Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сон у летнюю ноч


Ян Максімюк
Ян Максімюк
На нашых вачах адбываюцца фантастычныя, гістарычныя рэчы. Калісьці распавядуць пра іх прыблізна так:


Ідзе да горшага, то бок, лепшага
(З успамінаў безыменнага нацыяналіста)

Уявіце сабе, усе былі супраць. І Крэмль, і АДС. Але ППРБ выстаяў — у Прагу ён не паехаў, хоць і рукі сьвярбелі, каб надаваць па пысах салянам і барозам за папярэднія visa sanctions, але ён паслаў туды сваіх, якія, не зьміргнуўшы вокам, падпісалі гістарычную Першую дэклярацыю аб уваходжаньні ва ЎП. Ад гэтага і пайшлі агульнанародныя гуляньні 7 Траўня — Дзень сваволі. УП — гэта вам было не СНД, не Эўразэс, не АДКБ, ня ШАС, і не СДРБ. Бо ва ўсё папярэдняе ўваходзіла Расея. А ва ЎП — не! А тут раптам Беларусь — шусь, як у бульбу! Увайшла! І што варта адцеміць? Зянон, які наогул цярпець ня мог ППРБ і крытыкаваў усе яго целарухі з прынцыповага гледзішча, тады менавіта цьвёрда заявіў, што сталася добрая рэч.

І што робіцца далей? Прылятаюць з Крамля Пуцін з Кудрыным у Менск. Кудрын папярэджвае, што не далей чым праз шэсьць месяцаў зашмаргнуць пятлю на горле і пачнуць душыць. А Пуцін зьдзекліва дакідвае, што задушаць ня хутка — Расея падставіць плячо, каб даўжэй памучыліся. Але ППРБ ачомаўся ўжо на другі дзень і кажа сваім: ня бойсь, голымі нас ня возьмуць, адмарозкі! Наша шчасьце ў іншай частцы плянэты! І загадаў прадаваць цукар каму тонамі, а каму дык чайнымі лыжкамі. І мы прадавалі, па сабекошту і па іхкошту. І езьдзілі ў лес па дровы, каб мець чым напаліць у печках... Вось бачыце, як пакутліва пракладваўся наш шлях да далучэньня Вільні і Беласточчыны ў Эўропе адзінай і свабоднай, як калісьці прадбачваў дзядзька Буш-старэйшы... А вы тут шуміцё, што мы зноў папалі ў ССР, толькі цяпер брусэльскі, а не савецкі... БССР, так бы мовіць, вярнулася ў новай іпастасі... Ды што вы ведаеце пра сапраўднае змаганьне? Калі чаго сапраўды шкада, дык толькі беларускага сала, якое Брусэль забараніў пад пагрозай поўнага абразаньня датацыяў для нашых зубрагадоўлі і торфаздабываньня. Сала ім нашае не спадабалася — кажуць, што яно ні ў якія іх стандарты ня лезе, што гэта хутчэй біялягічная зброя масавага паражэньня, чым ежа... Эх, марцыпаны іх брусэльскія з маянэзам...


Як ратаваць айчыну?
(З „Экспэртызы Свабоды” ў сьнежні 2025 году)

На пытаньне Ксавэра Баркалевіча — „У што мы зноў уперліся?” — адказвае Радаслаў Маранчук, былы першы віцэ-прэм’ер РБ, аўтар фінансавай рэформы, якая ўвяла беларускі талер; цяпер член нагляднай рады банку JPMorgan Chase у Менску і кіраўнік групы эканамічных дарадцаў сакратара бясьпекі РБ.

Маранчук: „Бачыце, мы цяпер уперліся дакладна ў тое, у што ўперліся пад канец 2009 году, калі Расея давяла як да ведама тадышняга віцэ-прэм’ера Сямашкі, так і іншых зацікаўленых, што кошт газу для Беларусі будзе складаць ня 100 і ня 200 даляраў, а значна больш неадэкватную суму, бадай ці ня з множнасьці ірацыянальных лікаў. Цяпер мы маем у нечым падобную сытуацыю. Вось Польшча ўжо плаціць 4500 даляраў за 1000 кубамэтраў плюс надбаўку за сваю „геаграфічную недарэчнасьць” (географическую неуместность), каэфіцыент якой Масква пачала актыўна выкарыстоўваць зь мінулага году. Для Беларусі гэты каэфіцыент, як стала днямі вядома, у два з паловай разы большы, чым для Польшчы”.

Баркалевіч: „Што гэта значыць для нашай супэрлібэральнай эканомікі?”

Маранчук: „Перш за ўсё, у нас застаецца вялікая рызыка банкруцтва, неплатаздольнасьці, рызыка таго, што дзяржава ня зможа выконваць свае абавязкі ў дачыненьні да інвэстараў, да крэдытораў. Такім чынам, Беларусь застаецца зонай вялікай рызыкі як для ўнутраных, так і для зьнешніх грошай. Інакш кажучы, нам пагражае зашпунтаваньне ліквіднасьці як абаротных, так і непаваротных сродкаў. Брусэль, захапіўшыся рэканструкцыяй Атлянтыды каля берагоў Марока ў рамках міжземнаморска-атлянтычнага вектара, ніякіх дадатковых грошай нам ня дасьць, прынамсі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Трэба, каб урад зразумеў неабходнасьць сыстэмных рэформаў у бок цэнтралізаванай эканомікі і большага адміністрацыйнага кантролю з боку дзяржавы. У тым ліку — кантролю над уласнасьцю ў рэспубліцы, якую паддалі безагляднай і неразумнай прыватызацыі ў мінулым. Я не выключаю, што ў бліжэйшым часе Рада бясьпекі прыме пастанову аб стварэньні дэпартамэнту КГБ па справах рэнацыяналізацыі народнай маёмасьці”.

Баркалевіч: „А ці вы не адчуваеце асабістай віны за тое, што гэта якраз у вашу бытнасьць ва ўрадзе пачаўся працэс, які вы сёньня называеце „безагляднай і неразумнай прыватызацыяй”?

Маранчук: „Кідаць такія абвінавачаньні цяпер вельмі лёгка. А прыгадайце, за што быў народ 10 гадоў таму: прадавай, прадавай, каб маскалям ні каліва не засталося! І мы прадавалі, ня толькі браслаўскія азёры, але і камяні Барыса і Глеба. Мы ратавалі айчыну. І ўратавалі яе. Бо айчына ня там, дзе бруіць і цурчыць несьмяротнае беларускае слова, як сказаў Прэзыдэнт, а перш за ўсё там, дзе пераліваюцца ўсімі адценьнямі вясёлкі і зьвіняць золата і плятына ў народнай скарбніцы”.

Не на таго нарваліся
(З выступу Пажыцьцёвага Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь перад даяркамі зубрагадоўчага комплексу „Hussovia” ў Каменюках летам 2026 — паводле рэпартажу ОНТ)

„Парымся мы з Полікам у лазьні на мінулым тыдні, гляджу я на яго, маладога і заружавелага, і кажу: Час, табе, Полік, жонку заводзіць і дзяцей гадаваць. Жаніла (женилище) не для таго мужыку далі, каб на ім самому фляжалеты дзёргаць. (Ухвальны шум аўдыторыі.) А ён у мяне такі сур’ёзны хлопец, удумлівы. Таму я яго і паставіў сакратаром Рады бясьпекі. Хай расьце да трыццаці пяці, вопыту набіраецца. А Полік адказвае, як па буквары. Мне, тата, яшчэ ня час пра гэта думаць. Мне справу дзяржаўную вывучаць трэба, каб наша радзіма заняла пачэсны пасад сярод народаў. Вось ты, тат, едзеш у Каменюкі, а там табе мазгі пудрыць будуць, колькі малака і мяса, колькі скураў, рагоў і капытоў яны нарыхтавалі. А мне дакладваюць, што траціна зубрынага пагалоўя перайшла ад іх на польскі бок і не вярнулася. (Шум зьбянтэжанасьці ў залі.) Як, кажу, перайшла? Выглядае на тое, што сьпераду іх вялі, а ззаду падганялі. Нашы палешукі? Ня толькі, былі і палякі, і падляшукі-дахадзягі.

Ну, сынок, кажу, ты ведаеш, што рабіць па тваёй часьці. А я пасьля лазьні званю Драчынскаму ў Варшаву і кажу так і гэтак: Каб мне найпазьней трэцяга дня з гэтай мінуты ўсе вярнуліся, да самага найменшага зубраняці. Бо як не, то я вам такі другі Шэнгэн устрою, такі пакт Рыбэнтропа-Молатава падпішу, што мала чаго не пакажацца. Драчынскі мне пшэпрашам, мы спраўдзімы інфармацыю, і есьлі то праўда, а я яму, што тут нічога і правяраць ня трэба — з нашай Белкі відаць як на далоні, што нашы кроўныя зубры пасьвяцца на вашым баку, паміж Чарлёнкай і Арэшкавам. Эўропа, называецца, а крадуць нахабна, як у Самары. Гэта ж трэба, мы вякамі выпакутавалі наш нацыянальны сымбаль; наш беларускі чалавек, Гусоўскі, не схацеў жыць ні ў Піцеры, ні ў Кракаве, а прыехаў у нашу пушчу, каб напісаць свой несьмяротны раманс пра Кармэн сярод зуброў. Магчыма, ён пісаў у Каменюках, мне некаторыя нашы гісторыкі даказвалі. А тут такое ў буйных памерах. Дванаццаць мужыкоў вашых ужо селі. І сядуць іншыя, як будзе трэба. Спагнаньне (спрос) будзе жорсткім. Мне ні Варшава, ні Брусэль ня ўказ. Сала ім беларускае, бачыце, не смакуе.

Ды ладна, сала. Але з зубрамі не на таго нарваліся. Помніце, як нас Масква хацела голымі рукамі ўзяць у 2009 і 2010? (Заля ажыўляецца і адказвае гучным „Да!”) Прыехаў Пуцін зь нейкім Пудрынам і кажуць, вы неліквідныя, здавайцеся оптам або ў розьніцу. А я сказаў — а Оршу помніце? Не? Дык мы вам прыпомнім, балазе (благо) гадавіна круглая набліжаецца. Вось і пабачыце, як змагаецца беларускі народ. У якога заўсёды быў эўрапейскі выбар, а ў вас яго і заваду няма (и в помине нету). І што я вам тады сказаў, помніце? (Заля дружна: „Хто на балоты, хто ў лес, а хто па дровы!”) Дакладна. А Масква няхай свой газ на хлеб сабе шмаруе... Мы будзем каровіны і зубрыны праснакі зьбіраць і падсушваць, каб перавесьці ўсю індустрыю на экалягічнае паліва, але вам ні аднаго заводу, ні аднаго магазінчыка не аддамо. Прадавалі ўсім, нават эскімосам, але чалавек з расейскім пашпартам, колькі б грошай у яго ні было ў кашальку, тут не пажывіўся. І не пажывіцца. Жыве Беларусь! (Бурныя воплескі і надрыўныя жаночыя стогны, якія пераходзяць у кантраляваную істэрыку. З-за кадру даносіцца магутнае крэшчэнда „Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ў выкананьні прэзыдэнцкага аркестру. Коратка стрыжаныя хлопцы ў камуфляжах паказваюць сваю спэцназаўскую вывучку, разьбіваючы лабамі стосы цэглаў і зьядаючы жывыя, нясоленыя жабы. У тле дастойна павявае нацыянальны трыкалёр, бел-чырвона-белы).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG