Пра трагедыю помніка сядзібна-паркавай архітэктуры клясыцызму ў Радзівілімонтах загаварылі 5 год таму, акурат у 215-я ўгодкі яго стварэньня. Хоць і ўнесены ў сьпіс архітэктурна-гістарычных помнікаў ды нібыта ахоўваецца дзяржавай, ён ужо тады, як пісалі, меў варты жалю выгляд. Будучы на Клеччыне, ня мог не ўключыць Радзівілімонты ў маршрут вандровак. Дарэчы, сядзіба ў 1960-м была перайменаваная ў Чырвоную Зорку і адносіцца цяпер да аднайменнага ўнітарнага прадпрыемства. Уяжджаю ў галаўную вёску Янавічы. Перада мной ладны на выгляд, двухпавярховы будынак школы. Дый яе дырэктарка Жана Войцік сьвеціцца аптымізмам.
Войцік: “У нас выдатная школа, навучаецца 123 вучні, бо будуецца аграгарадок, людзям выдзяляюць жытло і маладыя сем’і прыяжджаюць...”
На выезьдзе 9 так званых прэзыдэнцкіх домікаў. Заходжу ў адзін зь іх. Сустракае гаспадыня — мініятурная, сьветлавалосая Віялета Казушчык. У свае 21 яшчэ не пасьпела папрацаваць заатэхнікам, бо нарадзіла хлопчыка Арцёма ды дзяўчынку Ангеліну. Убачыўшы незнаёмага дзядзьку, тая заплакала. (Дзіцё плача.)
Віялета: “Ангелінцы 2 гады хутка — ня плач, Ангеліначка. Усяліліся больш за год. Муж адсюль — інжынэр-мэханік…”
Далейшым расповедам Віялета нібы разбурыла ўсё сказанае Жанай Войцік.
Віялета: “Шмат было недароблена. Дзьвярэй не хапала, вокны крыва віселі — падфарбоўвалі, перафарбоўвалі. Столь моцна заплямлена. Наймалі самі рабочых, прыбіралі. Плацім за газ, сьвятло дастаткова. Адпрацаваць павінны 10 год, каб яго выкупіць, але й гэта невядома. Хлеўчык такі, што сьвіньня с..й не паверне, але падвал ёсьць — мы вязунчыкі. Ну, усё роўна лепш, чым з бацькамі жыць…” (Сьмяецца.)
Радзівілімонты ад Янавіч за 3 км. Пытаюся дарогі да сядзібы ў 77-гадовай Ірыны Апцэшкі ды 84-гадовай цёткі Лізы. Заадно разгаварыліся пра жыцьцё.
Спадарыні: “Дзякуй Богу, пэнсія неблагая — 430, дзякуй Лукашэнку. Сацыяльныя работнікі прыходзяць, торфу прынясе, прадуктаў, у хаце прыбярэ, а дзеці ўсе далёка ўтрох…”
Карэспандэнт: “Цётка Ірына, пра сядзібу Радзівілаў чулі?”
Апцэшка: “Ну-ну, але мала ведаю. Далей паедзеце — крыж будзе і бабка. Яна ўроджаная яшчэ пры пану…”
92-гадовая бабця Наста сядзела на канапцы ў пакойчыку, па яе словах, “норачкі” — хаткі, якая стаяла, пакасіўшыся. Бабця яшчэ памятае часы, калі…
Наста: “Сядзіба была добрая. Парк зьнішчылі — усякія дрэвы былі, лавачкі. Пачалі бурыць 5 год таму — такая ўлада. Цяпер ніхто не ахоўвае, год 5, як ня бачыла ўчастковага, старшыню…”
Бабці Насьці варта было пажадаць, каб журналісты да яе прыяжджалі часьцей. Бо яшчэ на выезьдзе з Клецку за нашым аўто адна за адной зьмяніліся тры міліцэйскія машыны. Адну зь іх акурат насупраць бабчынай “норкі” я нават сфатаграфаваў. Наста ж Адамаўна з плачам загаварыла пра свой бядотны лёс.
Наста: “Засталася адна ў 10 год, бацька 2 разы гарэў. Не дала нам улада будавацца — паслалі ўжо ўсіх на засьценкі. Далі страхоўку — а там ні вады, хаты ўсюды далёка, сьнег з мамай насілі ў хату. Пры Савецкай уладзе на заводзе рабіла, 10 год у школе прыбіральшчыцай. Перайшла ў саўгас — далі во гэты пакойчык. У 55 год на пэнсіі пайшла дзялкі браць буракі церабіць. Налічвалі па 5 рублёў — нічога добрага пры Савецкай уладзе не было. Працавала да 70 год — пэнсія 55 рублёў. Не магла за іх пражыць. Працадні мне ня ўсе пісалі — і няма. А запісаў, што ў саўгасе была, наогул няма, а я чалавек непісьменны…” (Плача.)
У клюбе, што побач, гутару з прыбіральшчыцай Тацьцянай Галубовіч ды дырэктаркай Людмілай Лёсік.
Спадарыні: “З аграгарадка не атрымалі нічога — абяцалі клюб адрамантаваць, ніхто ня чэшацца. Сыплецца-валіцца ўсё… У 95-м у клюбе было шмат людзей — больш за 100 квіткоў прадавалі. Заробак у нас 300 тысяч. Жывем, але ўжо не пад чырвонай зоркай. У мяне сын у Віцебск зьехаў. А раней лебедзі былі — зарасла саджалка, і ўляцелі…”
З самотным пачуцьцём іду па высечанай, адной з самых доўгіх у Беларусі, трохкілямэтровай ліпавай алеі. Падыходжу да рэшткаў палаца, калісьці помніка нэаготыкі, збудаванага італьянскім архітэктарам Спампані. Сёньня гэта бязладнае нагрувашчваньне абломкаў сьценаў ды перакрыцьцяў.
Праваабаронца, рэдактар незалежнага выданьня “Бойкі Клецк” Сяргей Панамароў, які браў удзел у вандроўцы, кажа, што ад выгляду маёнтка яго былая гаспадыня, княгіня Марыя Радзівіл страціла б прытомнасьць.
Панамароў: “Зьвярнуў увагу на саджалку зарослую. Паваленыя дрэвы — хто хоча, той і сек. У чынавенства плёвыя адносіны. Сёньня будынак, як пасьля аўганскай бамбёжкі, зусім не падлягае рэстаўрацыі. Парк з клёнаў, дубоў, ліп загаджаны, зарослы. Гэта беларуская разбураная Памяць…”
* * *
Па шляху з Радзівілімонтаў заўважыў воданапорную вежу з парнікамі вакол. Пад’ехаўшы бліжэй — угледзеў пустыя шклянкі ды бутэлькі. Гэта рэшткі некалі буйной фэрмэрскай гаспадаркі, якую 2 гады таму насьмеліўся набыць 62-гадовы спадар Мікалай Скачкоў. Насьмеліўся — не перабольшаньне. Пэнсіянэр, былы электроншчык зь Менску, ня ведае, чым усё скончыцца.
Скачкоў: “Калі ласка, ня трэба пра мяне. Можна зараз сказаць, а праз год перадумаць. Праблема кадраў — тут вакол п’янь. А гародніна патрабуе вялікай працы — тут 30 га. Памідоры, гуркі далікатныя: летам паўдня не прадаў — і яны хліпкія. Прыбытку яшчэ не атрымалі. Плаціў бы ім больш, чым у калгасе — і па 20—25 тысяч за дзень. Слухай, ляжа і тыдзень будзе ляжаць трактарыст — 15 баб вакол сядзяць…”
Затое дарожная кавярня “Гасьцінец” непадалёк была разрэклямавана аж менскім афіцыйным друкам — “прыгожая барная стойка, утульная заля для наведнікаў, раскоша кухні”. Звонку ўсё так. Але гутару з 19-гадовай прыгажуняй-бармэншай Кацяй Рамашкай.
Рамашка: “Наведнікаў ня моцна. Сярэдняя выручка ў будні тысяч 100, у нядзелю — за 500. Заробак ад выручкі — 200 тысяч. Дапамагае маці, а мне трэба адпрацаваць пасьля каледжа 2 гады. А потым на ногі і бліжэй да маці…”
Побач вёска Грыцэвічы, дзе жыве 700 насельнікаў. Гутару з 16-гадовай Машай Кавальчук.
Маша: “Хачу зьехаць, бо ў моладзі толькі дыскатэка, а там ганяе міліцыя пасьля 23. Нецікава. Сумна. Бацькі на фэрме — у маці тысяч 800, у бацькі да 500. Для даяркі мала, бо ў хаце не бывае. А хочацца на выпускны апрануцца…”
У праўленьні СВК “Грыцэвічы” інспэктар па кадрах , спадарыня Галіна Прышчэпа, у прынцыпе ўсё пацьвярджае, але, так бы мовіць, з афіцыйнага пункту гледжаньня.
Прышчэпа: “Мэханізатары ўлетку ў нас да мільёна-двух, жывёлавод — 700 і вышэй. У нас кароў больш за 1000, дзьве сьвінафэрмы…”
Карэспандэнт: “А моладзь уцякае — у “Гасьцінцы” ў дзяўчаці 200 тысяч…”
Прышчэпа: “Яна ж ня пойдзе даяркай! У калгасе рана ўстаць і позна легчы. І ніхто не захоча — цяжка. Бачыш, якія домікі прыгожыя будуюць — ня хочуць у іх на гэтыя працу і заробак. Калісьці ў нас на сяле больш за 100 кароў было, а цяпер засталося 7 — вы падумайце! Кожны дзень у краме ёсьць малако, масла. Яна ўстала ў 7, прыбралася і на працу — нашто тыя клопаты…”
Сяргей Касьянаў у Грыцэвічах з 91-га, працуе ахоўнікам дэпартамэнту МУС у Клецку. Але дагэтуль лічыць сябе гаспадаром.
Касьянаў: “Гаспадарку маю, а як жа! Але ў сям’і адны жанчыны — маці, цешча, 2 дачкі. Трымалі 2 каровы, а нарыхтаваць сена цяжка. Трактар купіў, але надвор’е сапсуецца — і ня ўбраць. А карову трымаць стала нявыгадна, бо малако прымаюць меней за тысячу. Бо ў нас першасная вытворчасьць, а асноўная ў горадзе. Зерне сабралі з палеткаў, а перапрацоўваюць іншыя. А тая цана дарагая. Я набыў свой пераносны млын, значыць, ня трэба там плаціць, магу трымаць кабанчыка…”
Сваю гісторыю распавёў мне наш кіроўца. 45-гадовы Сяргей Дамейка папрасіў, каб прозьвішча прагучала адкрыта. Ён атрымаў трэцюю групу інваліднасьці, і яму было прапанавана ўладкавацца вартаўніком.
Дамейка: “Працаваў на хлебазаводзе, і мне групу далі з-за траўмы шэйнага пазванка. І я звольніўся. А групу зьнялі, хоць мэдыкі яе пацьвярджаюць. Адправілі на біржу вучыцца на газавіка. Але па стане здароўя не прайшоў камісію. Не даюць групу, і на працу не магу ўладкавацца…”
У часе апошніх мясцовых выбараў справа настаўніцы ангельскай ды беларускай моваў у Грыцэвічах Іны Кебікавай абляцела ўсе апазыцыйныя СМІ. Яна балятавалася ў мясцовы савет ад Партыі БНФ. Яе гісторыяй зь непрадказальна шчасьлівым канцом і скончу мой расповед.
Кебікава: “У першы ж дзень, як я падала подпісы ў выбаркам, да мяне патэлефанаваў загадчык райана, выклікаў да сабе і паказаў паперу, што я сыстэматычна прагульваю ўрокі. Там настаўнікі паставілі подпісы, таму што яны ўсе на кантрактах і калі ня згодны, аўтаматычна губляюць працу. Праз інтэрнэт знайшла хлопцаў, якія дапамаглі скласьці паперы і падаць у суд на загадчыка райана Клімовіча. Калі я выйграла суд, Клімовіч падаў зваротны пазоў. Выйграла абласны, дапрацавала год у Грыцэвічах. А пасьля здарылася чароўная сытуацыя. Яны самі тэрмінова перавялі ў Клецак на павышэньне, таму што сабралася шмат маладых настаўнікаў. Я зь імі працавала, і яны баяліся, што будзе супраціў…”