Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што робіцца ў Нясьвіскім замку?


Нясьвіскі замак Радзівілаў, дзякуючы высілкам прамысловых будаўнічых трэстаў, працягвае набываць усё больш аддаленыя ад арыгіналу формы.

Пасьля руйнаваньня аўтэнтычных сьценаў і замены драўляных дахавых канструкцый на мэталічныя там пачалі будаваць фарты-фі-кацыйныя ўмацаваньні: земляным валам надаецца выгляд абарончых бастыёнаў, вакол якіх зьяўляецца абарончая сьцяна з чырвонай цэглы. Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што такі навабуд ніяк ня ўпісваецца ў гістарычны кантэкст аднаго з самых цікавых эўрапейскіх помнікаў Беларусі.

Маніторынг рэканструкцыі Нясьвіскага комплексу сумесна ладзяць Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў. Пры канцы году выніковая справаздача мае быць дасланая ў ЮНЭСКА – унікальны помнік унесены ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Падставай да трывогі адмыслоўцаў сталі працы, якія рызыкуюць канчаткова пахаваць сярэднявечны палацавы ансамбаль пад цяжарам неапраўданай мадэрнізвцыі. У працэсе рэстаўрацыі татальна выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы, а непасрэдна аб’екты амаль цалкам страчваюць першапачатковы выгляд. Як кажа старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, асаблівым дысанансам на тле старога палацу выглядае муляж абарончай сьцяны з чырвонай цэглы:

Паглядзіце гравюры Макоўскага, паглядзіце іншыя гравюры – я ня ведаю, дзе яны гэта ўзялі!
“Ды вы паглядзіце гравюры Макоўскага, паглядзіце іншыя гравюры Нясьвіскага замку – я ня ведаю, дзе яны гэта ўзялі! У мяне ёсьць фотаздымкі таго месца, дзе раскрытая рэальная абмуроўка валовых бастыёнаў. Яна ні сваімі памерамі ў пляне не адпавядае свайму знаходжаньню, ні тэхналёгіі муроўкі. Таму што там, дзе раскрытая старая тэхналёгія муроўкі, там мяшаная муроўка – бутавы камень і цэгла. А тут з сучаснай цэглы гэткі прыгожанькі складаны бастыён…”.

Навуковы кіраўнік рэстаўрацыі комплексу ў Нясьвіжы Сяргей Друшчыц ня згодны з абвінавачаньнямі на адрас рэстаўратараў. Ён кажа, што фартыфікацыйная сьцяна расьце на “аўтэнтычных мурах”:

Муроўкі захавалася вельмі мала. Таму тое, што мы аднаўляем, па аўтэнтычных мурах замацоўваем і падымаем сьцяну
“Справа ў тым, што ёсьць тры пэрыяды будаўніцтва фартыфікацыі. Першы пэрыяд – гэта менавіта мураваныя ўмацаваньні. Навукоўцы ў гэтым вагаюцца – ці то тут галяндзкія, ці то італьянская сыстэма. Падчас археалягічных раскопаў мы раскрылі гэтыя сьцены, яны захаваліся вышынёй амаль 4,5 мэтры. Але ж муроўка зробленая была такім чынам, што вонкавы выгляд – гэта цэгла, а далей – камень на вапнянай рошчыне. Муроўкі захавалася вельмі мала. Таму тое, што мы аднаўляем, па аўтэнтычных мурах замацоўваем і падымаем сьцяну. А што тычыцца так званай “кавалерыі” – вежачкі, то яна была сапраўды, і інвэнтары нам падрабязна даюць зьвесткі. Гэтае пытаньне разглядалася на Радзе, потым у нас ёсьць камісія беларуска-польская ў пытаньнях культуры, таксама мы раіліся. І ў выніку было прынятае рашэньне: адзін бастыён раскрыць і паказаць. Чатыры астатнія бастыёны застануцца пакуль пад вялікім пластом, насыпаным нашмат пазьней”.

У сваю чаргу Антон Астаповіч лічыць, што ў Нясьвіжы працягваецца “бульдозэрная рэстаўрацыя”, грунтоўна асвоеная на менскіх помніках гісторыі і культуры. Ён нагадвае, што сёлета ў сакавіку падчас “аднаўленчых працаў” на тэрыторыі Нясьвіскага замка зруйнаваная яго ўсходняя трохпавярховая галерэя, датаваная, паводле ЮНЭСКА, сярэдзінай ХVIII стагодзьдзя. Як кажуць занятыя ў працэсе рэстаўрацыі спэцыялісты, тэхнічны стан галерэі аказаўся такі, што ўзмацняць яе было “немэтазгодна”. Аднак спадар Астаповіч нагадвае і пра іншыя барбарскія, паводле яго словаў, мэтады “адбудовы” палацу на новы лад:

замак увогуле ўсё больш і больш страчвае сваё аўтэнтычнае
аблічча
“Пасьля таго, як спасылаючыся быццам на адсутнасьць падмуркаў, цэлае крыло замка валяць; пасьля таго, як мяняюць аўтэнтычныя, унікальныя, драўляныя каркасныя канструкцыі стрэхаў на мэталічныя фэрмы; пасьля таго, як замак увогуле ўсё больш і больш страчвае сваё аўтэнтычнае аблічча, нічога дзіўнага няма, што пачалі зьяўляцца гэтыя лялечныя замкавыя бастыёны. Бо гэта сапраўды прынцып сучаснай беларускай рэстаўрацыі – абы прыгожа было. Ні мэтодыкі, ні глыбокіх навуковых дасьледаваньняў. Гэта вось і вежа ў гэтым замку, гэта і бастыёны… А Друшчыц, як навуковы кіраўнік, адпаведна, будзе адстойваць сваю пазыцыю. Бо ён нясе адказнасьць за гэта – і юрыдычную, і маральную. І ён будзе такую пазыцыю адстойваць да апошняга, як і чыноўнікі Міністэрства культуры”.

Карэспандэнт: “Вы лічыце, што ў Нясьвіжы почырк рэстаўратараў той жа, што і ў Верхнім горадзе Менска?”

“Почырк аднолькавы. Гэта ўвогуле абсалютна беларускі почырк”.

Паказальна, што аднаўленчымі працамі ў Нясьвіжы займаецца Салігорскі будтрэст №3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак рэвалюцыйныя тэхналёгіі рэстаўрацыі не прыводзяць у захапленьне незалежных экспэртаў.

Нясьвіж – адзін са старэйшых культурных цэнтраў Беларусі, цэнтрам княства стаў у ХІІІ стагодзьдзі. У XVI-м там разьмясьцілася рэзыдэнцыя магнатаў Радзівілаў. Будынкі ў стылі готыкі, рэнэсансу, барока і клясыцызму ў Нясьвіжы знаходзяцца пад аховай ЮНЭСКА і ёсьць бясцэнным унёскам у скарбонку сусьветнай культурнай спадчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG