Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малочная вайна цаной у мільярд даляраў


<br />&nbsp;
<br />&nbsp;

Ад&nbsp;забароны Расеі на&nbsp;ўвоз беларускіх малочных прадуктаў найбольш церпяць перапрацоўчыя прадпрыемствы ў&nbsp;рэгіёнах. Паводле дадзеных Мінсельгасхарчу, ужо больш як&nbsp;20&nbsp;малаказаводаў цалкам адлучаныя ад&nbsp;экспарту прадукцыі.

МАГІЛЁЎ
Малочнікі спадзяюцца, што Расея ня спраўдзіць цалкам пагрозы

Вытворцы малочнай прадукцыі на Магілёўшчыне з трывогай сочаць за разьвіцьцём беларуска-расейскага канфлікту.

Мсьціслаўскі масласырзавод больш за восемдзесят працэнтаў сваёй прадукцыі прадае на расейскім рынку. На прадпрыемстве спадзяюцца, што пагрозы суседа застануцца толькі пагрозамі. Абвінавачаньні ў тым, што беларускія вытворцы малочнай прадукцыі атрымлівалі дакумэнты на ўвоз харчоў у Расею з парушэньнямі, мсьціслаўцы лічаць надуманымі:

“За выдачу гэтых дазволаў і сэртыфікатаў прадпрыемствы плацілі грошы. Калі яны былі выдадзены няправільна, з парушэньнямі, то Расея павінна разабрацца перадусім у сябе”, — тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі масласырзаводу.

Суразмоўца зазначае, што расейцы надумалі абвясьціць “малочную вайну” ў надта нязручны для малочнікаў час:

“Нашмат лепей было б для прадпрыемстваў, каб усе гэтыя заявы рабіліся ў восеньскі пэрыяд, а не ў сэзон масавай нарыхтоўкі малака. Калі малака меней, тады прасьцей знаходзіць новых партнэраў, і калі ты іх знаходзіш, то зь імі працуеш на сталай аснове”.

Трэба тэрмінова вырашаць праблемы ў тэхналёгіі.
Упершыню буйныя абмежаваньні ў пастаўках беларускіх малочных харчоў расейцы ўвялі летась увосень. Пад іх патрапілі дваццаць прадпрыемстваў.

Магілёўскі эканаміст Пётар Мігурскі лічыць, што беларускім вытворцам варта кардынальна мяняць падыходы да ацэнкі якасьці сваёй прадукцыі:

“Сытуацыя — не на карысьць Беларусі. Крытэрыі ацэнкі якасьці малака ў Расеі больш жорсткія. У дадзенай сытуацыі нам ня трэба станавіцца ў позу, а трэба ўсё ж разглядаць пытаньні тэхналёгіяў, пытаньні прыватнай уласнасьці. Калі будуць займацца гэтым фэрмэры, толк будзе ў гэтым пытаньні”.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
Панікуе нават дырэктар стабільнага заводу

Ляхавіцкі малаказавод — не партнэр расейскаму гандлю. Трэцюю частку сваёй прадукцыі прадпрыемства адгружае ў крамы райцэнтру і Баранавічаў. Асноўны экспарт арыентаваны на суседнюю Польшчу, а таксама Літву і Латвію, часткова — у Францыю, Нямеччыну, Нідэрлянды.

Цяпер ляхавіцкі завод — удзельнік аднаго з эўрапейскіх эканамічных праектаў. Але дырэктар Вячаслаў Жукоўскі ня ўтойвае, што праблема набыла палітычны характар:

“Вакол гэтага пытаньня зрабілі такую заваруху, што робіцца нейк не па сабе. Мы адгружалі і адгружаем прадукцыю. Нас гэта ня тычыцца”.

ГОМЕЛЬ

Гомельскае акцыянэрнае таварыства “Малочныя прадукты” пастаўляе ў Расею каля 30 найменьняў малочных прадуктаў.

Апавядае кіраўнік аддзелу маркетынгу акцыянэрнага таварыства Алена Бондар:

“Мы адпраўляем нашым транспартам ці транспартам заказчыка малако, тварог, сьмятану, дэсэрт, ёгурты, сухое малако, масла сьметанковае ў Бранск, Арол, Маскву, Калугу, Тулу, Санкт-Пецярбург, Ульянаўск. Ніхто ад нашай прадукцыі не адмаўляецца. Мы атрымалі новыя сэртыфікаты. Літаральна тыдзень таму наша прадукцыя прайшла новую сэртыфікацыю да 2013 году”.

Паводле спадарыні Бондар, новы сэртыфікат таварыства атрымала ў Бранскай лябараторыі спажыўнагляду. Прадукцыя ў таварыства якасная, таму адгрузка яе расейцам вядзецца з апярэджваньнем графіку:

“У нас чыстая прадукцыя — за што нам ануляваць сэртыфікаты? Таму аб’ёмы паставак у нас не зьмяншаюцца, а павялічваюцца. Ідзе закантрактаванасьць прадукцыі на канец чэрвеня. Мы ўжо прадалі амаль усё, што ёсьць, і кожны дзень рыхтуем новае. Чэргі стаяць на адгрузку”.

Гэта цяпер палітычны момант.
У спажыўцоў у Маскве, як высьвятляецца, таксама няшмат прэтэнзіяў да якасьці беларускага малака. Вось што кажа начальніца аддзелу спажывецкага рынку маскоўскага раёну Сакаліная Гара Вольга Лабіна:

“Перадусім, мы не атрымлівалі якіх-колечы скаргаў ні ад пакупнікоў, ні ад кіраўнікоў. У нас такога не было. Але што я магу вам адказваць? Гэта ж цяпер палітычны момант. Вам трэба выходзіць на кіраўніцтва Расеі”.

Камэнтар “Свабоды”

Пра цяперашнюю канфліктную сытуацыю гаворыць дырэктар аналітычнага цэнтру “Стратэгiя” Леанiд Заiка:

Леанід Заіка
“Малако цяпер гэткае ж эканамічна выгаднае, як нафта і прадукты зь яе. Таму лабізм расейскі можна патлумачыць. Беларусь штогод на мільярд даляраў прадае малака ў Расею. Навошта аддаваць гэтыя грошы, калі расейскі капітал можа пакласьці іх у сваю кішэню?”

Пра магчымы вынік “малочнай вайны” Леанід Заіка кажа наступнае:

“Я мяркую, што расейцы пакараюць нас прыкладна на палову ад цяперашняга экспарту. Пакінуць нам сэгмэнт на 400-500 мільёнаў даляраў малочных прадуктаў штогод. І мы на гэтым супакоімся. Самі будзем глытаць сьлёзы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG