Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зэльцэр пацьвердзіў: Беразоўскі быў у Менску


Эмануіл Зэльцэр. Магілёў, 30 чэрвеня.
Эмануіл Зэльцэр. Магілёў, 30 чэрвеня.
Амэрыканец Эмануіл Зэльцэр, які адбыў у беларускіх турмах амаль 16 месяцаў і быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам 30 чэрвеня, расказаў некаторыя падрабязнасьці сваёй справы і судовага працэсу.

Судзілі Эмануіла Зэльцэра летась у жніўні ў Менскім гарадзкім судзе за зачыненымі дзьвярыма. Эмануіл Зэльцэр, які ўжо знаходзіцца ў Нью-Ёрку, праз тэлефон распавёў некаторыя дэталі гэтага працэсу. Той суд прызнаў амэрыканскага адваката вінаватым у спробе камэрцыйнага шпіянажу ды падробкі дакумэнтаў і асудзіў на 3 гады зьняволеньня.

Паводле Эмануіла Зэльцэра, асноўным сьведкам на працэсе быў Барыс Беразоўскі — расейскі алігарх-уцякач, які зараз жыве ў Лёндане. Эмануіл Зэльцэр ведаў Барыса Беразоўскага яшчэ як кампаньёна свайго кліента — грузінскага мільярдэра Бадры Патаркацышвілі. Менавіта зь Беразоўскім Зэльцэр сустракаўся ў Лёндане напярэдадні свайго прылёту ў Менск 12 сакавіка 2008 году. За месяц да таго Бадры Патаркацышвілі заўчасна памёр і паўстала пытаньне пра падзел ягонай маёмасьці. У гэтую барацьбу, паводле Зэльцэра, уключыўся і Беразоўскі. Як стала вядома нядаўна, прыляцеў у Менск Зэльцэр на асабістым самалёце Беразоўскага. Але не па сваёй волі, кажа амэрыканскі адвакат. І вось у жніўні ён зноў сустрэўся зь Беразоўскім — ужо ў Менскім судзе: адзін — у клетцы за кратамі, другі — пад аховай чалавека ў цывільным, узброенага пісталетам.

Эмануіл Зэльцэр:

— Ён ня толькі быў там. За ім хадзіў ахоўнік з аховы прэзыдэнта зь пісталетам. Ён быў асноўным сьведкам.

— Кажуць, што ён нават наведваў вас у турме і нібыта казаў, што калі вы не прызнаеце сваёй віны, дык адтуль ня выйдзеце. Гэта так?

— Усё так. Мы размаўлялі 2 з паловай гадзіны.

— Чаму, на ваш погляд, Беразоўскага не затрымалі ў Беларусі? Ён жа ў Расеі абвешчаны ў вышук.

Адвакат зьвярнуўся да судзьдзі і пракурора, што гэты чалавек — зьбеглы злачынца і яго трэба затрымаць. Абодва ўсьміхнуліся.
— Адвакат зьвярнуўся да судзьдзі і пракурора, што гэты чалавек — зьбеглы злачынца і яго трэба затрымаць. Абодва ўсьміхнуліся.

— Такім чынам — рэакцыі ніякай?

— Як ніякай? Рэакцыя была — сьмех. А ў юрыдычным сэнсе судзьдзя адхіліў просьбу адваката. А сам Беразоўскі на гэта сказаў: так, я ў Расеі зьбеглы злачынца. Ха-ха-ха! Прыкладна так і сказаў. Гэта паказальна, як ён быў упэўнены ў сваёй беспакаранасьці.

Паводле Эмануіла Зэльцэра, гарантыю недатыкальнасьці Барысу Беразоўскаму даў беларускі суд. Пры гэтым амэрыканскі адвакат нагадаў, што раней, яшчэ ў Лёндане, сам чуў, як Барыс Беразоўскі размаўляе праз тэлефон з чалавекам, якога называў Аляксандрам. Зэльцэр мяркуе, што суразмоўцам Беразоўскага быў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле Эмануіла Зэльцэра, з таго часу Барыс Беразоўскі ўжо пачаў у розных краінах сьвету працэсы адносна спадчыны Патаркацышвілі:

— Ён такую справу вёў у Грузіі, але з трэскам прайграў. Вёў у Гібралтары — рашэньня яшчэ няма. Зараз вядзе ў Англіі, і назва судовага разбору такая: “Беразоўскі супроць спадчыны Бадры Патаркацышвілі”. У мяне ёсьць копія гэтага дакумэнту. Беразоўскі спрабуе даказаць, што яму належыць.

Калі была на працэсе размова, як я апынуўся ў Беларусі, ён не сказаў, як насамрэч адбылося — што я выпадкова папіў кавы з барбітуратамі. Але сказаў дастаткова блізка да гэтага: што я яго завабіў. Гэтак адкрыта і сказаў, што ў яго ёсьць інтарэсы ў гэтай справе, што ён партнэр Бадры Патаркацышвілі. А партнэрам ён сапраўды быў, пакуль не прадаў усе свае інтарэсы яму, гэта было 3 гады таму. Зараз ён заяўляе, што сапраўды прадаў, але ў іх было вэрбальнае, на словах, пагадненьне, што ў рэальнасьці ён застанецца 50% партнэрам. Дарэчы, у ЗША такое пагадненьне было б прызнана незаконным. Я як адвакат Патаркацышвілі такія ягоныя спробы заўсёды спыняў. І вось у чэрвені мінулага году павінен быў быць вельмі важны суд у Грузіі адносна тэстамэнту Патаркацышвілі. Беразоўскі заяўляў, што ён падроблены, і меркаваў, што калі мяне там ня будзе, то супроць іншых адвакатаў ён пасьпяхова яго выйграе. Таму мяне трэба было ізаляваць. Але гэтак атрымалася, што мае калегі былі не слабейшыя за мяне, і яны выйгралі гэты працэс“.
Вырашылі: з паршывай авечкі хоць воўны клок. І пачалі мной гандляваць.


Пра тое, што далей адбылося зь ім у Беларусі, Эмануіл Зэльцэр кажа, што стаў закладнікам, і параўноўвае гэтую сытуацыю з Самалі, дзе марскія піраты захопліваюць караблі, каб потым патрабаваць мільённыя выкупы:

— Вырашылі: з паршывай авечкі хоць воўны клок. І пачалі мной гандляваць. Прычым гэта рабілася непрыхавана. Я сябе гэтак і адчуваў — як закладнік.

Эмануіл Зэльцэр выйшаў на волю 30 чэрвеня. За некалькі гадзінаў да таго, як Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні амэрыканца, стала вядома, што МВФ задаволіў просьбу Беларусі аб павелічэньні крэдыту для краіны на 1 мільярд даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG