Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў найдаражэйшых каледжах ЗША. Адкуль грошы?


Грамадзкі рэдактар Тэльман Масьлюкоў
Грамадзкі рэдактар Тэльман Масьлюкоў

...1950-я гады. Яшчэ ня поўнасьцю пераадолена пасьляваеннае адчужэньне між народамі, а сьвет ужо падзяліла “халодная вайна”. У гэты час нямецкі пэдагог і грамадзкі дзеяч Курт Хан прыдумаў ідэю: стварыць міжнародны каледж, дзе моладзь з розных краінаў магла б разам навучацца два гады, рыхтуючыся да паступленьня ва ўнівэрсытэты. Выпускнікі на ўсё жыцьцё захаваюць успаміны аб юнацкім часе, праведзеным у шматкультурным асяродку і калі дасягнуць уплывовага становішча, то ня будуць імкнуцца да вайны і варажнечы. Так меркаваў Хан.


У 1962 годзе К. Хан ажыцьцявіў сваю ідэю ў Вялікабрытаніі. Тут стварылі Каледж аб’яднанага свету (КАС, па ангельску – United World College, UWC), куды сабралі навучэнцаў рознай рэлігійнай, этнічнай і расавай прыналежнасьці. "Больш захапляльнага экспэрыменту ў адукацыі пасьля ІІ-ой сусьветнай вайны не было,” – напісала тады газэта “Таймс”. Зараз у сьвеце дзейнічае 12 такіх каледжаў. Нідэрляндзкі прынц Віллем-Аляксандар, прэзыдэнт Батсваны Ян Кхама і кіраўнік кампаніі “Нокіа” Йорма Олліла – вось толькі тры імёны зь дзясяткаў вядомых людзей у розных частках сьвету, якія закончылі гэтыя каледжы.

Сёлета спаўняецца 15 гадоў з таго часу, як ў КАС сталі навучацца і прадстаўнікі Беларусі. У траўні міжнародныя каледжы закончылі чарговыя тры беларускія навучэнцы. Адна зь іх – Вольга Грыцкевіч з Навагрудку. На здымку яна – другая справа, разам з аднакурсьніцамі па Паўночным каледжы (Нарвэгія).

Беларускія выпускнікі кажуць: міжнародны каледж – гэта больш, чым навучальная ўстанова. Кожны навучэнец прыўносіць туды асаблівасьці свайго народу. Дзеля гэтага ў каледжах ладзяцца, напрыклад, нацыянальныя дні краінаў. На здымку: навучэнцы Адрыятычнага КАС (Італія), другі зправа – Міхаіл Рэуцкі зь Менску.

Міратворчае дзеяньне праз адукацыю, як некалі было задумана К. Ханам, зараз найбольш уласьцівае міжнароднаму каледжу у г. Мостар, Босьнія і Герцагавіна. У гэтай краіне пасьля ўзброенага канфлікту існуе этнічнае падзяленьне ў школах. У каледжы басьнійцы, сэрбы і харваты навучаюцца разам, з равесьнікамі зь іншых краінаў. Сярод сёлетніх выпускнікоў – Марыяна Мірчук са Сьветлагорску (на здымку – справа).

Экзаменаваньне выпускнікоў КАС праводзіць незалежная Арганізацыя міжнароднага бакаляўрату (International Baccalaureate Organization). Дыплём міжнароднага каледжу – адзін з самых прэстыжных пры паступленьні ў ВНУ Эўропы ці Амэрыкі. Сёлетнія беларускія выпускнікі ўжо вырашылі, дзе яны будуць навучацца далей. Напрыклад, М. Мірчук стане студэнткай вышэйшага каледжу “Трыніці” ў Хартфардзе, сталіцы штата Канекцікут. Паводле агенцыі СНН (CNN), “Трыніці” уваходзіць у дзясятку самых дарагіх установаў ЗША па кошце навучаньня. Адкуль бяруцца сродкі на аплату?

Амэрыканскі мільярдэр Шэлбі Дэвіс – адзін з фундатараў выпускнікоў КАС. Рашэньне аб фундаваньні ён прыняў пасьля наведваньня каледжу. “За пяць хвілін я зразумеў гэта. Я падумаў – гэта штосьці, чаму я веру”, – напісаў Ш. Дэвіс аб убачаным. Зь 2004 году ён штогод пералічвае ўніверсытэтам па 14 млн. даляраў на навучаньне выпускнікоў міжнародных каледжаў. Тым часам, у гэтым месяцы адкрываецца новы каледж – у г. Маастрыхце (Нідэрлянды).

Прыём навучэнцаў у КАС праводзіцца штогод па конкурсе. У Беларусі гэта справа робіцца дзякуючы Ўладзімеру Коласу, вядомаму адукацыйнаму дзеячу. І ў верасьні ў міжнародныя каледжы прыедуць новыя навучэнцы з нашай краіны – Марыя Пупко з Заслаўя (на здымку) і Максім Карповіч з Навагрудку.

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Тэльман Масьлюкоў закончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, гісторык. У 1993 – 2001 гг. – арганізатар і дырэктар першага ліцэя на Гомельшчыне. Выявіў Здудзіцкі каменны крыж (Х – ХІІ ст.), прапанаваў пачаць археалягічныя раскопкі на месцы невядомага раней гораду Казіміру, а таксама ў Шацілках – старадаўняй частцы Сьветлагорску. Супрацоўнічае зь інфармацыйнымі інтэрнэт-рэсурсамі і СМІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG