Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзе з Гедымінам вырашылі пачакаць


Мадэль помніка Гедыміну, перададзеная з райвыканкаму ў лідзкі музэй
Мадэль помніка Гедыміну, перададзеная з райвыканкаму ў лідзкі музэй

Лідзкія ўлады першыя ў вобласьці пажадалі ўвекавечыць памяць пра аднаго з кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага і паставіць конную статую вялікага князя Гедыміна, аднак нічога не зрабілі.

У Горадні магчымасьць паставіць помнікі Вітаўту, Давыду Гарадзенскаму, Стэфану Баторыю афіцыйна нават не разглядаецца. А вось наваградзкія ўлады вырашылі ўсталяваць статую вялікага князя і адзін час караля Міндоўга.

Без канкрэтных захадаў з боку наваградзкіх уладаў пачаць справу з помнікам вялікаму князю Міндоўгу было б немагчыма. Вось што патлумачыў загадчык аддзелу культуры Наваградзкага райвыканкаму Аляксандар Карачун:

“Ідэя аб усталяваньні помніка Міндоўгу — яна даўно лунае ў думках шмат каго. Гэта ня толькі нашая ініцыятыва, Наваградку, гэта ініцыятыва Акадэміі навук, вучоных, гэта ініцыятыва Міністэрства культуры. Генадзем Буралкіным, скульптарам, зроблены ўжо макет”.

Мясцовыя, наваградзкія ўлады, таксама пачалі дзейнічаць.

Карачун: “Мы пакуль зрабілі наступны крок: абвясьцілі збор сродкаў, атрымалі дазвол на ўстаноўку яго ад Міністэрства культуры. І месца вызначана — на плошчы, там, дзе калісьці стаяў Ленін. Але гэта пакуль папярэдне”.

Спадар Карачун кажа: усё будзе залежаць ад таго, як будуць зьбірацца грошы. Ёсьць спадзяваньні на падтрымку некаторых прадпрыемстваў, Фонду культуры, зазначае ён.

Карачун: “Пакуль мы адкрылі рахунак з такой прыпіскай: на выраб помніка Міндоўгу. Грошы не такія малыя, у межах чатырохсот мільёнаў рублёў на сёньняшні дзень”.

У суседняй Лідзе спадзяваліся, што да 685-х угодкаў гораду можа зьявіцца статуя вялікага князя Гедыміна, які пабудаваў Лідзкі замак. Аднак улады паставілі насупраць замку помнік “савецкаму камандзіровачнаму”, які сядзіць на чамадане. Я цікаўлюся ў галоўнага архітэктара Лідзкага раёну Жаны Хільгоры — ці адмовіліся ўлады ад задумы з помнікам Гедыміну?

Хільгора: “Не, пакуль не адмовіліся ад гэтых плянаў, але калі канкрэтна, я не магу сказаць. Я дадаць нічога не магу, ведаю, што не адмовіліся”.

Аляксандар Анціпін
Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Саюзу мастакоў скульптар Аляксандар Анціпін кажа, што канкрэтных размоваў пра помнікі гістарычным асобам у Горадні не было.

Анціпін: “Я нават прапаноўваў да фантану, што на Савецкай плошчы, зрабіць некалькі фігураў гістарычных. Але мне сказалі так: гэта асобы знакавыя, таму фантану для іх замала, а вось потым калі-небудзь мы будзем ставіць таму ж Баторыю помнік, усім гістарычным асобам, якія былі ў нашай Горадні. Вось такі мне быў дадзены адказ на маю прапанову. Што нібыта яны гэтае пытаньне пакідаюць, але на потым, вось і ўся размова”.

А пакуль што ў Горадні ўлады заканчваюць рамонт пастамэнту помніка Леніну. Ён стане яшчэ больш шыкоўным, дзякуючы паліраваным гранітным плітам.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG