Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хітрыя лічбы


Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю Беларусі за першыя пяць месяцаў сёлета, паводле афіцыйнай статыстыкі, дасягнула рэкорднай адзнакі — 3,2 мільярда даляраў. Параўнальна з тым жа часам летась яно павялічылася ў 1,85 раза.

Адмоўнае сальда зьнешнегандлёвага балянсу амаль зраўнялася з золатавалютнымі запасамі Беларусі, якія на 1 ліпеня складалі 3,8 мільярда даляраў. Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук тлумачыць суадносіны запасу і сальда ў цяперашняй беларускай сытуацыі:

“Рэзэрвы, па сутнасьці, адлюстроўваюць тыя крэдыты, якія мы атрымоўваем. А сальда — гэта тая хуткасьць, зь якой мы патрапляем у крызіс зьнешняга балянсу. І да той пары, пакуль сальда будзе пагоршвацца, няма ніякай магчымасьці падтрымаць стабільны беларускі рубель. І таму патрэбна будзе дэвальвацыя, каб зноў не патрапіць у даўгавую пастку. Каб не атрымалася так, што новыя пакаленьні беларусаў вымушаныя будуць працаваць над памылкамі цяперашняга ўраду”.

Эканамісты цьвердзяць: самы просты рэцэпт зьмяншэньня замежнага адмоўнага сальда — прадаваць больш за мяжу і менш завозіць імпартных тавараў.

Старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч нядаўна расказваў журналістам, як сёлета Нацбанк спрабаваў зьменшыць імпарт праз павелічэньне працэнтных ставак:

“Гэта адзіны наш манэтарны фактар, які мы скарысталі — высокія працэнтныя стаўкі, каб стрымліваць імпарт. Лішні імпарт тавараў у Беларусь. Каб зьмяншаць выдаткі золатавалютных запасаў на лішні імпарт”.

Завоз замежных тавараў у Беларусь і сапраўды значна скараціўся. Параўнальна зь мінулым годам — аж на траціну. Але экспарт упаў яшчэ больш — на 48%. Урад тым не меней заяўляе пра павелічэньне беларускага экспарту ў колькасным вымярэньні. Аднак ён не кажа, што кошты гэтага экспарту значна зьмяншаюцца. Якраз на гэтыя суадносіны ўчора зьвярнуў увагу амбасадар Польшчы Генрык Літвін, калі адказваў на пытаньне пра гандаль паміж дзьвюма краінамі:

“Гэта залежыць ад таго, хто як лічыць. Мы лічым трохі інакш, чым беларускія структуры. Калі лічыць так, як патрэбна, а менавіта — па коштах, якія пералічаныя ў эўра ці даляры, — то сёлета існуе спад дзесьці ў памерах 15%. Але калі лічыць па колькасьці тавараў, то тады зьявіцца нават маленькі рост. І менавіта пра такі падыход казаў наш віцэ-прэм’ер Паўляк падчас варшаўскага форуму. І я проста карыстаюся ягонай інфармацыяй”.

Яраслаў Раманчук кажа, што лічбам беларускай статыстыкі асабліва давяраць нельга:

“Калі параўнаць, напрыклад, памер беларускага экспарту ў Эўропу і памер імпарту з нашай краіны ў эўрапейскія краіны, то нідзе гэтыя лічбы не супадаюць. Гэта асабліва добра бачна на прыкладзе Галяндыі, якая была адным з нашых асноўных гандлёвых партнэраў. Але ж у галяндзкай статыстыцы тых лічбаў, якія дае беларуская, няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG