2005 год
Расея ўвяла забарону на імпарт расьліннай прадукцыі з Малдовы: гародніны садавіны, тытуню. Забарона дзейнічала два гады. Страты Малдовы незалежнымі экспэртамі ацэньваліся ў мільярды даляраў. Пасьля таго як пазыцыя Малдовы ў адносінах да Прыднястроўя памякчэла, забарона была зьнятая.
У той жа год Расея забараніла пастаўкі польскага мяса і гародніны. Паводле Масквы, забарона была выкліканая тым, што Польшча нібыта перапрадавала чужую прадукцыю, якая зьяўляецца небясьпечнай у фіта-санітарным і вэтэрынарным пляне. Незалежныя экспэрты зьвязвалі гэта з прыходам да ўлады ў Варшаве новага прэзыдэнта Леха Качыньскага, які дазваляў сабе антырасейскую пазыцыю ў многіх пытаньнях. Забарона трывала каля трох гадоў, была прадметам вострых дыскусій паміж Эўразьвязам і Расеяй.
2006 год
Калі Грузія на чале з прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі актывізавала празаходнюю палітыку і інтэграцыю ў НАТО, Расея забараніла продаж грузінскага віна на сваёй тэрыторыі. Галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка тады заявіў пра кепскую якасьць ды шматлікія фальсыфікацыі гэтага віна. У Тбілісі гэта назвалі палітычным рашэньнем. Праз некалькі тыдняў забаранілі і імпарт знакамітай грузінскай мінэральнай вады “Баржомі”. Прычыны такія самыя – нізкая якасьць і фальсыфікацыі. Дагэтуль гэтых грузінскіх тавараў расейцы пазбаўленыя.
Адначасова была ўведзеная забарона на і імпарт малдоўскіх він. Забарона дзейнічала каля года.
У студзені 2006 года Расея ўвяла забарона на імпарт нарвэскай рыбы. Фармальна – з-за выяўленых у рыбе сьвінцу і кадмію. Забарона зьявілася ў момант актывізацыі барацьбы нарвэскіх уладаў з незаконнай лоўляй рыбы расейцамі. Яна трывала некалькі месяцаў.
У той жа год Расея ўвяла абмежаваньні на ўвоз украінскага мяса і сыру. Тлумачылася гэта тым, што украінцы, як і палякі, нібыта перапрадавалі замежную прадукцыю. Адбылося гэта ў момант абвастрэньня адносін паміж Украінай і Расеяй, у час так званай першай газавай вайны. Незалежныя экспэрты зьвязвалі гэта з прыходам да ўлады ў Кіеве “аранжавай” каманды на чале зь Віктарам Юшчанкам.
2008 год
Расея забараніла пастаўкі гарбаты, кавы, рысу, арахісу і тытуню зь Індыі. Прычыны – знойдзеныя ў партыі кунжуту каправыя жукі. Экспэрты згадваюць, што ў той час Індыя адмовілася ад некаторых зьдзелак па набыцьці расейскай зброі.
2009 год
Забарона паставак мяса з ЗША са спасылкай на захворваемасьць сьвіней вірусам A/H1N1.
Забарона імпарту малочных прадуктаў зь Беларусі.
Сьпіс далёка ня поўны і не вычарпальны...