Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Мікалай Аўтуховіч трапіў за краты?


Пра прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча з Ваўкавыску ўпершыню стала чутно ўвосень 2003 году. Ён быў уладальнікам таксовак, наймаў кіроўцаў.

Падатковая служба арыштавала машыны, ён распачаў галадоўку пратэсту, яго падтрымалі кіроўцы. Ён заяўляў, што далёкі ад палітыкі, але праз год вырашыў балятавацца ў Палату прадстаўнікоў. Супраць яго мясцовыя ўлады выставілі, наколькі памятаю, настаўніцу, яна й стала дэпутаткай.

Мікалай Аўтуховіч цярпліва змагаўся за свае эканамічныя правы, наймаў адвакатаў, езьдзіў у розныя ўстановы, у гаспадарчы суд, яму налічылі вялікія штрафы нібыта за нясплачаныя падаткі. Прадпрымальнік пэрыядычна праводзіў акцыі пратэсту, яго таксоўкі выяжджалі на плошчу ў Ваўкавыску, каб зьвярнуць увагу на ціск з боку ўладаў, паколькі цярпелі й кіроўцы. Аўтуховічу нават удалося дамагчыся адмены некаторых судовых рашэньняў адносна яго.

Змаганьне за свае інтарэсы на свабодзе закончылася для яго ў сярэдзіне кастрычніка 2005 году, Аўтуховіча выклікалі па яго справе ў Горадню ва ўпраўленьне дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў і нечакана для яго арыштавалі. Вось што паведаміў тады Мікалай Аўтуховіч па тэлефоне, запіс усёй нашай размовы захаваўся.

Карэспандэнт: “Мікалай, добры дзень, што там здарылася?”

Аўтуховіч: “Ня ведаю, завялі крымінальную справу супраць мяне, сяджу ва УДФР-ы тут (упраўленьне дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў), я так разумею, выпускаць ня хочуць”.

Карэспандэнт: “А як называецца крымінальная справа, чаго датычыць?”

Аўтуховіч: “Напісана: узбудзіць крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, карацей, “няўплата падаткаў”, ухіленьне ад уплаты падаткаў у бюджэт”.

Карэспандэнт: “А вось гэтае рашэньне суду аб адмене?”

Аўтуховіч: “Якое рашэньне? Суду вярхоўнага, прэзыдыюму? Ну, ён адмяніў усе рашэньні, але гэта нічога ня значыць, яны ўбачылі тут іншае, напэўна, што нібыта парушыў дэкрэт прэзыдэнта, я так разумею”.

Карэспандэнт: “Дэкрэт які і за які год?”

Запрасілі азнаёміцца з актам экспэртызы і прад'явілі абвінавачаньне, карацей, падманулі, будзем так казаць
Аўтуховіч: “Чацьверты за 2003 год”.

Карэспандэнт: “А як цябе запрасілі сёньня туды і што адбылося?”

Аўтуховіч: “Запрасілі азнаёміцца з актам экспэртызы і прад'явілі абвінавачаньне, карацей, падманулі, будзем так казаць. Ня ведаю, я чакаю адваката, будзе допыт, буду потым нешта ведаць. Самае цікавае, што нават не выпускаюць мяне, гэта значыцца ў іх ужо заплянавана пасадзіць і да суду ня выпусьціць”.

Затым была першая доўгая галадоўка Мікалая Аўтуховіча за кратамі, яго перавялі з гарадзенскай турмы ў сталіцу. Ён не спыняў галадоўку і дамогся, каб яго перавезьлі ў Ваўкавыск пад хатні арышт. У Горадні пачынаўся суд над прадпрымальнікам, аднак ён уцёк і хаваўся два месяцы ў Менску.

Аўтуховіча высачылі і арыштавалі. Пачаўся суд, ён зноўку абвясьціў галадоўку. З прысуду вынікала, што Мікалай Аўтуховіч згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам павінен быў стварыць фірму таксі, аднак не стварыў, значыцца займаўся незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасьцю, ня маючы ліцэнзіі на пасажырскія перавозкі… Яму налічылі нясплачаныя падаткі за фірму, якой не існавала, якой ён не ствараў, працягваючы працаваць у якасьці індывідуальнага прадпрымальніка і наймаючы большасьць кіроўцаў у фірме “Ніка-транс”. Суд палічыў, што такім чынам Мікалай Аўтуховіч нанёс страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. 7 ліпеня 2006 году яго зьняволілі на тры з паловай гады з канфіскацыяй маёмасьці.

У студзені 2008 году пакараньне было заменена на папраўчыя работы па месцы жыхарства. У лютым 2009 году Аўтуховіч быў зноў арыштаваны. Гэта адбылося ў трэцюю гадавіну яго ўцёкаў з-пад хатняга арышту (ён не зьявіўся ў Кастрычніцкі раённы суд Горадні 9 лютага 2006 году).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG