“Каб прадэманстраваць сваю незадаволенасьць апошнімі дзеяньнямі Масквы, Лукашэнка загадаў увесьці мытны кантроль на беларуска-расейскай мяжы — нягледзячы на тое, што падобнае рашэньне супярэчыць мэтам нядаўна створанага ў эўразійскім рэгіёне мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану”, — піша францускае выданьне Courrier International.
Паводле францускіх назіральнікаў, выглядае, што расейска-беларуская гандлёвая вайна вельмі раздражніла беларускага кіраўніка, хоць цалкам павярнуцца сьпінаю да Крамля залежная ад расейскага рынку Беларусь усё ж ня можа. Канфлікты паміж сталымі некалі хаўрусьнікамі, Менскам і Масквой, зрабіліся ў апошнія два гады відавочнымі. Менск пачаў папракаць Маскву за дарагі расейскі газ, а Масква, у сваю чаргу, прадэманстравала сваё раздражненьне ў сувязі з фліртам Менску з ЭЗ. Яна скарыстала той сродак, які звычайна выкарыстоўвае ў дачыненьнях са сваімі суседзямі — гандлёвыя абмежаваньні, а таксама замарозіла абяцаны Беларусі раней крэдыт.
Збліжэньне з ЭЗ — гэта не гульня
Камэнтуючы апошнія заявы Менску на адрас Расеі і ЭЗ, нямецкія аглядальнікі выказваюць меркаваньне, што беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка бярэ курс на збліжэньне з Эўропай.
Як піша маскоўскі карэспандэнт нямецкай Frankfurter Rundschau Кнут Крон, такую навіну днямі распаўсюдзіў міністар замежных спраў Славеніі Самуэль Жбогар, які нядаўна прысутнічаў на адкрыцьці інфармбюро Рады Эўропы ў Менску. Frankfurter Rundschau прыводзіць таксама нечаканыя для многіх словы беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі ў размове са спадаром Жбогарам: “Збліжэньне з ЭЗ — гэта не гульня, а ажыцьцяўленьне стратэгічнага курсу. Мы гандлюем з ЭЗ гэтулькі ж, колькі і з Расеяй. ЭЗ — гэта тэхналёгіі, крэдытныя рэсурсы, інвэстыцыі”.
Як піша выданьне, “прычына такога павароту Лукашэнкі ў бок Захаду палягае найперш у мностве праблемаў, якія набраліся апошнім часам у дачыненьнях паміж суседзямі”.
“Прэзыдэнту Беларусі час ад часу даводзіцца супраціўляцца спробам Масквы вярнуць былую рэспубліку ў зону ўплыву Крамля. Крэмль выкарыстоўвае дзеля гэтага найперш эканамічныя рычагі — кошты на газ ці крэдыты на ільготных умовах...”