шэнгенскую візу, вы можаце праехаць з усходу на захад праз увесь эўрапейскі кантынэнт — ад Берасьця да Гібралтара. Перасячы пры гэтым дзясятак дзяржаўных межаў — і ня ўбачыць ніводнага памежнага слупа ці шлягбаўма. Межы паўсюль умоўныя, празрыстыя. Але ці сумнеяцеся вы на гэтай падставе ў незалежнасьці Нямеччыны, Францыі ці Гішпаніі?

Наступны кароткі ліст — ад Мікалая Рыбакова з пасёлку Копысь Аршанскага раёну. Слухач, незадаволены тым, як чыноўнікі дбаюць пра экалягічныя праблемы, паведамляе пра тое, што робіць уласнымі сіламі. Ён піша:

“Атрымаў адказ зь Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя — пра тое, як яны займаюцца захаваньнем гняздоўяў птушак. Аказваецца, летась змайстравалі 21 плятформу для гнёздаў буслоў. І гэта — на ўсю Беларусь. Жах адзін. Ды столькі патрэбна на кожны раён.

Сам я штогод раблю і разьвешваю шпакоўні. А ўвесну выпусьціў на мясцовае балота 6 самачак труса з малымі. Няхай жывуць”
.

Аўтар наступнага ліста, Пётар Сьцепановіч са Слуцку, разважае пра магчымыя наступствы глябальнага эканамічнага крызісу. Ён піша:

“Крызіс прыйшоў на зямлю не выпадкова. Ён прымусіць зямную цывілізацыю зьмяніць сыстэму ўзаемадзеяньня ўлады з народам — дзеля таго, каб на зямлі пачаўся працэс раззбраеньня.

Мяне таксама зачапіла фраза Аляксандра Лукашэнкі падчас нядаўняй нарады зь міліцэйскім кіраўніцтвам — пра тое, што ў Беларусі нібыта няма фактара, здольнага адхіліць яго ад улады. Так, чалавечага фактара няма, але ёсьць фактар Бога. І Лукашэнка пра гэта ня можа ня ведаць”
.

Эканамічныя крызісы здараюцца на сьвеце ня так і рэдка, спадар Сьцепановіч. І калі б кожны раз іх наступствам станавілася зьмена дачыненьняў улады і народа ды ўсеагульнае раззбраеньне — то чалавецтва, мабыць, ужо жыло б ва ўмовах усеагульнай заможнасьці, згоды і ладу. Пакуль, аднак, атрымліваецца зусім па-іншаму. Праўда, вытворчасьць зброі ў выніку агульнага эканамічнага спаду, відавочна, таксама зьнізіцца, але ахвотных бразгаць ёю меней не становіцца. Якраз наадварот. Чым бяднейшая краіна, чым больш нялюдзкі дыктатарскі рэжым — тым болей у яго імпэту дзеля таго, каб мець у сваім арсэнале ядзерную зброю.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG