Ён казаў пра магчымасьць неплацежаздольнасьці Беларусі ўжо праз паўгода, пра ўтрыманскае стаўленьне да Расеі, пра тое, што адміністрацыйны рэсурс у Беларусі падаўляе рынкавыя мэханізмы, пра тое, што набіраньне крэдытаў толькі заганяе беларускія эканамічныя праблемы глыбей. Словам Апакаліпсіс заўтра. Да таго ж менавіта Кудрын агучыў рашэньне Масквы пачакаць з выдачай апошняй траншы крэдыту ў памеры 500 мільёнаў даляраў, і ён жа прыгадаў, што і МВФ прытрымаў выдачу чарговай порцыі свайго крэдыту.
А потым на сцэну выйшаў добры сьледчы – Пуцін. Ён і падчас перамоваў з Лукашэнкам казаў нейкія ветлівыя словы, а на выніковай прэсавай канфэрэнцыі нібыта абверг свайго міністра фінансаў “Нейкія крайнія ацэнкі – недарэчныя” і “Расея, калі спатрэбіцца, заўсёды падставіць плячо Беларусі”.
Гэта відавочная гульня. Кудрын -- палітычна адна з самых палітычна блізкіх Пуціну асобаў у Расеі. Нядаўна прэзыдэнт Мядзьведзеў публічна параіў Кудрыну пашукаць іншую працу. І што – і нічога, міністар застаўся на сваёй пасадзе.
Шчыраваньні Кудрына – даволі моцны ўдар па крэдытнай рэпутацыі Менску
Я б яшчэ адзначыў той чыньнік, што шчыраваньні Кудрына – даволі моцны ўдар па крэдытнай рэпутацыі Менску. Скажы такое Пуцін – гэта і адказнасьць, і прамы канфлікт з беларускімі ўладамі. Аднак гэта была б ацэнка палітыка. А мала чаго яны гавораць. А Кудрын – вельмі аўтарытэтны і паважаны чалавек ва ўсясьветнай фінансавай супольнасьці. І калі , скажам, заўтра беларускія прадстаўнікі прыйдуць прасіць крэдыт у які-небудзь заходні банк, там пры абгаворваньні ўмоваў прыгадаюць ацэнку аднаго з ўсясьветных фінансавых гуру, бо каму як не яму ведаць стан справаў у саюзнай Расеі дзяржаве. А гэта істотна адаб’ецца і на ўмовах крэдыту і на самай магчымасьці яго атрыманьня.
І гэтая гульня у добрага і злога сьледчага вельмі нагадвае абцугі, які шчыльна сьціскаюцца вакол Беларусі.