Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — у лідэрах па кантролі за інтэрнэтам


Паводле дасьледаваньняў прыватнай амэрыканскай кампаніі “CryptoHippie”, якая спэцыялізуецца ў тэхналёгіі канфідэнцыйнасьці, Беларусь займае трэцяе месца ў рэйтынгу дзяржаў з самым моцным электронным кантролем. На першай і другой пазыцыі — адпаведна Кітай і КНДР. Чацьвёртае месца належыць Расеі.

Даклад грунтуецца на інфармацыі ад розных арганізацый, сярод якіх Цэнтар электроннай прыватнай інфармацыі (Electronic Privacy Information Center), “Рэпартэры бязь межаў”, Freedom House, Інстытут Людвіга фон Мізэса, фонд “Heritage Foundation”.

Публікацыя дакладу “CryptoHippie” выклікала пэўны скандал у заходніх СМІ. Як вынікае з дасьледаваньня, наступныя пасьля Расеі месцы займаюць такія дэмакратычныя краіны, як Вялікабрытанія, ЗША, Францыя, Ізраіль, Нямеччына.

Паводле дасьледчыкаў, за электронным кантролем у розных дзяржавах стаяць самыя розныя групы. У выпадку з Кітаем, Паўднёвай Карэяй, Беларусьсю ды Расеяй незаконнае ўварваньне ў прыватную сфэру грамадзянаў — справа дзяржавы. За грамадзянамі заходніх краін могуць незаконна сачыць розныя фінансавыя групы, а пасьля 11 верасьня 2001 г. — ведамствы па барацьбе з тэрарызмам.

Як лічыць аўтарытэтны расейскі экспэрт у галіне тэлекамунікацыйных тэхналёгіяў Леанід Конік, электронны кантроль маецца паўсюль, толькі розных краінах ён ажыцьцяўляецца па-рознаму:

“Калі гаварыць сур’ёзна, барацьба з тэрарызмам — гэта ўсясьветная гісторыя. Наіўна лічыць, што гэтага больш нідзе няма. У той ці іншай ступені падобны кантроль існуе паўсюль.

У розных краінах кантроль ажыцьцяўляецца па-рознаму. Аднак у любой краіне СНД — Расеі, Беларусі, Украіне — любы апэратар, які ставіць як офісныя, так і ўласныя тэлефоны, абавязаны выканаць патрабаваньні спэцслужбаў, то бок забясьпечыць тэхнічную магчымасьць праслухоўваньня абанэнтаў. Ці, калі мы гаворым пра інтэрнэт-правайдэраў, — перахопліваць ці чытаць зьмест электроннай пошты.

Беларускі экспэрт Юрый Зісер часткова згодны зь меркаваньнем свайго пецярбурскага калегі:

Юрый Зісер
“Так працуюць усе спэцслужбы сьвету. Пытаньне толькі ў матывацыі. Калі кантроль вядзецца ў ЗША, нікога не будзе хваляваць тая ж крытыка ўраду.

І наша электронная перапіска, і паведамленьні, якія пакідаюцца на блогах, усё гэта можа быць прачытана, аднак толькі ў выпадках, калі супраць асобы распачатае расьсьледаваньне. Для звычайных грамадзянаў гэта абсалютна фіаялетава”.

Агулам супрацоўнікі “CryptoHippie” вывучалі сытуацыю ў 52 краінах сьвету. Дасьледаваньні, якую краіну ў большай ступені можна лічыць паліцэйскай дзяржавай, праводзіліся паводле 17 крытэраў. Сярод іх: выдача розных часовых дакумэнтаў, у тым ліку іменных квіткоў або службовых пасьведчаньняў, апытаньні з боку памежнікаў пры перасячэньні мяжы, патрабаваньні да інтэрнэт-правайдэраў ці мабільных апэратараў адносна інфармацыі, зьвязанай з кліентамі, патрабаваньні да мэдычных устаноў захоўваць зьвесткі пра стан здароўя пацыентаў і г. д.

Як гаворыцца ў дакладзе, “у электроннай паліцэйскай дзяржаве праз адпаведныя пошукавыя базы можна знайсьці ўсе кадры, зьнятыя відэакамэрамі, кожнае паведамленьне электроннай пошты, кожны сотавы тэлефон і яго пін-код… Усё гэта і шмат што яшчэ фіксуецца на доўгі час дзеля барацьбы з крымінальнымі злачынствамі. Тыя, хто займаецца гэтымі дасьледаваньнямі, могуць пры ахвоце нанесьці вялікую шкоду той ці іншай асобе. У дэмакратычнай краіне чалавек можа распачаць працэс супраць такіх дзеяньняў, аднак ужо пасьля таго, як назіраньне за ім пачалося”.

Да справаздачы “CryptoHippie” далучаная мапа сьвету. Чырвоным колерам пазначаныя краіны, у якіх электронны паліцэйскі кантроль самы жорсткі, аранжавым — краіны, дзе сыстэма гэтага кантролю знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, жоўтым — дзе пытаньні паліцэйскага назіраньня распрацаваныя найгорш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG