Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Слова пра паход Ігараў”: адказ скептыкам


Міхась Скобла
Міхась Скобла

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 24 траўня


Пра гэты твор напісаная цэлая бібліятэка кніг. Па ім абароненыя дзясяткі доктарскіх дысэртацый. Дваццаць гадоў таму ў Менску нават выйшла адмысловая энцыкляпэдыя “Слова пра паход Ігараў” у літаратуры, мастацтве, навуцы”. Аднак самы дасьледаваны твор старажытнай літаратуры да гэтай пары застаецца самым таямнічым. Хто і калі напісаў “Слова…”, якое ўжо больш за дзьвесьце гадоў не дае спакою дасьледчыкам? У тым ліку – Юрасю Пацюпу.

Міхась Скобла: “Юрась, апошнім часам выказана некалькі вэрсій што да аўтарства і часу напісаньня “Слова…” Прыкладам, амэрыканскі славіст Эдвард Кінан цьвердзіць, што твор гэты – падробка, і аўтар яе – чэх Ёзаф Добраўскі. Расейскі дасьледчык Аляксандар Зімін даводзіў, што “Слова…” напісаў беларус, чалавек духоўнага сану Іван Быкоўскі. А якога погляду трымаецеся вы?”

Юрась Пацюпа
Юрась Пацюпа:
“Адразу скажу, што і Добраўскі, і Быкоўскі, як меркаваныя аўтары, мне вельмі падабаюцца. Гэта сапраўды таленавітыя і нават загадкавыя асобы, але... На сёньняшні дзень я ня бачу падставаў для перагляду традыцыйнай канцэпцыі “Слова пра паход Ігараў” як літаратурнага помніка канца ХІІ стагодзьдзя. Мне ўжо даводзілася пісаць, што ўсе гэтак званыя скептыкі праяўляюць дзіўную сваволю, перамяшчаючы час напісаньня “Слова…” ад ХІІ да XVIII стагодзьдзя. А што да аўтарства, то гэтае пытаньне надзвычай цікавае... Але, мне здаецца, усякі дадатны адказ на яго – ня больш, чым варажба на кававай гушчы, і ня мае сур’ёзнага навуковага грунту. Вельмі шмат часу мінула... Адзінае, што магу тут дакінуць: аўтар “Слова…” зьвяртаўся да князёў як да роўных сабе і быў дасьведчаны ня толькі ў кніжных справах. А гэта значыць, што ён быў княскага роду. Як чалавеку, а не як навукоўцу, мне імпануе вэрсія Ўладзімера Чывіліхіна, што аўтарам быў сам князь Ігар. Ідэя простая і дасьціпная. Было ж павучаньне Ўладзімера Манамаха... Але даводзіць гэтую вэрсію навукова – чысты авантурызм… На сёньняшні дзень куды важней разабрацца з жанравай прыродай “Слова…” – гэта тое, што нам даступна. І тут я цьвёрда пільнуюся ідэі Ігара Яроміна наконт “Слова пра паход Ігараў” як твора рытарычнага мастацтва. “Слова…” – канкрэтны зварот да канкрэтнай асобы. Менавіта пагляд на яго як на паэму ці аповесьць і спараджае ўсе непаразуменьні”.

Скобла: “Той, хто ўважліва чытаў “Слова…”, ня мог не заўважыць шматлікіх беларусізмаў: шызы, аксамітны, кажухі, гадзіна, смага, вежы, наперадзе, на Нямізе, брэшуць, рыскаюць, кажуць, цьвяліць, звонячы, дасьпелі… Нездарма першы друкар “Слова…” Селіваноўскі казаў, што рукапіс “Песьні Ігара” напісаны беларускім пісьмом. Зноў жа, навідавоку сымпатыі аўтара да Ўсяслава Чарадзея і Полацка. Ці не азначае гэта, што найбольш верагодны аўтар “Слова…” – той жа Іван Быкоўскі?”

Пацюпа: “Сапраўды, яшчэ скептык Восіп Сянкоўскі (таксама наш зямляк, дарэчы) наракаў: маўляў, бяда дасьледнікаў “Слова” ў тым, што яны ня ведаюць беларускае мовы. З таго часу мінула з паўтара стагодзьдзя, а мы так і не пасунуліся наперад. Мы або сьлібізуем расейскія пропісы, або, як нейкія мазахісты, шчасьліва падхопліваем ідэі скептыкаў, і расейскіх, і францускіх, і амэрыканскіх, а тады носімся зь імі, як з новай цацкай. Спробу прачытаць “Слова” вачыма беларуса зрабіў хіба толькі адзін з дырэктараў Беларускай гімназіі ў Вільні Мікалай Анцукевіч, ды яшчэ Васіль Мачульскі. А беларусізмаў у “Слове..” куды больш, чым здаецца на першы пагляд. Тое-сёе й мне пашчасьціла вылавіць... Але рабіць гэтую справу трэба сур’ёзна, не абмяжоўваючыся нейкай адной моўнай стыхіяй, як дагэтуль часам вялося. Дарэчы, часткова на беларусізмах пабудаваў сваю канцэпцыю скептык Зімін. Але і ён, і Сянкоўскі, па-мойму, рабілі адну мэтадалягічную памылку. Імпліцытна яны выходзілі зь ідэі мовы як нечага гатовага і апрычонага, а гэта – наіўна, і з гледзішча гісторыі, і з гледзішча сучаснасьці. Моўны матэрыял тае пары трэба ўяўляць не як фігуру скульптара, а як расплаўлены мэтал, які разьліваўся і кіпеў у дыялектных ды літаратурных формах. Бо што такое славянскія мовы? Гэта пасьянсы, якія складаюцца з аднолькавых картаў, але раскладзеных па-рознаму. Розныя спалучэньні. Розная сэмантыка. І яшчэ неславянскія дамешкі – большыя ці меншыя. У нас – балцкія ды гераманскія. У расейцаў – фіна-вугорскія й цюрскія. Калі карані -цяг- (-tęg-) – “ісьцягнуці”, -трут- (-tręt-) – “патручаці” мы знаходзім у беларусаў, палякаў, чэхаў, украінцаў і г. д., то тут трэба ня коўдру на сябе цягнуць, і не пра падробку крычаць, а выкарыстоўваць гэтыя элемэнты як ключы да “Слова”.

Скобла: “Нават калі ня зьвяртаць увагу на “сумнеўныя беларусізмы”, застаецца шмат пытаньняў. Ну напрыклад, аўтар “Слова…” згадвае гэткую зброю, як шарашыры – вогненныя стрэлы. Адкуль пра іх маглі ведаць у ХІІ стагодзьдзі, калі прыдумалі іх толькі ў стагодзьдзі ХVІІ-ым?”

Пацюпа: “Я ня стаў бы сьпяшацца з такімі катэгарычнымі цьверджаньнямі. Карл Мэнгес гэтае слова назваў самым загадкавым у “Слове…” Мабыць, так і ёсьць. Найчасьцей шарашыр выводзіцца зь пэрсідзкага tīr-i čarx – ‘страла і кола’, нешта накшталт ракеты. Але слова ня мае адназначнае этымалёгіі, ёсьць іншыя тлумачэньні, скажам, ад пэрсідзкага sirīš ‘клей, сумесь’. Яно магло ўтварыцца паводле нейкае праславянскае мадэлі ў выніку рэдуплікацыі, як тараторить, хорохориться, глаголать. Зімін спрабуе выводзіць яго ад грэцкага панятку ‘дзіда, кап’ё’... У кожным разе перш трэба разабрацца, з чым мы маем справу, што такое тыя “шарашыры”, а толькі тады выносіць канчатковыя вердыкты, калі гэта мажліва. Дарэчы, у бізантыйцаў тае пары нібыта была нейкая агняная зброя, якую яны захоўвалі пад строгім сакрэтам і нават трымалі яе безназоўнай, каб надзейней утаіць”.

Скобла: “І яшчэ адзін аргумэнт скептыкаў. У “Слове…” каля 180 яўных ці прыхаваных зваротаў да Бібліі. Ці мог ягоны аўтар так дасканала ведаць Сьвятое Пісьмо?”

Пацюпа: “Вось што не выклікае сумневаў, дык гэта звароты да Бібліі. А пра што тады наагул можна было пісаць?! На чым грунтавацца, як не на Бібліі? Дзьвесьце гадоў мінула ад прыняцьця хрысьціянства. Удумаемся толькі! І за гэты час кніжнікі Бібліі ня вывучылі?! Здаецца, толькі Эдвард Кінан умудрыўся тут згледзець нейкую недарэчнасьць, што сьведчыць пра інтэлектуальны ўзровень ягонае аргумэнтацыі. На Бібліі тады засноўвалася ўся адукацыя, гэтак званае тэксталягічнае навучаньне царкоўнаславянскае мовы якраз і мела пад сабою чытаньне і завучваньне кананічных тэкстаў. Уся сярэднявечная навука – гэта экзэгетыка, тлумачэньне Бібліі. Калі такім шляхам ісьці, тады трэба ўсё бяз вынятку назваць фальсыфікацыяй. Тады і “Слова пра закон і ласку” мітрапаліта Іларыёна трэба паставіць пад сумнеў, іншыя помнікі... Што, дарэчы, Кінан і робіць. Што ж, у чалавека, відаць, такая прафэсія”.

Скобла: “З другога боку, у ХІІ стагодзьдзі на землях Полацкага і Кіеўскага княстваў ішла зацятая барацьба з язычніцтвам. А ў “Слове…” ўзносіцца хвала язычніцкім багам Дажбогу, Вялесу, Хорсу…” Як такое магло быць?”

Пацюпа: “Што да паганскіх багоў, то буду шчырым: гэта адзінае ў “Слове…”, што выклікае ў мяне сумневы. Зрэшты, калі ў нашым народзе паганскія элемэнты зь ніжэйшага пантэону, напоеныя хрысьціянскім духам, жывуць да гэтае пары, дык чаму не прыпусьціць іх бытаваньня ў сьветаглядзе тагачасных князёў? Акадэмік Дзьмітры Ліхачоў, прыкладам, тлумачыў гэта тым, што за час панаваньня хрысьціянства змаганьне з паганствам страціла актуальнасьць. Зварот да паганскіх багоў немажлівы быў пад канец Х стагодзьдзя, у ХІ стагодзьдзі, а ў ХІІ стагодзьдзі багі былі ня больш, чым паэтычнымі сымбалямі. Можна, на горшы лад, і іншае ўявіць, што нехта, той жа Аляксей Мусін-Пушкін, упісаў паганскіх багоў у даўнейшы тэкст... Праўда, яны там занадта арганічна ўплеценыя. Ня трэба яшчэ забывацца пра існаваньне сьвецкае рыцарскае культуры, якая была ў істотным канфлікце з культурай царкоўнай. Царкве ўвесь час было з чым змагацца! І ня трэба блытаць гістарычны, цьвярозы падыход да рэчаў з аднатонным, бесканфліктным бачаньнем даўніны. Не разумею, чаму скептыкі так сьпяшаюцца даць канчатковы дыягназ? Чаму не паглядзець на культуру “Слова…” шырэй, з улікам эўрапейскага кантэксту? Нешта тэндэнцыйнае, эпістэмалягічна заганнае праглядвае ў суіснаваньні двух апошніх пытаньняў: усё скептыкам недаспадобы. І Бібліі зашмат, і паганства зашмат. А што мусіла быць? Дзе лёгіка?”

Скобла: “Вы згадалі Мусіна-Пушкіна. Думаю, самы час зьвярнуцца да яго асобы. У час, калі ён абвесьціў пра знаходку “Слова…” (1800 год), за ім ішла слава фальсыфікатара, прычым – злоўленага за руку. Перад “Словам…” ён “адкрыў” гэтак званы “Тмутараканьскі камень”, а потым прызнаўся ў сваім падмане. Пра гэта на пачатку ХІХ стагодзьдзя нават байкі ды эпіграмы пісалі. Дык ці можна давяраць Мусіну-Пушкіну і ў выпадку са “Словам…”?”

Пацюпа: “Навуковец нікому ня мусіць даваць веры, усё мусіць “праняверваць”. Ня ўсё з таго, што знайшоў Мусін-Пушкін, было падробкамі. Дый падробкі бываюць розныя. Мусін-Пушкін мог не падрабіць, а перарабіць які помнік або, скажам, пастарацца затушаваць “беларускі сьлед” у “Слове пра паход Ігараў”. Сьвет вялікі, усё магло быць... Эдвард Кінан піша, што не было зроблена тэксталягічнага апісаньня “Слова…”, але гэта несправядлівае ўпіканьне, бо, як зазначае акадэмік Мікалай Гудзій, на той час не было прынята рабіць тэксталягічныя апісаньні, іх не існавала і для іншых помнікаў. Тады ўсё, што праходзіла праз рукі Мусіна-Пушкіна, заўзятага зьбіральніка даўніны, трэба лічыць падробкамі. Мала таго, помнік бачылі іншыя асобы, адзін зь першых пра яго напісаў Ялагін, які памёр задоўга да апублікаваньня “Слова…” Кола асобаў, якія сьведчаць пра “Слова…”, хай сабе колькасна невялікае, але ладнае, як для аднаго тэксту. Выходзіць, што гэта ўжо не падробка аднаго Мусіна-Пушкіна, а цэлая змова. Сярод махляроў такім спосабам апынаецца і Мікалай Карамзін. Наагул, чым больш мы адкрываем вочнікаў “Слова..”, тым большае кола ні ў чым не вінаватых людзей мусім залічваць у махляры. Гэта выглядае тэндэнцыйна, непераканаўча. Па-мойму, у вывучэньні гэтага помніка ўсё менш пазытыўнае навукі, шчырага дазнаваньня праўды і ўсё больш маніпуляцыяў. Тыповыя гульні інтэлектуалаў”.

Скобла: “На вашу думку, ці дастаткова “Слова пра паход Ігара” вывучаецца нашымі літаратуразнаўцамі ды мовазнаўцамі?”

Пацюпа: “Мовазнаўцам даволі складана вывучаць “Слова…”, бо невядома, што вывучаць, калі мы ня маем арыгінальнага старажытнага сьпісу. А ў хрэстаматыях па літаратуры часьцяком “Слова...” гэтак шчодра аддаецца расейскай літаратуры, што проста... няма словаў”.

Скобла: “Слова пра паход Ігара” на сучасную беларускую мову пераклалі Янка Купала, Максім Гарэцкі, Іван Чыгрынаў, Рыгор Барадулін. Які з перакладаў, на вашу думку, найбольш дакладны і значны з мастацкага гледзішча?”

Пацюпа: “Да пералічаных прозьвішчаў я дадам яшчэ некалькі перакладчыкаў, менш вядомых: паэт Яўген Крупенька, паэтка з Гомеля Ніна Шклярава, выкладчык Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Купалы Ўладзімер Каяла. Іхнія пераклады “Слова…” таксама маюць права на існаваньне. А з усіх апублікаваных беларускіх перакладаў “Слова…” я б вылучыў празаічны пераклад Янкі Купалы. Але менавіта празаічны, бо ў яго ёсьць і вершаваны”.

Скобла: “Дзіўная рэч: многія нашыя мэдыявісты, зь якімі я гаварыў пра “Слова…”, лічаць яго падробкай, маюць думку адрозную ад расейскай афіцыйнай вэрсіі, але – адмаўляюцца гаварыць пра гэта публічна. Чаго яны баяцца?”

Пацюпа: “А вось гэта ўжо іх праблема! Мне здаецца, падобнае дзьвюхдумства – гэта праява нейкае заганнасьці, няўпэўненасьці – ці навуковае ці чалавечае. Сумняесься – так і скажы! Ня ведаеш, не спэцыялізуесься – прызнайся! Што тут хаваць! Іншая рэч, мне сустракаліся навукоўцы, якія нават цьмяна ўяўляюць сабе праблему, але ўжо ганарыста прымяраюць на сябе тогу скептыка. Вось гэта бяда! Гэта ўжо сацыяльна псыхалягічны дыягназ беларусаў. Баюся, мы адзіныя “самачэсныя” ў навуцы. Ня ведаю, як тут даць рады”.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG