Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Са 100 даярак 10 ведаюць, як даіць кароў, а рэальна доіць як трэба адна”


Госьць “Свабоды” -- галоўны спэцыяліст вучэбна-досьледнай гаспадаркі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Андрэй Юркоў.

Эфір 8 чэрвеня

СЛУХАЦЬ:


Аляксей Знаткевіч:
6 чэрвеня Расея ўвяла забарону на ўвоз малочнай прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Як патлумачыў на адмысловай прэс-канфэрэнцыі галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка, крок выкліканы тым, што пры канцы мінулага году Расея ўвяла новы тэхнічны рэглямэнт на малочную прадукцыю, у які беларуская папросту ня ўпісваецца. Спадар Юркоў, наколькі сур'ёзна расейскія абмежаваньні ўдарылі па беларускіх вытворцах?

Андрэй Юркоў: Пакуль судзіць канчаткова яшчэ складана. Але ж, калі больш сур'ёзна разабрацца ў рынку, атрымліваецца, што нас выкідваюць з самага прыбытковага сэктару малочнага рынку. Гэта цэльнамалочная прадукцыя. Напрыклад, сыры, масла з большымі тэрмінам рэалізацыі можна пастаўляць з розных кропак зямнога шару -- з Новай Зэляндыі, з Аргентыны. Цэльнамалочная прадукцыя хутка псуецца, і таму яе няма мажлівасьці здалёк вазіць. Беларусь пастаўляла ў Расею значную колькасьць. Апошнім часам нашы заводы пераходзілі на экспарт малочнай прадукцыі ў Расею і атрымлівалі досыць добры прыбытак. А так нас з гэтага сэгмэнту рынка выкідваюць.

Знаткевіч: Віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза сьцьвярджае: па ўсіх відах прадукцыі, якая пастаўляецца ў Расею, неабходныя дакумэнты былі аформленыя і пацьверджаныя ў “Роспотребнадзоре”. Аднак некаторыя гатункі прадпрыемствы вырашылі больш не вырабляць ці адмовіліся ад іх экспарту. Вось на гэтыя віды дазволы атрыманыя якраз і не былі. Наколькі гэта справядліва?

Нашы чыноўнікі ад сельскай гаспадаркі, і ўвогуле ўрадавыя, займаюць пазыцыю страуса, які галаву ў пясок хавае
Юркоў:
Заўжды нават пры кепскай гульні дзяржаўныя чыноўнікі спрабуюць зрабіць добрыя твары. Вы самі ведаеце нашу бюракратычную сыстэму. У Расеі, я лічу, яна нічым не лепей, а можа і горай за нашу. Заўжды хтосьці дакумэнты адпраўляе, праз міністэрства сельскай гаспадаркі, потым яны недзе губляюцца. Таму можна казаць усё што заўгодна, але факт ёсьць факт. На сёньняшні дзень гэтыя абмежаваньні існуюць. І гэта палітычнае ці эканамічнае рашэньне, але ж яно будзе вырашацца для Беларусі вельмі няпроста, зразумела.

Знаткевіч: Ці былі гэтыя абмежаваньні нечаканасьцю?

Юркоў: Безумоўна, не. Але ж доўгі час, на жаль, нашы чыноўнікі ад сельскай гаспадаркі, і ўвогуле ўрадавыя, займаюць пазыцыю страуса, які галаву ў пясок хавае. Ужо больш за год час ад часу розныя беларускія прадпрыемствы ліхаманіла. Увесь час Расея ўводзіла пэўныя абмежаваньні. Напрыклад, па Магілёўскай вобласьці яны кранулі Мсьціслаўскі завод, Чавускі і Асіповіцкі малочны камбінат і Шклоўскі малочны завод . І гэта даўно ўжо цягнулася, ўсё да гэтага ішло. І таму проста рабілі выгляд, што нічога няма. Спрабавалі якімісьці там напэўна кулюарнымі, адміністрацыйнымі шляхамі вырашыць гэта пытаньне, на сутнасьці не мяняючы нічога на месцах.

Знаткевіч: І гэтага не атрымалася вырашыць?

Юркоў: А яно і не магло атрымацца. Калі хвароба існуе, можна яе ігнараваць пэўны час, але ж трэба яе вырашаць якімісьці сродкамі, лячыць, можа і радыкальным мэтадам.

Аляксей Знаткевіч
Знаткевіч:
Вы ўжо сказалі пра сур’ёзную бюракратычную сыстэму ў Расеі. Наколькі цяжка цяпер атрымаць патрэбныя дакумэнты паводле тых патрабаваньняў, пра якія гаварыў спадар Анішчанка?

Юркоў: Пытаньне ў тым, што ёсьць заўжды да чаго дакапацца, па-народнаму, кажучы. Адна справа, калі ты афармляеш патрэбныя дакумэнты і перадаеш, іншая справа, што ты туды вязеш. У дадзеным выпадку, наколькі я валодаю інфармацыяй, на мяжы Расея затрымлівала з розных нашых малочных прадпрыемстваў розныя віды прадукцыі і правярала іх на ўтрыманьне антыбіётыкаў, прынамсі. Яны закупілі цяпер сучаснае эўрапейскае ці амэрыканскае абсталяваньне, якое дазваляе нават малыя сьляды антыбіётыкаў у малацэ знаходзіць. Гэта першы крок.

Любая прадукцыя, якую робіць любы наш вырабнік, павінна адпавядаць лепшым стандартам сусьветнай якасьці. Тады ня будзе праблемы ці ў Расею прадаць, ці ў Канаду ці яшчэ куды...
І таму падставы былі цалкам афіцыйныя – “мы знайшлі ў прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў антыбіётыкі” і потым можна казаць пра рэглямэнт, але ж гэта рэч, якую не схаваеш. Таму я думаю, што галоўная праблема ня ў тым, як гэтыя дакумэнты афармляюцца. Галоўная праблема ня ў тым нават, хто будзе і як вырашаць гэтую праблему -- адміністрацыйным шляхам ці шляхам наўпроставых перамоваў беларускіх прадпрыемстваў з расейскімі пакупнікамі. Галоўнае пытаньне ў якасьці нашай прадукцыі. І таксама ў тым, што расейкі рынак перанасычаны ўвогуле малочнай і мясной прадукцыяй.

Знаткевіч: Вы сказалі, што невядома, палітычная ці эканамічныя прычыны ў гэтых абмежаваньнях, тым ня менш некаторыя назіральнікі гавораць, што тыя абмежаваньні, якія дзейнічаюць у адносінах да беларускай прадукцыі, дзейнічаць ня толькі да беларускай. Маўляў, такую самую дакумэнтацыю не атрымалі некаторыя расейскія вытворцы, і некаторыя вытворцы з балтыйскіх краінаў. Наколькі на вашую думку, Расея менавіта беларусаў вылучыла ў нейкую асобую катэгорыю?

Беларусь 90 працэнтаў сваёй малочнай прадукцыі экспартуе ў Расею і, ўлічваючы, што наша прадукцыя па якасьці яшчэ знаходзіцца далёка ад сусьветных стандартаў, мы практычна больш нікуды прадаваць ня ў стане
Юркоў:
Трэба сказаць, што Беларусь 90 працэнтаў сваёй малочнай прадукцыі экспартуе ў Расею і, ўлічваючы, што наша прадукцыя па якасьці яшчэ знаходзіцца далёка ад сусьветных стандартаў, мы практычна больш нікуды прадаваць ня ў стане. Таму гэта для нас вялізная праблема. Тая ж Прыбалтыка, наколькі я памятаю, літоўскія заводы час ад часу таксама траплялі пад гэтыя санкцыі, але ж яны траплялі па чым заўгодна, толькі не па антыбіётыках, былі розныя іншыя рэчы. Гэта элемэнтарныя рэчы. Наяўнасьць антыбіётыка -- гэта ўсё, адназначна прадукцыя выбракоўваецца. Таму тут усё ж эканамічная рэчы. У Расеі апошнія два, тры, чатыры гады ішлі буйныя нацыянальныя праекты -- вялікія ўкладаньні бюджэтных сродкаў у сельскую гаспадарку. Калі едзеш па Расейскай Фэдэрацыі, Смаленшчына і Браншчына такія ж дзікія і засталіся. Заяжджаеш у Арлоўскую вобласьць, далей Курская, Белгародзкая, то там проста фантастычнае будаўніцтва.

Там вялізарныя сродкі ўкінутыя ў сельскую гаспадарку, там вельмі добрая ўрадлівая глеба, чарназёмы, і таму усё ж рост вытворчасьці там быў значны, асабліва таварнай вытворчасьці малака і мяса. А сёньня ва ўмовах крызісу прыкладна на 20-25 працэнтаў па розных падліках зьнізілася спажываньне малочнай і мясной дарагой прадукцыі, адпаведна наша прадукцыя, нашы 3-4 мільёны тонаў беларускага экспарту ў Расеі малочнай прадукцыі сталі там непатрэбнымі. Гэта асноўнае. Можна казаць, чаго тут больш -- палітыкі ці эканомікі . Факт ёсьць факт. Сёньня там гэтая прадукцыя проста абрушвае, абвальвае расейскі рынак.

Знаткевіч: Вы казалі пра антыбіётыкі. Але расейскі галоўны санітарны лекар, калі тлумачыў цяперашнія новыя абмежаваньні ўсё ж тлумачыў іх крыху па-іншаму. Ён казаў, што Расея ўвяла новы тэхнічны рэглямэнт на малочную прадукцыю. Беларуская прадукцыя папросту туды не ўпісваецца. Напрыклад, калі ў склад малочнага прадукту ўваходзіць хаця б адзін працэнт парашку, то на пакунку трэба пісаць не малако, а малочны напой. Такія патрабаваньні былі нечаканымі для беларускіх вытворцаў?

Юркоў: Канечне, не былі. Усё загадзя было вырашана. Я на 100 працэнтаў перакананы, што нашы ўсё гэта цудоўна ведалі і, хутчэй за ўсё, гэта зрабілі. Я лічу, што проста яны прыкрываюць пэўныя свае праблемы за наш кошт. Гэта ўжо пачынаецца такія бюракратычныя гульні. Як кажуць, дурачку запусьціць. Мы кінем вам, а вы нам, а прадукцыя не экспартуецца. Вось гэта асноўная праблема. Усё нашы цудоўна ведалі. Усё гэта можна было зрабіць, падаць, а ўжо дзе нашы пададзеныя дакумэнты ў нетрах расейскай бюракратычнай машыны згубіліся, гэта не наша праблема, а Расейскай Фэдэрацыі.

Знаткевіч: Наколькі цяжка знайсьці новыя рынкі для малочнай прадукцыі? У іншых краінах СНД, гаварылі пра Казахстан і нават пра Паўднёвую Афрыку...

Наша прадукцыя не адпавядаю сусьветным стандартам якасьці
Юркоў:
Наша прадукцыя не адпавядаю сусьветным стандартам якасьці. Заўважце, увесь час расейскія вэтэрынарныя службы інспэктуюць заводы ў Амэрыцы, якія птушку пастаўляюць, у Новай Зэляндыі, Аргентыне, якія пастаўляюць малочную прадукцыю. Там гэта ўсё адпавядае сусьветнаму ўзроўню. А ў нас багата гадоў вялізныя сродкі ўкідваліся ў сельскую гаспадарку, але ж гэта было ўсё па-сацыялістычнаму, няякасна, непрадумана.

Такі маленькі прыклад прывяду. Калісьці падчас вялікай дэпрэсіі з чаго пачалі ў Англіі выхад у сельскай гаспадарцы? Англійскі саюз малочнікаў пачаў вучыць даярак, як даіць кароваў. А ў нас на сёньняшні дзень, можа, гэта ўмоўна. Можа са 100 беларускіх даярак прыкладна дзясятак ведаюць, як даіць кароў, а рэальна доіць яе адна, так як трэба. Уявіце, у якім становішчы мы знаходзімся ў параўнаньні з тымі краінамі, якія займаюць буйнейшую долю ў сьвеце ў экспарце малочнай прадукцыі.

Знаткевіч:
Якое б вы парэкамэндавалі выйсьце з цяперашняй сытуацыі? Першыя тры крокі, якія трэба зрабіць беларускім вытворцам малочнай прадукцыі?

Трэба прызнаць шчыра, і таксама прызнаць нашым уладам, што людзі з калгасным вобразам мысьленьня, якіх заганялі такія вялікія сродкі ў сельскую гаспадарку ўсе гэтыя гады, яны мякка кажучы, рабілі ня тое
Юркоў:
Па-першае, канечне, прааналізаваць сытуацыю. У нас сёньня прыкладна 5--5.5 мільёнаў тонаў малака ў год вытворчасьць, спажываньне 2--2,5 мільёны тонаў. Трэба рэальна разумець, што канкураваць па экспарту менавіта малочнай прадукцыі з такімі краінамі, як Новая Зэляндыя, Аргентына ці Аўстралія, дзе гадавы выпас, дзе вельмі танныя кармы, і адпаведна нізкі сабекошт прадукцыі, гэта мала рэальна. Трэба прызнаць шчыра, і таксама прызнаць нашым уладам, што людзі з калгасным вобразам мысьленьня, якіх заганялі такія вялікія сродкі ў сельскую гаспадарку ўсе гэтыя гады, яны мякка кажучы, рабілі ня тое. Яны не ў стане будуць гэтыя сродкі ня тое, што усе вярнуць, дык нават і нейкую іх частку. Трэба рэальна прааналізаваць рынак, рэальна разумець, што трэба скарачаць вытворчасьць. Колькі? У 2 ці 3 разы, ня ведаю, ва ўсялякім разе трэба зрабіць усё, каб тыя прадпрыемствы малочнай галіны, якія маюць хаця б тэарэтычна шанцы выжыць у сусьветнай канкурэнцыі, каб яны хаця б наш, унутраны рынак не аддалі другім. І далей, безумоўна, якасьць, якасьць і якасьць.

Я скажу, што для нашага малочнага прадпрыемства асноўную долю ведаў пра малако і малочны бізнэс дала супрацоўніцтва з кампаніяй "Данон", якая месьціцца ў расеі. Мы ўжо гадоў 7-8 таму экспартавалі туды малако і цудоўна ведалі, што такое антыбіётык і гэтак далей. На жаль, гэтым досьведам ніхто ў Беларусі не зацікавіўся акрамя нас. Літаральна апошнія паўгода пачаліся нейкія шараханьні з боку ўладаў... У любым выпадку любая прадукцыя, якую робіць любы наш вырабнік, павінна адпавядаць лепшым стандартам сусьветнай якасьці. Тады ня будзе праблемы ці ў Расею прадаць, ці ў Канаду ці яшчэ куды...

Знаткевіч: А ў вашай гаспадаркі няма праблемаў?

Юркоў: Безумоўна ёсьць. Мы ж не на высьпе. На сёньня галоўная праблема, што беларускія заводы не маюць свабоды ў сваіх дзеяньнях. Канечне, з задавальненьнем лепшыя прадпрыемствы куплялі б наша малако, але ёсьць адміністрацыйны апарат, які прымушае іх браць там, дзе трэба, а не там, дзе ёсьць лепшае. Канкурэнцыі пакуль няма. Каб была унутраная канкурэнцыя, мы, канечне, хутка былі б на каню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG