Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашчадкі Радзівілаў вандруюць па былых уладаньнях


Альжбэта Радзівіл. Фота — <a href="http://labadzenka.by/?p=3470#more-3470" target="_blank">labadzenka.by</a>
Альжбэта Радзівіл. Фота — <a href="http://labadzenka.by/?p=3470#more-3470" target="_blank">labadzenka.by</a>

Княгіня Альжбэта Радзівіл, дачка апошняга гаспадара Нясьвіскага замка Альбрэхта Радзівіла, яе&nbsp;сын Аба, двое ўнукаў і&nbsp;яшчэ шасьцёра нашчадкаў знакамітага роду другі дзень вандруюць па&nbsp;Беларусі.

Гэта прыватны іх візыт, зладжаны пры дапамозе амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі. А ініцыяваў іх вандроўку па былых уладаньнях сваіх продкаў журналіст Глеб Лабадзенка.

Прыляцеўшы ў Беларусь учора, нашчадкі магнацкага роду ўжо наведалі імшу ў Чырвоным касьцёле ў Менску, падзівіліся багацьцю асартымэнту сталічнай харчовай крамы “Радзівілаўская” і сёньня пабывалі ў мястэчках Ішкальдзь, Паланэчка і Мір. Найстаражытнейшы беларускі Ішкальдзкі касьцёл, палац ў Паланэчцы і замак у Міры выклікаў у гасьцей велізарную цікавасьць. Пра свае першыя ўражаньні гаворыць князь Мацей Радзівіл:

“Я моцна ўражаны пабачаным у Міры, бо быў там дваццаць гадоў таму. Тады гэта ўсё выглядала вельмі кепска. Быў зьнішчаны могільнік, мала адбудаваны быў замак, а цяпер бачым, што і касьцёл і царква адбудаваныя. Вельмі цешымся з гэтага. Пазнаёміліся мы тут і зь некалькімі асобамі, якія вельмі заангажаваныя ў культуру, у традыцыі і хочуць яшчэ нешта ведаць пра мінулае. Таму маю вельмі добрае ўражаньне ад усяго гэтага”.

Аба Радзівіл і князь Мацей Радзівіл (справа). Фота — labadzenka.by

На пытаньне, што для яго і ягоных сваякоў беларуская зямля, князь Мацей Радзівіл сказаў:

“Для нас гэта найперш зямля Вялікага княства Літоўскага. Той дзяржавы ўжо няма, але традыцыі засталіся. Тыя традыцыі лучаць усе нашы народы — палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў. Гэта была краіна вельмі прыветная. У яе людзі прыяжджалі з усяго сьвету, прыяжджалі таму, што тут добра жылося, таму што была рэлігійная і палітычная талерантнасьць. Той дух Вялікага княства Літоўскага, думаю, і надалей жыве і шмат людзей. якія жывуць у Беларусі, добра разумеюць той дух. Можна спрачацца, ці сталіцай Вялікага княства Літоўскага была Вільня, ці іншы горад і можа ў тым якраз і няма такой праблемы, але мяркую, што сэрца Вялікага княства Літоўскага б’ецца, напэўна, ня толькі ў Вільні, але таксама і тут, у гэтых мясьцінах. Яно б’ецца ў кожнага з нас”.

Сямейнае фота Радзівілаў у Менску. Фота — labadzenka.by

У наступныя дні нашчадкі Радзівілаў пабываюць у Нясьвіжы і наведаюць некаторыя музэі, архівы і іншыя інстытуцыі, дзе захоўваюцца рэчы і дакумэнты зь іх родавых маёнткаў. Бесьперашкоднаму знаёмству са спадчынай ім абяцала спрыяць Міністэрства культуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG