Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна як гандаль і гандаль як вайна.


Стась Івашкевіч
Стась Івашкевіч

Эканамічныя нататкі мільянэра (будучага).

Кожны ўсплеск беларуска-расейскага гандлёвага канфлікту выклікае абмеркаваньне, якое нагадвае доктарскі кансыліюм над ахвярай аўтамабільнай катастрофы. Адзін лекар кажа, што прычына сьмерці ў тым, што ў пацярпелага быў слабы пазванок. Другі ўказвае на нездаровае сэрца. Але ж незалежна ад асобных сымптомаў – сапраўдная прычына гібелі ў тым, што чалавек патрапіў у аварыю. Дык што ж за аварыя здарылася ў беларуска-расейскіх дачыненьнях, і ці ёсьць у пацярпелага шансы на выжываньне?

ЗЬМЕСТ

Што стаіць за гандлёвымі войнамі?

З–за чаго пачаліся гандлёвыя войны?

Чаго дамагалася Расея?

Калі пачаліся гандлёвыя войны?

Як беларускі ўрад змагаўся з наступствамі гандлёвых войнаў?

Што выратавала Менск ад кабалы?

Чаго дамагаецца Расея зараз?

Ці могуць гандлёвыя войны прывесьці да падзеньня ўраду Лукашэнкі?

Храналёгія гандлёвых войнаў



Што стаіць за гандлёвымі войнамі?

Палітыка? Расхожае тлумачэньне аналітыкаў, што расейскія гандлёвыя войны выкліканыя палітычным фліртам Аляксандра Лукашэнкі з Захадам, як і любое тлумачэньне, якое ўзятае з паверхні – на паверку не вытрымлівае крытыкі. Па-першае, гэтая гіпотэза выстаўляе ачольнікаў Крамля ў выглядзе закамплексаваных падлеткаў, якія за сваімі крыўдамі на здраду “малодшага брата” не заўважаюць таго, што сваім уціскам толькі падштурхоўваюць былога саюзьніка далей на Захад (напэўна, таму, што не чытаюць беларускую незалежную прэсу).

Дый наогул – першыя крокі насустрач Захаду Лукашэнка пачаў рабіць толькі ў 2007-ым годзе, калі гандлёвая вайна была ўжо ў самым разгары, а Беларусь, каб утрымаць тэмпы эканамічнага разьвіцьця, пачала імкліва залазіць у пазыкі. (Гл.досьлед: Як доўга можна жыць у крэдыт?). Эканамічная ды, хаця б і касьметычная, палітычная лібэралізацыя былі вымушаным крокам – прадыктаваным патрэбай знайсьці новыя крыніцы крэдытаў, інвэстыцыяў ды рынкі збыту.

Нарэшце, калі б Масква сапраўды імкнулася пакараць нявернага саюзьніка гандлёвым уціскам, дык чаму тады пайшла на саступкі ў той жа малочнай вайне? Чаму проста не пакінула ў сіле татальную забарону на ўвоз малака і мяса, як яна гэта зрабіла за некалькі гадоў да таго з Украінай, зруйнаваўшы яе малочны сэктар – нашмат па тых часах буйнейшы за беларускі? Што за паўмеры: то нібыта вайна, то ўрэшце нейкія дробныя тэхнічныя кампрамісы?

Эканоміка? Адна з прычынаў – гэта нявыгадна Расеі эканамічна. Скасаваўшы ў час глябальнай рэцэсіі такую важную для Беларусі крыніцу экспартных даходаў, Крэмль мог проста абрынуць эканамічную сыстэму суседа, зруйнаваўшы пры гэтым і рынак збыту для свайго экспарту, які ўсё ж прыносіць расейцам нейкіх 40 мільярдаў даляраў штогод. Расейская эканамічная датацыя Беларусі, паводле Пуціна, складае, для параўнаньня, каля чатырох мільярдаў даляраў.

Дык хіба Крэмль кіруецца толькі мэркантыльнымі эканамічнымі матывамі? Сапраўды, расейская індустрыя малакаперапрацоўкі і машынабудаваньня знаходзяцца ў трывожным стане, асабліва апошнім часам. Урэшце, калі глядзець аб'ектыўна, Крэмль збольшага дамагаецца ад Менску датрыманьня папярэдніх дамоўленасьцяў, а субсыдыі не скасоўвае, а памяншае, што ва ўмовах крызісу выглядае даволі лягічна.

Таксама не стыкоўваецца. Выкарыстоўваючы выгады аўтарытарнага кіраваньня, расейскі ўрад можа сабе дазволіць ахвяраваць эканамічнымі інтарэсамі дробных, і ня вельмі, вытворцаў, выкарыстоўваючы гэтыя сродкі на геапалітычныя мэты. У разгар крызісу Мядзьведзеў з панскага пляча дае Кіргізстану 2 мільярды даляраў, каб той выгнаў амэрыканцаў са сваёй авіябазы. Той жа Газпром, выбіваючы зь Менску дзьве сотні мільёнаў запазычанасьці, укладае паўсотні мільярдаў у энэргетычны сэктар адной толькі Нігэрыі...вярнуцца ў зьмест

З–за чаго пачаліся гандлёвыя войны?

Геапалітычныя чыньнікі сапраўды іграюць першасную ролю ў дзеяньнях расейскага ўраду: Масква дамагаецца трывалага кантролю над беларускім удзельным княствам шляхам захопу кантролю над яго кармавымі палеткамі. Сёньняшнія падзеі зьяўляюцца працягам кампаніі, якая пачалася з прыходам да ўлады ў Расеі Ўладзімера Пуціна. Стратэгія яе была заснаваная на наступных разважаньнях.

Чаму Лукашэнку ўдавалася перагульваць Ельцына на дыпляматычным фронце і даіць датацыі, не даючы нічога ўзамен? Па–першае, дзякуючы неабмежаванай свабодзе палітычнага манэўру і рыторыкі. З прычыны асаблівасьцяў збудаванай сацыяльна–палітычнай сыстэмы прэзыдэнт Беларусі меў фактычна карт–бланш на любыя палітычныя дзеяньні як унутры краіны, так і на міжнароднай сцэне. Пры ўмове, вядома, датрыманьня сацыяльнага кантракту – стабільнага павышэньня дабрабыту. Па–другое, дзякуючы яго папулярнасьці ў рэгіёнах самой Расеі, дзе людзі таялі ад казак пра старыя савецкія часы і бачылі на ўласныя вочы кавалачак гэтага раю ў суседняй Беларусі. вярнуцца ў зьмест

Чаго дамагалася Расея?

Адпаведна быў выпрацаваны плян дзеяньняў – паціху вымываць зь Беларусі валюту шляхам скарачэньня датацыяў і заменай іх на крэдыты. Калі запазычынасьць дасягне крытычнай масы – утрымаць эканамічную стабільнасьць (а значыць – уладу) Лукашэнка зможа толькі шляхам распродажу прамысловасьці. Атрымаўшы кантроль над ключавой прамысловасьцю, Крэмль, па–першае, будзе мець поўны кантроль над датрыманьнем гэтага сацыяльнага кантракту, што забясьпечыць паслухмянасьць саюзьніка. Ну, і па–другое – калі Масква па льготнай цане выкупіць тыя прадпрыемствы, якія ёй інакш патрэбна самой будаваць (заводы па перапрацоўцы нафты, малака, машынаў) – акупяцца і ўсе папярэднія датацыі.

Лукашэнку гэта, вядома, не спадабаецца, але падацца куды яму ўсё роўна ня будзе – Захад ставіць заведама непрымальныя ўмовы дэмакратызацыі, якая пагражае стратай улады нашмат больш, чым крамлёўская рука. Уціск трэба пачынаць паволі, каб не напалохаць і, крый божа, не абрынуць рэжым, у які былі памешчаныя такія шматлікія інвэстыцыі. Надалей – трэба толькі ўзмацняць гэты ціск па меры ўмацаваньня ўлады ва ўласнай хаце. вярнуцца ў зьмест

Калі пачаліся гандлёвыя войны?

Да выкананьня гэтага пляну Пуцін прыступіў неадкладна, як толькі прыйшоў да ўлады ў 1999 годзе. Яшчэ будучы прэм'ерам, за некалькі тыдняў да адстаўкі Ельцына, Пуцін ініцыяваў падпісаньне чарговай дамовы аб Саюзнай дзяржаве, якая, аднак, адрозьнівалася ад мінулых канкрэтнымі патрабаваньнямі Масквы да Менску і жорсткімі рамкамі іх выкананьня (гл. Храналёгію гандлёвых войнаў).

Калі прыйшоў час выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, і Лукашэнка паспрабаваў па сваёй звычцы увільнуць, Пуцін няўхільна пачаў уводзіць санкцыі ў адказ, і з тых часоў мэтадычна іх узмацняў.

Ужо тады, з 2003–га году, Масква дзейнічала па тым жа сцэнары, як і ва ўсіх наступных кампаніях. У адказ на чарговую нагоду, якой зазвычай станавілася невыкананьне беларускімі партнэрамі узятых на сябе абавязацельстваў, Крэмль уводзіць драконаўскія санкцыі. Перапалоханы Лукашэнка кідаецца ў бой, дасылаючы праклёны на галаву сабатажнікаў інтэграцыйнага працэсу, і ў выніку гучнай "перамогі" дабіваецца палягчэньня ўмоваў на гэты час... узамен на новыя абавязацельствы. З кожнай такой бітвай зь беларускага бюджэту вымываецца чарговы (плюс–мінус) мільярд даляраў, і Менск няўмольна набліжаецца да прорвы, ад якой адзіны паратунак – распродаж маёмасьці. вярнуцца ў зьмест

Як беларускі ўрад змагаўся з наступствамі гандлёвых войнаў?



Гандлёвымі войнамі Расея пагражае абрынуць беларускі рубель, стабільнасьць якога зьяўляецца гарантам "сацыяльнага кантракту". Менск утрымлівае курс рубля выкарыстоўваючы залатавалютныя рэзэрвы, якія імкліва памяншаюцца. Папоўніць іх магчыма двума спосабамі - за кошт крэдытаў, ці продажу дзяржаўнай маёмасьці (менавіта да другога варыянту штурхае Лукашэнку Крэмль).
Да канца году беларускі ўрад спадзяецца ўтрымаць курс рубля за кошт наступных крыніцаў:

  • 2 млрд д. ЗША* - нявычарпаны крэдыт МВФ
  • 3 млрд д. ЗША* - продаж двух буйных банкаў (перамовы ў працэсе - гл. блог "Ці не заўчасна ў морг?")
  • 500 млн д. ЗША - апошняя транша расейскага крэдыту (тэрмін выдзяленьня невядомы).
  • 150 млн д. ЗША і 150 млн Эўра - выпуск кароткатэрміновых аблігацыяў Беларусбанку на ўнутраным рынку (вымушаны крок, каб кампэнсаваць дзірку, створаную затрымкай апошняй траншы расейскага крэдыту)
  • 2 млрд д. ЗША - крэдыт ад расейскага Ашчаднага банку (перамовы ў працэсе)
  • 1 млрд д. ЗША - крэдыт ад Усясьветнага Банку (перамовы ў працэсе)
  • ххх млрд д. ЗША* - крэдыт ад Эўразьвязу (перамовы ў працэсе)

Што выратавала Менск ад кабалы?

Пасьля таго як 23 сакавіка 2007–га году Менск падпісаў гандлёвую капітуляцыю і пачаў продаж банкаў і прадпрыемстваў, пераход ключавой беларускай прамысловасьці пад кантроль Крамля стаў пытаньнем некалькіх гадоў. Пустыя размовы пра лібэралізацыю выклікалі настолькі ж мала даверу на Захадзе, як і песьні пра Славянскае братэрства на Ўсходзе.



Паратунак зь нябёс Лукашэнку прынес ягогы грузінскі калега (у шматлікіх значэньнях слова) і ... эканамічны крызыс. За тры месяцы да абвалу сусьветнай цаны на нафту, якая прывяла беларускі бюджэт у крытычны стан, Саакашвілі накіраваў войскі ў Паўднёвую Асэтыю. Пад грымоты агня расейскай артылерыі па разгромленых грузінскіх войсках у Эўропе залунаў прывід прахалоднай вайны, а Лукашэнка прыдбаў сабе моцнага саюзьніка на Захадзе. вярнуцца ў зьмест

Чаго дамагаецца Расея зараз?

Ды ўсё таго ж. Толькі стаўкі крыху памяняліся. Пасьля таго, як заручыўшыся пэўнымі гарантыямі на Захадзе, Лукашэнка летам 2008–га году абвясьціў у сваім інтэрвію расейскім мэдыям, што "за проста так прадпрыемствы цяпер ужо не аддамо", Крэмль распачаў масавую атаку па ўсіх франтах: энэргетычных і гандлёвых. Ва ўмовах абвалу сусьветных цэнаў на нафту, Лукашэнка ў лістападзе быў вымушаны падпісаць папраўкі ў пагадненьне ад 23 сакавіка 2007, якія акрэсьлілі амаль поўнае скасаваньне расейскіх гандлёвых датацыяў, а таксама мусіў паабяцаць продаж ключавых прадпрыемстваў.

Атрымаўшы крэдытную падтрымку ад МВФ і разгарнуўшы рэактыўную кампанію пераўтварэньняў у справе падрыхтоўкі інвэстыцыйнага клімату для заходніх інвэстараў, Лукашэнка зараз спадзяецца калі ня цалкам пазьбегнуць выкананьня абяцаньня – продажу прадпрыемстваў за бясцэнак – то захаваць хаця б значную іх частку да прыходу інвэстараў з Захаду. Больш–менш значны наплыў зацікаўленых платаздольных заходнікаў можна чакаць не раней, чым у наступным годзе.

Да гэтага часу Масква будзе старацца даціснуць Беларусь да продажу ключавой прамысловасьці шляхам выцягваньня апошніх рэсурсаў з залатавалютных рэзэрваў, а ў найгоршым выпадку хаця б атрымаць найбольш вартасныя кавалкі. вярнуцца ў зьмест

Ці могуць гандлёвыя войны прывесьці да падзеньня ўраду Лукашэнкі?

У эканамічным абвале ў Беларусі (які, паводле спадзяваньняў апанэнтаў ураду, можа стварыць патрэбныя ўмовы для каляровай рэвалюцыі) не зацікаўлены ніводзін з бакоў. Расея, якая ўклала каля паўсотні мільярдаў субсыдыяў у краіну, зацікаўленая не ў падзеньні цяперашняга кіраўніцтва Менску, а ў тым, каб прымусіць яго правесьці абяцаны распродаж. Захад, які таксама ўклаў пэўныя сродкі ў краіну, можа разьлічваць на іх выплату толькі ў выпадку, калі эканоміка краіны застанецца жыцьцяздольнай. Да таго ж, беларускі крызіс нэгатыўна паўплывае на сытуацыю ва ўсім рэгіёне.

Ды і з палітычнага гледзішча і Расея, і Захад асьцерагаюцца, што сыход Лукашэнкі можа прывесьці да перамогі геапалітычнага суперніка ці да палітычнага і сацыяльнага хаосу, у чым у сябе пад бокам не зацікаўлены наогул ніхто.

Але і ратаваць беларускага кіраўніка любой цаной таксама ахвотных ужо няма. Так што ў найлепшым выпадку Лукашэнку ўдасца пры дапамозе заходніх крэдытаў дацягнуць рэформы да прыходу заходніх гульцоў. У найгоршым, калі пад цяжарам фінансавага каляпсу пад нагамі прэзыдэнта пойдуць фатальныя расколіны, ён зможа яшчэ на даволі доўгі час адцягнуць сваё асабістае падзеньне шляхам продажу прадпрыемстваў Маскве, у выпадку крайнасьці – адным пакетам, па вялікай аптовай скідцы. вярнуцца ў зьмест

Храналёгія гандлёвых войнаў


А як на Вашу думку будуць разьвівацца падзеі? Ці пойдзе Аляксандар Лукашэнка на неабходныя дэмакратычныя пераўтварэньні, каб атрымаць падтрымку Захаду? Ці Захад заплюшчыць вочы на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі дзеля дасягненьня геапалітычных ды эканамічных выгадаў? Ці здольны беларускі ўрад на неабходныя эканамічныя пераўтварэньні каб прыцягнуць інвэстараў? Дапішыце Ваш сцэнар падзеяў да Храналёгіі гандлёвых войнаў

*******************************************
Стась Івашкевіч вывучае курс бізнэс-мэнэджмэнту ў University of New York in Prague. Працаваў рэгіянальным аналітыкам рынку і мэнэджэрам па разьвіцьцю кансалтынгавых прадуктаў у сфэры фінансавых інструмэнтаў для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў буйнейшых эўрапейскіх кансалтынгавых агенцтвах Euromonitor International Plc i Marcus Evans Plc.


Напісаць аўтару можна на адрас ekanomik@gmail.com.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG