Лаўроўская: "Сёньня былі зацьверджаныя мерапрыемствы, якія мы плянуем перадаць у Міністэрства культуры для ўзгадненьня. Усё ж такі камісія створаная пры Міністэрстве культуры, і яны – тая інстанцыя, якая ўзгадняе нашы мерапрыемствы. На маю думку, цяпер былі прапанаваныя важныя рэчы. Першае, гэта маніторынг выкананьня законаў у гістарычных цэнтрах – як ідзе будаўніцтва, што адбываецца з помнікамі. Таксама заплянаваныя супольныя зь Міністэрствам культуры інспэкцыйныя паездкі ў Берасьцейскую і Магілёўскую вобласьці. Мы таксама прапануем сумеснае паседжаньне нашай камісіі і навукова-мэтадычнай рады пры міністэрстве культуры. Тэма паседжаньня – праблемы горадабудаўніцтва і аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
Не да кожнага помніка можна дайсьці, але калі ў нейкай вёсачцы стаіць разбураная царква, то дзеці могуць гэта ўсё зафіксаваць.
Таксама заплянаваная супраца з абласнымі пазаведамаснымі экспэртызамі ў справе праектнай дакумэнтацыі аб'ектаў, якія належаць да гісторыка-культурнай спадчыны і знаходзяцца ў зонах аховы". Заплянаваны і кантроль за будаўніцтвам на тэрыторыі кварталу, абмежаванага вуліцамі Багдановіча, Заборскага, Старажоўскай у Менску, за работамі ў Лошыцкай сядзібе.
Соўсь: "Ці ёсьць у вашай камісіі рычагі для прыняцьця рашэньняў?"
Лаўроўская: "Мы ўсё ж толькі грамадзка-назіральная камісія. Мы можам накіроўваць звароты, рабіць маніторынг, прасіць нейкай супрацы. Прымусіць кагосьці мы ня можам. Але ёсьць такі рычаг, як наша заканадаўства. Нашае заканадаўства дае кожнаму грамадзяніну права звароту, а тым больш такой камісіі.
Соўсь: З чым вы зьвязваеце неналежнае стаўленьне з боку дзяржавы да гісторыка-культурнай спадчыны? Адсутнасьцю агульнай культуры ў чыноўнікаў? Камэрцыйнымі інтарэсамі? Даўняй савецкай традыцыяй ў вынішчэньні гісторыка-культурнай спадчыны?
Лаўроўская: На маю думку, прысутнічаюць усе аспэкты, якія вы пералічылі. Але галоўнае тое, што нігілізм, уласьцівы нашым чыноўнікам, прыводзіць да таго, што яны каштоўнасьць нават не распазнаюць. Я кажу ня толькі пра чыноўнікаў, якія маюць выключна адміністрацыйныя функцыі, але і пра сваіх калег-архітэктараў, якія ня могуць распазнаць гісторыка-культурную каштоўнасьць аб'екта з той простай прычыны, што там няма падабенства з Саборам сьвятога Пятра ў Рыме. Яны выхаваныя на знакамітых каштоўнасьцях, а ў звычайнай гарадзкой архітэктуры яны папросту не распазнаюць каштоўнасьці.