Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кветкі Ларысе Геніюш


Напярэдадні 99-годзьдзя з дня нараджэньня Ларысы Геніюш актывісты дэмакратычных рухаў усклалі кветкі да яе магілы.

Пра гэта БелаПАН паведаміў палітык Вячаслаў Сіўчык.

Паводле яго слоў, у паездцы ў Зэльву, дзе пахавана паэтка, узялі ўдзел каля 20 чалавек зь Менску. Да іх далучыліся і жыхары Зэльвы.

Вячаслаў Сіўчык
“Мы наведалі царкву, прыбраліся на магіле паэткі, усклалі кветкі і паставілі сьвечкі”, — паведаміў Сіўчык.

Паездка была арганізавана гарадзенскім абласным аддзяленьнем аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” і мэмарыяльнай сэкцыяй Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Паводле слоў Сіўчыка, 9 жніўня, у дзень нараджэньня Геніюш, таксама адбудуцца памятныя мерапрыемствы:

“Я разглядаю гэтыя мерапрыемствы як падрыхтоўку да 100-гадовага юбілею паэтэсы, які адбудзецца ў наступным годзе. У мяне ў плянах пачаць падрыхтоўку да сьвяткаваньня гэтай даты ўжо цяпер. І я думаю, што ў 2010 годзе будзе шмат мерапрыемстваў, прысьвечаных Геніюш, і сьвяткаваньне будзе маштабным і агульнарэспубліканскім”.

Ён таксама адзначыў, што ўсе лісты па пытаньні рэабілітацыі Геніюш, якія накіроўваліся ў шматлікія інстанцыі, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі, былі праігнараваны.

Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш
нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласьці. Пасьля заканчэньня Ваўкавыскай гімназіі жыла з мужам-эмігрантам у Празе, дзе зьяўлялася сакратаром прэзыдэнта Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі Васіля Захаркі. Геніюш займалася захаваньнем і ўпарадкаваньнем прэзыдэнцкага архіву, падтрымлівала беларускіх эмігрантаў, палітычных бежанцаў і ваеннапалонных. У Празе ў 1942 годзе яна выдала сваю першую кнігу “Ад родных ніў”. 5 сакавіка 1948 года, зьяўляючыся грамадзянкай Чэхаславакіі, Геніюш была арыштавана, а ў 1949 годзе ў Мінску асуджана на 25 гадоў пазбаўленьня волі як асоба без грамадзянства. Пакараньне адбывала ў лягерах Комі і Мардовіі. У 1956 годзе была датэрмінова вызвалена, але дагэтуль не рэабілітавана. Пасялілася на радзіме мужа — у Зэльве, дзе фактычна знаходзілася пад дамашнім арыштам, нават не маючы магчымасьці пабачыць адзінага сына, які жыў у Беластоку (Польшча). Да самай сьмерці — 7 красавіка 1983 года — паэтэса так і не прыняла савецкага грамадзянства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG