Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злотнікаў: “Гэта яшчэ не дэфолт, але…”


Беларусь павялічыла ліміт зьнешняга дзярждоўгу на 2 мільярды даляраў, альбо на 33%. Гэта зьвязана з чаканым атрыманьнем новых замежных пазыкаў. Паводле афіцыйных дадзеных, зьнешні дзярждоўг Беларусі за першы квартал павялічыўся на 34,1% і склаў амаль 5 мільярдаў даляраў. Ці ўяўляе пагрозу Беларусі падвышэньне яе запазычанасьці?

Паводле вынікаў сакавіка, асноўнымі крэдыторамі Беларусі выступалі Расея, МВФ, Вэнэсуэла, Усясьветны банк, Кітай і Італія. Цяпер чакаецца чарговая і апошняя транша расейскага крэдыту ў 500 мільёнаў даляраў і чарговыя траншы крэдыту МВФ больш як на паўтара мільярда даляраў. У зьвязку з гэтым павялічаны ліміт зьнешняга дзярждоўгу, што робіцца ня часта. Эканаміст Аляксандар Чубрык адзначыў:

Аляксандар Чубрык
“Беларусь падышла да таго этапу, калі мы пачалі назапашваць вонкавы доўг. У нас існуе шмат розных лімітаў. Усё рэгулюецца. У тым ліку рэгуляваўся і максымальны памер вонкавага доўгу. А калі ён рэгулюецца, яго трэба час ад часу пераглядаць, калі доўг расьце. Гэта як перагледзець бюджэт пражытковага мінімуму. Добра, што ня раз на квартал пераглядаецца, а так вось, першы раз. Відаць, хочуць яшчэ недзе набраць столькі грошай”.

Міністар фінансаў Андрэй Харкавец заявіў: маўляў, дзярждоўг Беларусі застаецца на нізкім узроўні. На 1-га красавіка ён складаў 10% валавога ўнутранага прадукту, а да канца гэтага году чакаецца яго павелічэньне да 14%. Аднак, паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, апроч дзярждоўгу ёсьць яшчэ запазычанасьць прадпрыемстваў і камэрцыйных банкаў.

Леанід Злотнікаў
“Ёсьць небясьпека ці не, гэта не залежыць ад велічыні гэтай запазычанасьці. А залежыць ад нашай магчымасьці нават і гэтую запазычанасьць пагасіць. Вось Кудрын сказаў, што ёсьць праблемы зь вяртаньнем расейскіх крэдытаў, нават выдзеленых на ільготных умовах. Справа ў тым, што нашы прадпрыемствы і банкі ў гэтым годзе павінны вярнуць каля 4 мільярдаў даляраў, якія былі запазычаны ў мінулыя гады. І вось як пагашаць гэтыя запазычанасьці — гэта праблема. А па-другое, увесь час расьце адмоўнае сальда зьнешняга гандлёвага балянсу. І гэтае сальда таксама трэба неяк пагашаць. Бягучая сытуацыя такая, што гэта цяжка аддаць. Гэта яшчэ не дэфолт. Але сытуацыя фінансавая цяжкая”.

Беларускі ўрад чакае новых крэдытаў. Да прыкладу, афіцыйны Менск накіраваў Расеі просьбу аб крэдыце ў 9 мільярдаў даляраў на будоўлю АЭС. Камэнтуючы сытуацыю, былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначыў, што сукупны доўг краіны ў два разы большы, чым чыста дзяржаўны.

Станіслаў Багданкевіч
“Куды ў нас гэтыя вялізныя крэдыты ідуць? Пераважна не на вытворчыя мэты, не на абсталяваньне, не на тэхніку, не на мадэрнізацыю вытворчасьці, а ідуць на аплату імпарту і на падтрыманьне абменнага курсу беларускага рубля. На праяданьне ідзе. І гэтая ўлада такім чынам можа пражыць, а ўжо будучыя ўрады і пакаленьні будуць разьлічвацца па гэтых даўгах”.

Паводле Станіслава Багданкевіча, цяперашні стан эканомікі Беларусі — гэта вынік палітыкі беларускага кіраўніцтва.

“Гэта ўсё памылкі ўнутранай эканамічнай палітыкі і памылкі той мадэлі, якую абраў аўтарытарны рэжым. Трэба мяняць мадэль, вырашаць праблемы, якія стаяць перад эканомікай. І не спадзявацца на зьнешнія пазыкі, што перажывем ліхалецьце з дапамогай зьнешніх грошай, а потым зажывем нармальна. Такога ж ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG