Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч галадоўку не спыніў


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

90 дзён, як пачаў галадоўку пратэсту прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Як пачуваецца вязень і што новага ў ягонай справе?

Учора ў лякарні менскага сьледчага ізалятара казалі, што Аўтуховіч думае, ці ня скончыць сёньня галадоўку, якая ўжо дайшла да рэкорднага тэрміну — 90 дзён. Сёньня доктарка сказала, што галадоўка ня спыненая.

Карэспандэнт: “А як ён пачуваецца?”

Лекарка: “Здавальняюча. Ходзіць сам, перасоўваецца. Пакуль нармальна, а больш нічога сказаць не магу”.

Карэспандэнт: “А што ён сам кажа, калі зьбіраецца спыняць галадоўку?”

Лекарка: “Калі б ён нам казаў! Самі ў яго спытайце. Мне адказвае, што „не, а калі будзе час, то скажу“. Пакуль размовы на гэтую тэму няма, я толькі што ад яго”.

Мікалай Аўтуховіч патрабуе альбо перадаць ягоную справу ў суд, альбо выз­ва­ліць яго і ягоных сяброў пад падпіску пра нявыезд. У міліцыі не камэнтуюць зьвестак пра тое, што прад­пры­маль­ні­ка таксама падазраюць у пад­рых­тоўцы да тэракту.
Паводле адваката Паўла Сапелкі, які бачыўся зь вязьнем 10 ліпеня, Аўтуховіч схуднеў болей як на 35 кіляграмаў, у яго “кружыцца галава, дваіцца ў вачах”. Каб падтрымаць Аўтуховіча, лекары ставяць яму кропельніцы.

Стала вядома, што ў Ваўкавыск зь Менску вярнулася Людміла Парэмская, дырэктарка фірмы “Ніка-таксі 22222”, у якой да арышту працаваў Мікалай Аўтуховіч. Людмілу Парэмскую затрымалі і адвезьлі ў Менск 8 ліпеня. У фірме “Ніка-таксі 22222” пацьвердзілі, што Парэмская сёньня выходзіла на працу, але адмовіліся зь ёй злучыць, калі я назваўся карэспандэнтам “Свабоды”. Мабільны тэлефон спадарыні Парэмскай маўчыць. Паводле некаторых зьвестак, яна нібыта зьехала ў камандзіроўку.

Разам зь Мікалаем Аўтуховічам 8 лютага былі арыштаваныя паводле абвінавачаньня ў падпале дому міліцыянта былы намесьнік Аўтуховіча па кіраўніцтве фірмай “Ніка-транс” Юрый Лявонаў і былы супрацоўнік падатковай інспэкцыі Ваўкавыску Ўладзімер Асіпенка, які публічна падтрымаў прадпрымальніка ў ягоным канфлікце зь мясцовай падатковай службай. Дачка Асіпенкі Людміла ўчора мела з татам спатканьне. Дзяўчына кажа, што пасьля спатканьня была настолькі разгубленая, што адключыла мабільны тэлефон і толькі сёньня выйшла на сувязь. Вось што распавяла Людміла Асіпенка пра справу Аўтуховіча:

“У яго абвінавачаньне засталося як раней — у падпале, але вось пра Аўтуховіча яму вядома, што падазраюць і ў тэрарызьме. І тата кажа, што ён ня зьдзівіцца, калі ўзьнікне такое абвінавачаньне і для іх. Бо ў справе было, што ў гэтым падазраюць Аўтуховіча ды „іншых асоб“. Таму ён пэсымістычна настроены, кажа, што гэта справа „на замову“, а таму сьледчыя зробяць усё, што ад іх патрабуюць”.

Людміла Асіпенка паведаміла, што ў яе бацькі рэзка падае зрок і баляць зубы ад хляраванай вады, якую ўжываюць на “Валадарцы”. “Калі зьвяртацца там да стаматоляга, то лячэньне адно — рвуць зуб”, — перадае словы бацькі Людміла. Паводле яе, Уладзімер Асіпенка не выключае, што трымаць іх у ізалятары будуць яшчэ некалькі месяцаў. “Ён ведае пра галадоўку Мікалая Аўтуховіча, захапляецца ягонай мужнасьцю, але заклікае спыніць акцыю, каб уратаваць здароўе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG