Вечаровы рэпартаж: да маладых людзей прыходзяць барды і пісьменьнікі
Любоў Лунёва, Менск
У сядзібе партыі БНФ восьмыя суткі знаходзяцца галадоўнікі, якія ладзяць гэтую акцыю на знак салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам.
Я прыйшла сюды ўвечары, каля 20-й менскага часу. Тут даволі весела. Я чакала, што тут будуць ляжаць маладыя людзі на лежаках. Іх усяго 7 чалавек. Нейкія расповяды весьці, а высьветлілася, што тут імправізаваны канцэрт наладзіў для іх бард Зьміцер Вайцюшкевіч.
Таксама сюды прыйдуць іншыя барды, яны сказалі, што будуць завітваць па вечарах, каб падтрымаць маладых людзей.
Сюды прыходзіла Мар'яна Грузьдзіловіч, якая таксама ладзіць акцыю.
Гаворыць адзін з удзельнікаў галадоўкі Яўген Скрабец:
Скрабец: Я адчуваю сябе больш-менш нармалёва. Ужо дні два, як я не хачу есьці. У прынцыпе, так казалі мне дактары. Сёньня 7-я суткі маёй галадоўкі - я далучыўся на дзень пазьней. Сёньня схадзіў памыўся, прыняў кантрастны душ, мне гэта дадало энэргіі".
Карэспандэнт: Са мной знаходзіцца побач дзяўчына, яна даволі мужна сябе паводзіць у кампаніі хлапцоў. Тут толькі Ірына Губская і Наста Палажанка. Ірына, як і Яўген Скрабец, упершыню ўдзельнічае ў сумеснай акцыі галадоўкі.
Губская: Я далучылася да галадоўкі на трэці дзень. Гэта мая першая галадоўка. Адчуваю сябе добра. Думаю працягнуць яе да канца. Напачатку думала , што гэта цяжка, трэба - ня трэба, бо ўсё роўна моладзь ня вельмі актыўна далучаецца да галадоўкі, але зараз бачу, што гэта патрэбна, таму думаю быць да канца.
Карэспандэнт: У пакоі, дзе знаходзяцца маладафронтаўцы, адчыненае акно, і час ад часу ў яго заглядаюць людзі - мінакі. Падыходзяць шмат маладых людзей, яны запытваюць: а сапраўды вы трымаеце галадоўку? У інтэрнэце прачыталі, раскажыце, ці доўга вы яшчэ будзеце трымацца?
Гэта прыкмета таго, што ўсё ж моладзь атрымлівае гэтую інфармацыю праз інтэрнэт, і з даволі вялікай цікавасьцю ставяцца людзі, якія не ўваходзяць у нейкія рухі і структуры.
Дзённы рэпартаж
Уладзімір Глод, Менск
Сёньня галадоўнікі зноў павесілі на сьцяне пакоя расьцяжку “ГАЛАДОЎКА”. Яе вярнулі зь міліцыі, куды яна трапіла пасьля таго, як міліцыянты гвалтам адабралі яе на Кастрычніцкай плошчы ў Ірыны Губскай. Заўважаю, што паболела ў пакоі і кніжак. Яўген Скрабец тлумачыць:
“Нас сёньня наведаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Кожнаму падараваў сваю кніжку ”Каханак яе вялікасьці”. І яшчэ прынёс некалькі асобнікаў кніжкі “Імёны Свабоды”. Але ў мяне яна ёсьць, зь ягоным подпісам, калі ён яшчэ прыяжджаў у Берасьце.
Прыемна было адчуць ягоную падтрымку. Ён далучыўся да закліку Івонкі Сурвілы спыніць галадоўку. Але пакуль мы яшчэ зьбіраемся “ваяваць”.
Старшыня Рады БНР зьвярнулася да маладафронтаўцаў з заклікам спыніць галадоўку. У яе звароце адзначаецца: “Усім сэрцам я з вамі, але калі галадоўка вас зьняможа, будзе гэта на карысьць тых, хто давёў вас да такога стану”. Наста Палажанка ад імя галадоўнікаў падзякавала спадарыні Сурвіле за яе хваляваньні, за яе ўвагу:
“Але пры гэтым мы ня проста так распачалі галадоўку. Мы праводзім яе дзеля таго, каб нашы патрабаваньні былі выкананыя. І таму мы ня скончым галадоўку, пакуль ня будзем мець пэўных вынікаў”.
Прэзыдэнт менскага гарадзкога грамадзкага аб’яднаньня ахвяр палітычных рэпрэсіяў Аляксандар Лапіцкі сёньня прыйшоў наведаць галадоўнікаў. Ён пажадаў моладзі моцнай волі:
“Вы вельмі мужныя патрыёты нашай Радзімы. І мы спадзяёмся, што вашы імёны будуць упісаныя залатымі літарамі ў гісторыю вызваленчай барацьбы беларускага народу супраць тыраніі.
У Беларусі два прэзыдэнты. Мяне выклікалі ў упраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму і сказалі перарабіць статут, каб там не было слова “прэзыдэнт”, а толькі слова “старшыня”. Я адмовіўся. Тады мне сказалі, што пададуць на мяне ў суд. Вось па сёньняшні дзень яны падаюць у суд”.
Спадар Лапіцкі параіў галадоўнікам яшчэ раз узважыць усю сытуацыю і падумаць над спыненьнем галадоўкі. “Мы пачыналі яе ня проста так. І ня дзеля таго, каб па пэўных закліках яе скончыць. Мы разумелі, што будзе адпаведная рэакцыя людзей, асабліва сталага ўзросту, якія будуць раіць маладзёнам спыніць галадоўку. Але мы пачыналі яе з пэўнымі патрабаваньнямі і будзем чакаць пэўных вынікаў.
Таму мы, канечне, удзячныя ўсім за ўвагу, за хваляваньні, за тое, што людзі сочаць за ўсім, што адбываецца вакол нас. Мы, можа, нават просім у іх прабачэньня. Але пры ўсім гэтым мы па сваім шляху будзем ісьці да канца”.
Сёньня ўвечары галадоўнікаў пакінуў Ільля Нагорны. Ён накіраваўся ў Салігорск, дзе ў аўторак пачнецца суд над ім і яшчэ двума маладафронтаўцамі:
“Мы вырашылі прыйсьці на суд разам. А потым, калі не дадуць сутак, вярнуся ў Менск да сяброў-галадоўнікаў. Калі ж прысудзяць суткі, то застануся там і буду працягваць галадоўку там”.
Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.