У вёсках Нядашаўскага сельсавету Магілёўскага раёну ўраган з дожджом, градам і моцным ветрам яшчэ ў чэрвені нарабіў велізарнай шкоды. Стыхія, што праняслася па вёсках, пазносіла дахі дамоў, павыбівала шыбы, паваліла шмат дрэваў каля хат і ў бліжэйшых лясах.
Жыхары Запрудзьдзя, якія добраахвотна застрахавалі сваю маёмасьць, толькі зараз расьпісаліся за кампэнсацыю. Ну а тыя, хто меў усяго абавязковыя страхоўкі?
Вяскова кабета:
– Да суседзяў, якія дэтальна застрахавалі свае двары і хаты, прыйшлі агенты, ацанілі страты, яны ўжо атрымалі пэўныя сродкі. А такія, як мы, якія рабілі толькі мінімальна абавязковыя выплаты, не атрымалі нічога...
Між тым у магілёўскім Белдзяржстраху нам паведамілі:
– Абавязковая страхоўка распаўсюджваецца ў дадзеным выпадку на хату і веранду, ці на любыя прыбудовы. У выпадку нанясеньня пашкоджаньняў страхавая кампанія абавязаная выслаць на месца спэцыяліста для падліку ўрону. Пасьля яго заключэньня гаспадар мусіць атрымаць 50% ад налічанай сумы.
Памер пашкоджаньняў ветрам і градам у Магілёўскім раёне перавышае суму ў мільярд рублёў. Усяго тут пашкоджаныя больш за 220 дамоў. Аднак па заявах пацярпелых выплачана толькі каля 18 млн. рублёў.
Юрысты раяць ім не губляць часу.
Аляксандр Каралёў, прадстаўнік прафсаюзу РЭП:
– Калі кампанія не выплочвае па страхоўцы, людзі мусяць спачатку пісаць непасрэдна туды. Як гэтага недастаткова, трэба пісаць заявы ў суды, дзе адпаведна з дамовай уласніка і страхавога агенцтва будзе прынята рашэньне, ня выканаць якое страхавік папросту ня зможа.
Ну а што адбываецца ў сёньняшніх умовах з ураджаем?
Дажджы і ліўні могуць зламаць намечаныя пляны. Шмат палёў затопленыя альбо ў паўзьнішчаным стане.
Ад кепскага надвоор’я, безумоўна, залежыць паказчык выніковага збору ўраджаю. Аднак кандыдат эканамічных навук, былы старшыня аднаго са шклоўскіх калгасаў Пётар Мігурскі лічыць: вінаваціць толькі нябёсы – непрафэсійна:
Пётар Мігурскі:
– Сёння я аб’ехаў некалькі палёў, паглядзеў як пад зямлю сыходзяць апошнія дажджавыя азёры. Безумоўна, яны паўплываюць на намалоты. Але на маё меркаваньне, найбольш важная праблема ў іншым – недастатковым разьвіцьці пэўных тэхнічных працэсаў, хаця тэхніка гэта дазваляе. Таксама чалавечы фактар адыгрывае сваю ролю: большасьць дырэктараў калгасаў, працоўных недапрацоўваюць – робяць шмат хібаў, да таго ж у іх проста няма належнай матывацыі да сапраўднай працы.
Затое, думаю, калі ўраджай ня стане рэкордна высокім па розным паказчыках, уладзе вельмі проста будзе сьпісаць усё на надвор’е…
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – магіляўчанка Ганна Ільіна. Яна выдавец няшматнакладнай газэты “Магілёўскі час”, мае вопыт працы на радыё, тэлебачанні, навучаецца ў віленскім ЭГУ.