У апошні час падвысілася цікавасьць да гісторыі Мастоўшчыны.
У прадчуваньні турыстычнага буму з друкарняў пачалі выходзіць буклеты: "Мастоўскі раён", "Вандроўка ў Ліпічанскую пушчу", "Вас вітае Мастоўскі раён", карта-схема гораду і раёну з кароценькай гістарычнай даведкай.
У сеціве зьявіўся сайт Мастоўскага райвыканкаму, дзе таксама можна знайсьці зьвесткі пра гістарычнае мінулае.
Дарэчы, разуменьне таго, якую ролю займае родная мова ў жыцьці краіны, яшчэ не прыйшло – увесь пералічаны матэрыял на расейскай мове. Відаць, многа малочных рэк павінна яшчэ выліцца перад тым.
Чытаем : “Масты – адзін са старэйшых гарадоў Гарадзенскай вобласьці. Першы раз пра горад згадваецца ў Літоўскай мэтрыцы у 1486 годзе. У 1539 г. ў мястэчку быў пабудаваны касьцёл.Зямлю пад яго выдзеліла Каралева Бона – жонка Вялікага Князя ВКЛ”.
Вось гэта ўжо цікава – касцёл ад 1539 году… Нядрэнна было б дапамагчы ўсім, хто хоча паэксплюатаваць гістарычную спадчыну “сабе на карысьць ды людзям на пользу”.
Пытаемся у мастаўчан, як прайсьці да касцёлу, што зьявіўся ў XVI стагодзьдзі ці хаця б да месца, дзе ён быў. Ніхто ня ведае. Усе пасылаюць да сучаснага касцёлу.
Год яго нараджэньня – 1997, а парафія створаная толькі ў 1992-м. Касьцёл, як і ўвесь мікрараён, стаіць на асушаных землях.
Дык мо той, старажытны, ператварылі ў царкву чы клюб? Але ж не, царква наша таксама стаіць на землях, дзе раней было балота. Ніхто з прашчураў да такога не дадумаўся б. Ёсьць, праўда, яшчэ адна царква – драўляная, на могілках. Год яе пабудовы 1910, а самыя старыя помнікі каля яе датуюцца тымі ж гадамі.
Знаходзім сьведчаньне яшчэ пра адну сьвятыню: «Першую праваслаўную царкву на левабярэжнай частцы г. Масты пабудавалі ў 1907 годзе, калі побач царскі ўрад пракладваў чугунку. Яна знаходзілася на цяперашняй вуліцы Шарэйкі», – так піша былы дырэктар мастоўскага музэя «Лес і чалавек» Лявон Барташ у сваім артыкуле «Мастоўскія абарыгены» «У левабярэжным колішнім храме зрабілі клюб, там круцілі кіно і ладзілі танцы. Хутка храм згарэў».
Дык мо містычны касьцёл хаваецца пад шыльдай якой-небудзь крамы, канторы чы клюбу? Прааналізавалі ўсе больш-менш магчымыя варыянты. Падобна на тое, што ўсе яны пабудаваныя пасьля другой сусьветнай вайны. А рэдкія даваенныя, якія называюцца баракамі, доўгія, нібы вагоны – у іх жывуць сем'і з двух бакоў.
Пашукаем тады праўду ў друкаваных выданьнях, энцыкляпэдыях... Аднак – не, спрэс нічога новага, акрамя ўжо напісанага. І ўсё ж урэшце штосьці цікавае знаходзім у кнізе «Памяць» Мастоўскага раёну – схему, створаную В.Белазаровічам. Называецца «Плян горада Масты сярэдзіны XVI стагодзьдзя” на падставе пісцовай кнігі Гродзенскай эканоміі.
Касьцёл тут ёсць. Цудоўна, дзякуй Белазаровічу! Знайсьці тое, што памечана на карце, ужо ня так складана.
Але дзіўная рэч: чаму Зяльвянка тады называлася Галавачоўка? Глядзім уважліва, аналізуем.
Эўрыка! Гэта не Масты, а Масты правыя. Усё праясьняецца: памянялі назвы! Пасёлак фабрычны стаў называцца пасёлкам Масты, потым – горадам Масты. Старадаўняе мястэчка Масты зьмяніла назоў і ператварылася ў вёску Масты правыя і Масты левыя.
Атрымліваецца, быў тут касьцёл! Мастаўчане – ці зараз ужо трэба казаць Правамастаўчане – з настальгіяй згадваюць пра ўнутранае хараство гэтага храма, пабудаванага зь ліпы. Быццам было яно падобнае да Сьвята-Троіцкага касьцёлу XVIII стагодзьдзя, што ў Плябанаўцах каля Струбніцы, і які зараз ахоўваецца як гісторыка-культурная каштоўнасьць.
Правамастоўскі XVI стагодзьдзя касьцёл зьнішчылі барбары напрыканцы 1970-х гадоў. Па законах нашага часу яны б ужо сядзелі ў турме. Руйнавалі не сваімі рукамі. Добраахвотнікаў не знайшлося, тады прывезьлі “сутачнікаў”. Прыгналі пажарныя машыны, каб у разе чаго адганяць людзей. Двума магутнымі трактарамі зь вялікай цяжкасьцю яго развалілі.
Доўга ляжалі руіны. Местачкоўцы – колькі ім ні прапаноўвалі – ня бралі паламанае на дровы і вывозіць не пагаджаліся. І вось аднойчы ноччу жанчыны падпалілі тое, што засталося, і мястэча з сумам назірала, як касьцёл роўненька з дымам узнёсься да неба. Па сёньня людзі, каму зараз пад сорак, успамінаюць тую падзею зь іхняга дзяцінства, таму што для бацькоў гэта была трагедыя.
На месцы касьцёлу засталася толькі плябань і магіла ксяндза з помнікам. Ня так даўно трое мужчын на ытм папівалі піва. Абвалілася велізарнае дрэва, забіла аднаго зь іх і зваліла помнік. Пашкоджаны, ён зараз стаіць на тэрыторыі новага касьцёлу, які вернікі збудавалі напрыканцы мінулага стагодзьдзя. А на месцы колішняга – дарога і крама, каля якой мясцовыя выпівохі даволі часта рабуюць сваіх аднавяскоўцаў.
Вось такая сумная гісторыя, якую не згадваюць буклеты і даведнікі.
А дарма: праўда і толькі праўда можа прывабіць турыстаў наведваць гэтыя мясціны, дзе ўся даўніна зруйнаваная і заблытаная.