Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вечныя аптымісты” ва ўрадзе павінны знайсьці 5 мільярдаў


Сёньня ў Менску прайшла нарада Савету Міністраў, на якой падводзіліся эканамічныя вынікі першых шасьці месяцаў году. Наколькі апраўданы аптымізм беларускага ўраду, які сьцьвярджае, што на канец году ня будзе зафіксаваны спад вытворчасьці? Ці ёсьць шанцы ва ўмовах крызісу ўтрымаць стабільны курс беларускага рубля і ўзровень жыцьця насельніцтва?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканаміст Леанід Злотнікаў і выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксандар Кавалёў.

Аляксандар Кавалёў
Леанід Злотнікаў
Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: “28 ліпеня ў Менску прайшла нарада Савету Міністраў, на якой падводзіліся вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны за першыя шэсьць месяцаў году. Віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што хаця ў першым паўгодзьдзі аб’ём прамысловай вытворчасьці скараціўся на 3,6 працэнта, па выніках году ўрад чакае аб’ём прамысловай вытворчасьці 99-100 працэнтаў да леташняга ўзроўню. З гэтым прагнозам не пагадзіўся памочнік прэзыдэнта Беларусі Сяргей Ткачоў, які назваў яго занадта аптымістычным і заявіў на паседжаньні: „На чым будуецца ваш аптымізм, калі цяпер прадпрыемствы 80-90 працэнтаў заробку выплачваюць за кошт крэдытаў?“ З кім бы вы больш пагадзіліся, якое меркаваньне вам здаецца больш абгрунтаваным?”

Спад будзе працягвацца


Злотнікаў: “З майго пункту гледжаньня,
Ніякіх чыньнікаў, якія б прывялі да павелічэньня вытворчасьці ў Беларусі, няма.
Ткачоў бліжэй да праўды. Ніякіх чыньнікаў, якія б прывялі да павелічэньня вытворчасьці ў Беларусі, няма. У Расеі зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці чакаецца 15-20 працэнтаў. Калі ў Расеі няма разьвіцьця прамысловасьці, то ня будзе попыту і на многія беларускія тавары. Гэта будзе галоўным чыньнікам, які паўплывае на вынікі другога паўгодзьдзя”.

Цыганкоў: “Акурат учора Аляксандар Лукашэнка казаў пра тое, што трэба падключаць бізнэсмэнаў, каб яны дапамаглі разгрузіць склады беларускіх прадпрыемстваў. Сёньня ж прадпрымальнікі накіравалі ў МЗС прапановы па спрашчэньні працэдуры замежнага гандлю. Можа, урад спадзяецца прадаваць не ў Расею, а ў іншых кірунках?”

Злотнікаў: “Наша машынабудаваньне, тавары лёгкай прамысловасьці, прадукцыя сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці — амаль усё гэта ідзе выключна ў Расею. Ня думаю, што прадпрымальнікі тут чым-небудзь дапамогуць, — можа, на некалькі працэнтаў павялічаць наш збыт, ня болей”.

Цыганкоў: “Спадар Кавалёў, наколькі рэалістычным вам падаецца прагноз віцэ-прэм’ера Сямашкі?”

Кавалёў: “Ведаеце, я яшчэ большы пэсыміст у гэтай справе, чым дарадца прэзыдэнта Ткачоў. Зусім ня верыцца ў тое, пра што казаў Сямашка. Апошнія паўтара года ў Расеі пачаўся спад у крэдытаваньні многіх галінаў прамысловасьці. А паколькі ўсё беларускае абсталяваньне і машыны звычайна куплялася за банкаўскія крэдыты, то моцна ўпаў попыт на беларускія тавары.

Ці здолеем мы пераключыцца, дзякуючы прадпрымальнікам, на іншыя рынкі? У гэта таксама мне ня верыцца, бо ўзровень беларускай прадукцыі (асабліва той, што ляжыць на складах) ня вельмі адпавядае патрабаваньням эўрапейскіх пакупнікоў ці любых іншых пакупнікоў не з краінаў трэцяга сьвету.

Таму, на маю думку, спад вытворчасьці па выніках году будзе нават большы, чым цяперашнія 3,6 працэнта. Падзеньне будзе працягвацца”.

Цыганкоў: “Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэньні Савету Міністраў заявіў, што „ў Беларусі прынята дастаткова рашэньняў па выкананьні пастаўленых перад эканомікай задач“. Сэнс ягоных словаў у тым, што рашэньні ўжо прынятыя, і трэба толькі іх выконваць. Ці сапраўды ўрад ужо зрабіў настолькі добрыя крокі, што застаецца толькі іх выконваць?”

Кавалёў:
Мы доўга “будавалі будаўніцтва” як галіну. А выявілася, што гэта людзям ня так і патрэбна па рэальных цэнах.
“На маю думку, найлепшая эканоміка тая, дзе не патрэбны ніякі ўказ уладаў, каб яна працавала, дзе яна працуе без рэгуляваньня і ўмяшаньня. Спадар Сідорскі — нейкі надта вялікі аптыміст. Сёньня ён казаў пра тое, што будаўніцтва павінна стаць нейкім лякаматывам эканомікі.

Але амаль дзесяцігодзьдзе эканоміка атрымлівала дадатковае банкаўскае крэдытаваньне. Гэтых крэдытаў было выдадзена занадта шмат. І справа тут не ў амэрыканскай банкаўскай сыстэме, якая нібыта спарадзіла крызіс, а ў сваёй, беларускай. І гэтыя крэдыты часта ішлі ў тыя галіны эканомікі, тавары якіх канчатковым пакупнікам былі ня вельмі патрэбныя. Напрыклад, мы доўга “будавалі будаўніцтва” як галіну. А выявілася, што гэта людзям ня так і патрэбна па рэальных цэнах”.

Цыганкоў: “Вы казалі, што добрая эканоміка тая, дзе ўлады ня ўмешваюцца. Але нават Маргарэт Тэтчэр у Брытаніі ў 80-я гады вымушаная была жалезнай рукой дзяржавы рабіць рыначныя пераўтварэньні, праводзіць прыватызацыю. Што зараз павінна, на вашу думку, зрабіць беларуская ўлада, каб правесьці лібэралізацыю эканомікі?”

Кавалёў: “Сёньня краіне найперш патрэбны нармальны фондавы рынак, нармальны рынак каштоўных папер, калі прадпрыемствы могуць выпускаць свае акцыі і аблігацыі. І, адназначна, трэба праводзіць прыватызацыю. Па-другое, каб разгрузіць склады, трэба зьнізіць цэны. І першае, што тут трэба зрабіць, — распусьціць усе аддзелы па кантролі за цэнаўтварэньнем”.

Сідорскі і Сямашка ў лютым
ужо абяцалі пад’ём у гэтым квартале


Злотнікаў: “Сідорскі ўвогуле заўсёды быў аптымістам, як і віцэ-прэм’ер Сямашка. Яшчэ напрыканцы лютага яны сьцьвярджалі, што эканоміка пачне разьвівацца ўжо ў другім квартале, і мы ўжо ў сярэдзіне году выйдзем на 5-6 працэнтаў росту. А ў канцы году атрымаем нашы прагнозныя паказьнікі — 10 працэнтаў. Мы бачым, што нічога гэтага не адбываецца, што ня вельмі ўрад разумее, як працуе эканоміка.

Па-другое, а што было такое ўрадам прынята? Размовы ідуць пра лібэралізацыю і пра будаўніцтва жыльля як лякаматыў эканомікі. Што да лібэралізацыі, то яе пакуль няма. Дзяржава найперш павінна адысьці ад рэгуляваньня цэнаў і адысьці ад усталяваньня розных загадаў і паказьнікаў — што і каму рабіць, што будаваць, вырабляць і куды экспартаваць. І пакуль гэтага не адбудзецца, то ў Беларусі ня будзе эфэктыўнай эканомікі.

Што да жыльлёвага будаўніцтва, то гэта вельмі страшная памылка ўраду — рабіць яго прыярытэтам і выдаваць пад гэта такія вялізныя крэдыты”.
Кавалёў: Нацбанк трымае ў галаве нейкую наступную дэвальвацыю


Кавалёў: “Прагнозы на тое і прагнозы, каб іх пераглядаць, калі мяняюцца ўмовы. А ў нас прагноз атрымаў форму нейкага абавязковага пляну, які трэба выконваць усімі мэтадамі, якімі можна. І атрымалася пастка для эканомікі — прадпрыемства мае заданьне, дырэктар ведае, што будзе звольнены, калі яго ня выканае, і ён проста працуе на склад”.

Злотнікаў: “Акрамя сацыялістычных мэтадаў кіраваньня эканомікай, наш урад разам з прэзыдэнтам іншага ня ведаюць. І яны разам у разгубленасьці, бо ня ведаюць, што рабіць. І на рынкавую эканоміку пераходзіць ня ўмеюць, і адкінуць гэтае сацыялістычнае кіраваньне таксама ня могуць”.

10 мільярдаў у год для захаваньня сёньняшняга ўзроўню


Цыганкоў: “Наколькі на эканамічную сытуацыю можа ўплываць павелічэньне замежнага доўгу Беларусі? Ці магчыма ўтрымаць курс рубля ва ўмовах нарастаньня даўгоў?”

Злотнікаў: “Сёлета мы павінны вярнуць ад 5 да 6 мільярдаў даляраў. На абслугоўваньне пазык і выплату дывідэндаў на прамыя інвэстыцыі — каля мільярду. Акрамя таго, трэба закрыць гэтую “дзірку”, якая ўтвараецца ад нэгатыўнага сальда замежнага гандлю — каля 4 мільярдаў на гэты момант.

Такім чынам, у год патрэбна 10-11 мільярдаў даляраў, каб ня падаў узровень жыцьця насельніцтва, каб не адбывалася дэвальвацыі. На гэты момант сёлета пазычылі каля 6 мільярдаў, патрэбна яшчэ 5. Калі да канца году ня знойдуць, дзе ўзяць такія грошы, то будзе вельмі цяжка ўтрымаць даходы насельніцтва хаця б на цяперашнім узроўні”.

Кавалёў: “На маю думку, мы ня знойдзем гэтыя 5 мільярдаў і не ўтрымаем курс. Калі паглядзець на сёньняшняе рашэньне Нацбанку пра забарону крэдытаваньня фізычных асобаў у валюце, то там ясна напісана прычына. Бо мы атрымліваем заробкі ў беларускіх рублях, і калі „нешта здарыцца“, то ў чалавека ня хопіць грошай, каб гэтую пазыку вяртаць. Гэта азначае, што Нацбанк трымае ў галаве нейкую наступную дэвальвацыю”.

Злотнікаў: “Сытуацыю можна было б утрымаць, калі б удалося хутка прадаць дзяржаўную маёмасьць на мільярды даляраў. Але, на маю думку, гэта малаверагодна”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG