Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лёгка трапіць у сьпіс Усясьветнай спадчыны UNESCO?


Адразу некалькі дасье рыхтуюць беларускія адмыслоўцы для намінаваньня ў Сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны UNESCO — “Фартыфікацыйныя пабудовы Брэсцкай крэпасьці”, “Драўлянае дойлідзтва Беларускага Палесься”, “Культавыя пабудовы абарончага тыпу (у вёсках Сынковічы, Мураванка, Камаі)”, а таксама па Палацава-паркавым ансамблі ў Гомелі.

Чатыры беларускія аб’екты ўключаныя ў сьпіс Усясьветнай спадчыны UNESCO. Адзін аб’ект прыродны — Белавеская пушча, дакладней, яе запаведная частка (1992 год). Другі аб’ект — Геадэзічная дуга Струвэ, лінія трыангалюцыённых знакаў на тэрыторыі Беларусі ды Ўкраіны (2005 год). І два помнікі — Мірскі замкавы комплекс (2000 год) і архітэктурна-культурны комплекс — рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясьвіжы (сам замак, гарадзкая ратуша і Фарны касьцёл) (2006 год).

Пасол па асаблівых даручэньнях МЗС Беларусі, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімэр Шчасны распавёў:

“У нас складзены па рэкамэндацыі UNESCO — і гэта іх умова — папярэдні сьпіс кандыдатур. Усяго там было 12 аб’ектаў. Два зь іх уключылі (Мір і Нясьвіж). Паціху рыхтуецца дасье па новых кандыдатурах. А вось на разгляд UNESCO пададзеныя дзьве кандыдатуры — матэрыяльнае ўвасабленьне духоўнай спадчыны Эўфрасіньні Полацкай і Аўгустоўскі канал”.

Аўгустоўскі канал

Экспэрты Міжнароднай Рады па пытаньнях помнікаў і гістарычных мясьцінаў вельмі сур’ёзна і грунтоўна вывучаюць дакумэнты, прыяжджаюць на месца, каб пераканацца, наколькі кандыдатура адпавядае ўсім патрабаваньням — праца доўжыцца больш за год, і толькі потым аб’ект альбо падаецца на разгляд, альбо адхіляецца.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч сьцьвярджае, што ніякіх асаблівых прывілеяў прыналежнасьць да сьпісу UNESCO не дае, акрамя прэстыжу, што краіна мае гісторыка-культурныя каштоўнасьць усясьветнага значэньня:

Антон Астаповіч
“Ёсьць жорсткія правілы ўключэньня ў сьпіс UNESCO. Гэта запісана і ў Парыскай канвэнцыі: калі няма ўнутранага фінансаваньня на рэстаўрацыйныя работы, то ў гэты сьпіс увогуле аб’екты не прымаюцца. Нельга падаваць дакумэнты і чакаць, што добрае UNESCO дасьць грошы, яно не павінна быць донарам”.

І хоць наўпрост фінансавую падтрымку UNESCO не аказвае, дапамога міжнароднай структуры істотная і адчувальная, кажа старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімер Шчасны:

“Мы па ўсіх гэтых аб’ектах праводзілі сэмінары. Галоўная мэта гэтых сэмінараў — паказаць значнасьць гэтых аб’ектаў, каб садзейнічаць разьвіцьцю культурнага турызму. А калі ідзе разьвіцьцё культурнага турызму, значыць, ідуць і сродкі. Для Мірскага замка быў зроблены фільм на 8 мовах за кошт UNESCO. У Нясьвіскім замку заканчваецца праца над тэрміналам электроннай інфармацыі. Да таго ж, мы цяпер працуем над вялікім праектам «Віртуальная рэканструкцыя архіваў Радзівілаў»”.

Навуковы кіраўнік аб’екту рэстаўрацыі Нясьвіскага замкавага комплексу Сяргей Друшчыц лічыць, што высокі статус знаходжаньня ў сьпісе UNESCO і дапамагае, і абявязвае:

“Статус гэтых аб’ектаў вымушае ставіцца ад іх адпаведна, як належыць. Па-першае, адказнымі зьяўляюцца мясцовыя ўлады. Да, прыкладу, у Нясьвіжы ёсьць экспэртная камісія, яны прыяжджаюць, і мы раімся зь імі, якое прыняць рашэньне.

Тое, што ў Беларусі ёсьць шанец такое вялікае кола аб’ектаў уключыць — я ня думаю, што ўсе яны будуць уключаныя. Але ж сам факт — ён спрыяльны для помнікаў“.

Белавеская пушча першай зь беларускіх аб’ектаў была ўключана ў сьпіс UNESCO — у 1992 годзе. На пытаньне, ці дапамагло гэта захаваць унікальны помнік прыроды, эколяг Валер Дранчук адказаў так:

Валер Дранчук
“Мая думка — не дапамагло. Праграма добрая, настаўнікі таксама выдатныя — маю на ўвазе міжнародныя арганізацыі, якія спрабуюць уцягнуць у гэты цывілізаваны працэс Беларусь. Аднак вучні — вельмі нядбайныя. Маю на ўвазе кіраўніцтва Белавескай пушчы, маю на ўвазе ўтрымальнікаў — Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Яны не дарасьлі да гэтых стандартаў”.

Ці ёсьць шанец у астатніх беларускіх прэтэндэнтаў — помнікаў гісторыі і культуры, намінаваных на ўключэньне ў сьпіс UNESCO, туды трапіць?

У сьпісе, нагадаю, самыя розныя аб’екты —

  • гарадзенская Калоская царква,
  • сталічны праспэкт Незалежнасьці як помнік архітэктуры позьняга ампіру,
  • Аўгустоўскі канал,
  • Брэсцкая крэпасьць…

Намесьнік старшыні Беларускага Фонду культуры Георгі Канцэвіч:

“Я вам скажу: гэта лепей, чым Лінія Сталіна. Чым большая колькасьць помнікаў будзе ўключана ў UNESCO, тым больш будуць ведаць Беларусь і геаграфію яе, ня толькі помнікі, але і памятныя мясьціны разам з тым”.

Старшыня беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч выказаў такое меркаваньне:

“Калісьці падавалася Камянецкая Белая вежа ў сьпіс UNESCO. Яе адхілілі, бо гэта аб’ект ня можа ўвайсьці, таму што ён адзінкавы. Яго варта падаваць разам з Украінай у комплексе раньнесярэднявечных збудаваньняў Галіцка-Валынскай Русі. Я ня ведаю, ці ўвойдзе туды Калоская царква, бо Каложа — гэта таксама адзінкавы аб’ект. Вельмі вялікае пытаньне, ці ўвойдуць туды цэрквы ў Сынковічах і Мураванцы”.

Старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімэр Шчасны:

“Цяжка сказаць… Галоўныя патрабаваньні да кандыдатур на ўключэньне ў сьпіс аб’ектаў культурнай спадчыны — гэта ўнівэрсальнае ўсясьветнае значэньне і аўтэнтычнасьць. Наколькі захаваўся гэты помнік, па-першае, і па-другое, якое ён мае значэньне для ўсясьветнай культуры. Пакуль тое, што мы падавалі, адпавядала. Якой будзе думка экспэртаў — паглядзім. У любым выпадку, праца, якая будзе зроблена, будзе карыснай. Будзе сабрана інфармацыя, яна будзе выверана, яна будзе клясыфікавана — ня марныя высілкі будуць”.

Бліжэйшым часам будзе вырашаны лёс двух беларускіх аб’ектаў. Што да спадчыны Эўфрасіньні Полацкай (куды ўваходзяць Спаса-Прэабражэнская царква, Сафійскі сабор з гістарычнымі тэрыторыямі) — Міжурадавы камітэт па культурнай спадчыне прыме рашэньне ў чэрвені ў гішпанскай Сэвільлі. Ці трапіць у сьпіс UNESCO Аўгустоўскі канал, будзе вырашацца ў наступным годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG