Рашэньне ўраду аб выключэньні пасярэднікаў пры рэалізацыі юрыдычным асобам тавараў тычыцца толькі дзяржаўных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў з доляй уласнасьці дзяржавы, — паведаміў сёньня прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі на паседжаньні прэзыдыюму Савета Міністраў, паведамляе БелТА.
Прэм’ер-міністар таксама паведаміў, што ва ўрад паступілі заўвагі да апублікаванага тэксту пастановы аб пасярэдніках ад грамадзкіх арганізацый і камэрцыйных структураў. З гэтай нагоды ўрад мае намер унесьці ў пастанову №991 карэктывы і ўдакладненьні.
Як паведамляе БелаПАН, Сідорскі сказаў, што ў выніку маніторынгу высьветлілася: розьніца ў цане аднаго і таго ж тавару, які рэалізуецца праз пасярэднікаў і бязь іх, складае ад 30% да 260%. Урадавае агенцтва БелТА цытуе Сідорскага, які сказаў: “Дайшло да таго, што камплектуючыя, хімічныя матэрыялы, мэталапрадукцыю сталі завозіць праз пасярэднікаў.
Мэта пастановы №991 — максымальна адысьці ад пасрэдніцкіх функцый у эканоміцы краіны, падкрэсьліў Сяргей Сідорскі. Ён нагадаў, што прэзыдэнтам былі прыняты рашэньні, якія датычацца набыцьця таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў за межамі краіны па прамых дагаворах і кантрактах у вытворцаў. "Але, на жаль, ва ўмовах сусьветнага фінансавага крызісу многія кампаніі працуюць за межамі краіны з юрыдычнымі асобамі, якія зарэгістравалі толькі па горадзе Мінску 6,3 тысячы фірм, што не займаюцца вытворча-гаспадарчай дзейнасьцю", — сказаў прэм'ер-міністр. І яны завозяць на дзяржаўныя прадпрыемствы тавары і камплектуючыя. Такім шляхам у Беларусь завезена за 6 месяцаў прадукцыі больш як на 600 мільёнаў даляраў. Такім чынам, падмяняецца работа камерцыйных і забеспячэнскіх службаў дзяржпрадпрыемстваў і ААТ з доляй уласнасці дзяржавы.
Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што прынятая мера павінна навесці парадак у гэтай сферы. Забяспечваць таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі прадпрыемствы павінны збытавыя арганізацыі, якія гэтым займаюцца і атрымліваюць за гэта зарплату, адзначыў прэм'ер-міністр.