Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скісла


Расейскае ведамства кантролю якасьці прадукцыі “Роспотребнадзор” адмовілася ад перамоваў з санітарнымі службамі Беларусі наконт аднаўленьня паставак беларускага малака і яго вытворных.

“Са 100 даярак 10 ведаюць, як даіць кароў, а рэальна доіць як трэба адна”

“Палітычны” смак беларускага малака

Прычыны і наступствы малочнай “вайны”

Малочная вайна цаной у мільярд даляраў

СЛУХАЦЬ:


Новыя расейскія пагрозы

Нагадаем, што ад 6 чэрвеня дзейнічае мараторый больш як на шэсьць сотняў найменьняў малочных вырабаў беларускай вытворчасьці.

(Расея ня першы раз выкарыстоўвае забарону на імпарт тавараў з краін, чыя пазыцыя не падабаецца Крамлю.)

Сёньня галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка заявіў, што неўзабаве такі ж лёс можа напаткаць яшчэ 800 найменьняў прадукцыі. Беларускія вытворцы кажуць, што ў такім выпадку сытуацыя наблізіцца да катастрафічнай: Расея для іх — асноўны напрамак экспартных паставак.

Яшчэ ўчора галоўны санітарны лекар Расеі і кіраўнік “Роспотребнадзора” Генадзь Анішчанка не выключаў, што неўзабаве могуць пачацца перамовы пра скасаваньне забароны на доступ беларускіх малочных прадуктаў у расейскі гандаль.

Аднак сёньня чыноўнік катэгарычна заявіў: Расея адклікае прапанову на вырашэньне скандальнай сытуацыі. Адначасова ён прыгразіў, што цягам бліжэйшага часу для продажу ў Расеі будуць забароненыя агулам паўтары тысячы найменьняў малочнай прадукцыі зь Беларусі. На яго перакананьне, усе яны не адпавядаюць расейскім стандартам якасьці:

Генадзь Анішчанка
“Мы ім неаднаразова ўказвалі на тое, што прыняты ў Расеі закон аб тэхнічным рэгуляваньні якасьці малака і малочнай прадукцыі імі не выконваецца. Аднак сытуацыя не зьмянялася, і мы прынялі рашэньне ўжо ануляваць больш за 600 рэгістрацыйных пасьведчаньняў, на падставе якіх гэтае малако завозілася на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі, і 55 рэгістрацыйных пасьведчаньняў на дзіцячую малочную прадукцыю”.

Калі пагрозы расейскага боку ажыцьцявяцца, расейскі рынак зачыніцца практычна для ўсіх беларускіх вытворцаў.

Калі не катастрофа, то блізка да гэтага

У “дарэглямэнтны” пэрыяд у Расею экспартавалася якраз паўтары тысячы найменьняў беларускай малочнай прадукцыі. Між тым шэраг вытворцаў з “чорнага сьпісу” “Роспотребнадзора” заяўляюць, што выканалі ўсе ўмовы расейскага боку, таму ўсе прэтэнзіі ў частцы сэртыфікацыі — надуманыя. Гаворыць прадстаўніца берасьцейскага прадпрыемства “Савушкін прадукт” Алена Бабкіна:
насамрэч гэтыя сэртыфікаты абноўленыя, атрыманыя зусім нядаўна, і яны адпавядаюць усім патрабаваньням Расейскай Фэдэрацыі...

“Я чула такую інфармацыю, але не магу сказаць, наколькі яна адпавядае сапраўднасьці. Справа ў тым, што ў нас усе сэртыфікаты перарэгістраваныя згодна зь беларуска-расейскім пагадненьнем на прывядзеньне ў адпаведнасьць сэртыфікатаў на базе іхных гігіенічных цэнтраў. Мы, прыкладам, рэгістрацыю праходзілі ў Смаленску. То бок па нашай прадукцыі пытаньняў не павінна быць увогуле, мы пастаянна абнаўляем сэртыфікаты. Але калі яны прымуць такое рашэньне, гэта, канечне, будзе калі не катастрофа, то блізка да гэтага. Бо насамрэч гэтыя сэртыфікаты абноўленыя, атрыманыя зусім нядаўна, і яны адпавядаюць усім патрабаваньням Расейскай Фэдэрацыі. І тое, што мы значымся ў пераліку Анішчанкі як прадпрыемства, якое мае пытаньні з сэртыфікацыяй, — насамрэч памылковае ўключэньне, таму што тыя сэртыфікаты, якія ён згадаў, яны ўжо несапраўдныя, у нас замест іх ужо ёсьць новыя сэртыфікаты. Ягоныя службы папросту неапэратыўна спрацавалі. То бок, маючы інфармацыю, унесьлі стары сьпіс”.

Малочная дыпляматыя ў Маскве


Да вырашэньня малочнай праблемы далучаюцца беларускія чыноўнікі самага высокага рангу. Сёньня перад адлётам у Маскву для ўдзелу ў паседжаньні міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заклікаў спыніць слоўныя баталіі адносна паставак малака ў Расею. Як заявіў Сідорскі, калі ў расейскага боку зьявіліся дадатковыя пытаньні па ўжо аформленых у адпаведнасьці з новым рэглямэнтам дакумэнтах, то трэба адказваць на гэтыя пытаньні, а ня ўцягвацца ў спрэчкі.

Апроч таго, сёньня правялі перамовы міністры замежных спраў Расеі і Беларусі. Асноўная тэма — заблякаваныя “Роспотребнадзорам” малочныя рэкі зь Беларусі. Па выніках размовы Сяргей Лаўроў і Сяргей Мартынаў падкрэсьлілі, што ня трэба пераводзіць тэхнічныя праблемы ў палітычнае рэчышча.

У прыватнасьці, Лаўроў зазначыў: Масква ня ўвязвае двухбаковае ўзаемадзеяньне зь нібыта абавязковым прызнаньнем Менскам Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Таксама Лаўроў сказаў, што захады супраць беларускай малочнай прадукцыі нельга называць санкцыямі супраць Беларусі: “Гэта мера, якая прадыктаваная выключна клопатам пра здароўе спажыўцоў”, — канстатаваў расейскі міністар.

У сваю чаргу, Сяргей Мартынаў дадаў, што тэхнічныя рэглямэнты абедзьвюх краінаў павінны паважацца. Папярэдне вырашана, што праблема ўсё ж будзе вырашацца па лініі адпаведных ведамстваў Расеі і Беларусі. (Яшчэ цытаты з прэсавай канфэрэнцыі.)

Удар па расейскіх спажыўцах

Тым часам некаторыя расейскія экспэрты прагназуюць рост цэнаў на малако ў Расеі, калі беларуская прадукцыя застанецца пад забаронай. Старшыня Міжнароднай канфэдэрацыі таварыстваў спажыўцоў Дзьмітрый Янін выказаў меркаваньне, што ў выпадку замарожваньня канфліктнай сытуацыі ўжо бліжэйшым часам кошты папаўзуць уверх на ўсе вытворныя ад малака — масла, сыр, сьмятану, тварог. Пры гэтым, як адзначыў экспэрт, паводле суадносінаў цана — якасьць беларуская прадукцыя ў Расеі была сярод найлепшых.

**********************************************
Беларуска-расейская малочная вайна ў лічбах:

- Датацыі вытворцам цэльнага малака: Беларусь - 24%, Расея - 3% (прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін)

- Імпарт цэльнага малака зь Беларусі ў Расею – 2 млн. тонаў за год (губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Яўгені Саўчанка)

- Аб'ём паставак малочнай прадукцыі зь Беларусі ў Расею ў 2008 годзе – больш за 1 мільярд даляраў (кіраўнік расейскага Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака (“Саюзмалако”) Андрэй Даніленка)

- Доля імпартнай малочнай прадукцыі на расейскім рынку – каля 30%. Доля Беларусі ў аб'ёме расейскага імпарту малочнай прадукцыі - 60%-70% (кіраўнік расейскага Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака (“Саюзмалако”) Андрэй Даніленка)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG