Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтка патрабуе з праваабаронцы 7 мільёнаў


Тамара Краснова-Гусачэнка зьявярнулася ў Віцебскі абласны суд, дзе праходзіць працэс над праваабаронцам Леанідам Сьвецікам, каб спагнаць з падсуднага 7 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за нібыта ўрон свайму здароўю.

Спадара Сьвеціка вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасьці – гэтае абвінавачаньне высунула супраць яго абласная управа КДБ. Паводле высноваў сьледчай групы, праваабаронца нібыта мае дачыненьне да напісаньня і распаўсюду лістоў ад імя “віцебскай філіі “Русского Национального Единства”.

Такія лісты цягам 2006-2007 гадоў атрымлівалі апазыцыйныя і грамадзкія актывісты. Аўтары допісаў пагражалі ім фізычнай расправай за палітычныя погляды і беларускую самасьвядомасьць. У той самы час, як сьведчаць матэрыялы крымінальнай справы спадара Сьвеціка, ліст ад імя РНЕ з падзякай за “ разгром беларускіх нацыяналістаў – беларускіх пісьменьнікаў” атрымала і старшыня віцебскай філіі праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі” Тамара Краснова-Гусачэнка. Аўтары выказалі спадзяваньне, што расейскамоўная паэтка-пенсыянэрка і надалей працягне “гэтую вялікую ачышчальную місію” і далучыцца да “шырокіх шэрагаў барацьбітоў за рускую ідэю на тэрыторыі Беларусі”.

На судзе Тамара Краснова-Гусачэнка распавяла, што мае крыўду ня толькі за гэты ліст: паводле ейных словаў, цягам некалькі мінулых гадоў нейкія асобы тэлефанавалі ёй па начох і маўчалі ў слухаўку, дасылалі дыскі з відэа- і аўдыёзапісамі “бэнээфаўскага зьместу”, а аднойчы па пошце на ейнае імя прыйшла бандэроль – цэлая скрынка значыкаў “За Свабоду”.

Спадарыня Краснова-Гусачэнка прызналася, што спачатку вінаваціла ў гэтым літаратараў -“канкурэнтаў” з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і нават пісала скаргі на кіраўніка віцебскай філіі Франца Сіўко ў Менск Мікалаю Чыргінцу.

Але цяпер, нягледзячы на тое, што віна Леаніда Сьвеціка ў справе “лістоў ад РНЕ” не даказаная, віцебская кіраўнічка СПБ заявіла, што гэта менавіта ён аказваў на яе маральны ціск. Таму ў грамадзянскім зыску, пададзеным у суд, яна напісала, што лісты і пасылкі сталіся прычынай стрэсу, які выклікаў абвастрэньне хваробы вушэй – атыту. І яна хоча спагнаць з праваабаронцы 7 мільёнаў рублёў у якасьці кампенсацыі за маральныя пакуты і лекі.

Суддзя абласнога суду Галіна Урбановіч зыск спадарыні Красновай-Гусачэнкі прыняла, адно што папрасіла прадставіць дакумэнты, якія маглі б засьведчыць сувязь паміж маральнымі пакутамі і хваробай вушэй. Грамадзянскі зыск супраць Леаніда Сьвеціка будзе разглядацца пад час вынясення прысуду.

Падсудны Леанід Сьвецік лічыць прэтэнзіі старшыні віцебскай філіі СПБ беспадстаўнымі. І па-ранейшаму цьвердзіць, што да напісаньня і распаўсюду лістоў ад імя РНЕ ня мае ніякага дачыненьня. Ён адзначае, што сьледзтва па ягонай справе вялося са шматлікімі парушэньнямі працэсуальнага заканадаўства. І падчас судовага працэсу, які распачаўся 10-га чэрвеня, ён падаў больш за 20 хадайніцтваў, каб былі праведзеныя дадатковыя экспертызы ды іншыя дзеяньні дзеля высьвятленьня ісьціны ў справе “лістоў ад РНЕ”. Аднак суддзя Галіна Урбановіч ніводнае такое хадайніцтва не задаволіла.

На думку Леаніда Сьвеціка, крымінальны перасьлед з боку КДБ і гэты судовы працэс ёсьць помстай за праваабарончую дзейнасьць: некалькі год запар ён кансультаваў віцебскіх актывістаў, які патрабавалі, каб міліцыя і Камітэт дзяржбясьпекі адшукалі тых, хто пагражае ім расправай. Але з адпаведных структур прыходзілі адмовы са спасылкамі на тое, што РНЕ — незарэгістраванае грамадзкае ўтварэньне, якога не існуе ў Віцебску.

Справа па “лістах ад РНЕ” была распачатая ў траўні мінулага году. Пасьля 9-гадзінавага ператрусу ў кватэры Леаніду Сьвеціку паведамілі, што ён будзе сьведкам у гэтай справе, праз колькі часу яму абвясьцілі, што ён ужо падазраваны, а з 31-га сакавіка гэтага году – абвінавачаны паводле артыкулу 130.1 Крымінальнага Кодэксу. Калі суд прызнае праваабаронцу вінаватым, яму пагражае тэрмін зьняволеньня да 5 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG