Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шварцэнбэрг сустрэўся зь беларускімі палітыкамі


У Празе адбылася сустрэча міністра замежных спраў Чэхіі Карэла Шварцэнбэрга з старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандрам Казуліным, Аляксандрам Мілінкевічам, Зянонам Пазьняком і Станіславам Шушкевічам.


Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Чэхіі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, прымаў беларускіх палітыкаў перад пачаткам саміту "Ўсходняга партнэрства" ў Празе. На сустрэчы абмяркоўваліся прапановы прадстаўнікоў беларускага грамадзтва ў дачыненьні да гэтай праграмы.

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Карэл Шварцэнбэрг сказаў, што для яго вялікі гонар -- вітаць прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазыцыі. "Беларусь ня толькі з геаграфічных прычынаў нам вельмі блізкая. У Чэскай Рэспубліцы шмат беларусаў, якія тут
Чым бліжэй краіна да Эўрапейскага зьвязу, тым больш крытычна мы на гэтую краіну глядзім.
вучацца і жывуць. Для мяне вельмі важна, што мы абмяркоўвалі канкрэтныя крокі па падтрымцы беларускай культуры і грамадзянскай супольнасьці," -- сказаў міністар.

Карэл Шварцэнбэрг таксама патлумачыў той факт, што шэраг лідэраў краінаў Эўразьвязу не жадалі бачыць Аляксандра Лукашэнку на саміце, у той час, як, напрыклад, кіраўнік Азэрбайджану, дзе таксама парушаюцца правы чалавека, на саміце будзе: "Чым бліжэй краіна да Эўрапейскага зьвязу, тым больш крытычна мы на гэтую краіну глядзім. У свой час мы вельмі крытычна ставіліся да Балканаў, а цяпер Беларусь і Ўкраіна застаюцца найбліжэйшымі да нас".

Кіраўнік арганізацыі "Грамадзянская Беларусь", былы дысыдэнт і міністар Ян Румл нагадаў пра палітычных зьняволеных, якія цяпер ёсьць у Беларусі, акцэнтаваўшы ўвагу на галадоўцы Мікалая Аўтуховіча.

Ацэньваючы вынікі сустрэчы, Івонка Сурвіла адзначыла, што "прынцыпова важна, каб Беларусь увайшла ў праграму "Усходняга
Мы робім першы крок, каб аднавіць сваё месца ў эўрапейскай сям'і.
партнэрства" на нармальных умовах, а не другараднай краінай".

На думку Аляксандра Мілінкевіча, "сёньня гістарычны дзень. Пасьля доўгіх гадоў адсутнасьці ў Эўраінтэграцыі мы робім першы крок, каб аднавіць сваё месца ў эўрапейскай сям'і".

Зянон Пазьняк адзначыў даўнія традыцыі беларуска-чэскіх культурных сувязяў, нагадаўшы, што менавіта ў Празе Францыск Скарына надрукаваў першыя беларускія кнігі. "Рэжым Лукашэнкі вельмі жорсткі ў адносінах да свайго народу, да сваёй культуры і да мовы, таму на гэтых тэмах была акцэнтацыя падчас гутаркі".

"Правы чалавека і культура павінны быць прыярытэтамі"

Напярэдадні Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Казулін выступілі з сумеснай заявай, у якой віталі ідэю Ўсходняга партнэрства і выказалі ўдзячнасьць Эўразьвязу за ўключэньне Беларусі ў гэтую праграму. "Мы лічым, аднак, што
Забесьпячэньне правоў грамадзянскай супольнасьці і кожнага чалавека павінна стаць умовай дачыненьняў з аўтарытарнай ўладай.
забесьпячэньне правоў грамадзянскай супольнасьці і кожнага чалавека павінна стаць умовай дачыненьняў з аўтарытарнай ўладай Лукашэнкі і мусіць быць адзначана ў пратакольнай частцы "Партнэрства", -- гаворыцца ў заяве.

У заяве таксама сказана: "У прыярытэтных кірунках дзейнасьці Ўсходняга партнэрства мы хацелі б бачыць дапамогу па зьберажэньні беларускай культуры ад сыстэматычнага вынішчэньня антыбеларускім рэжымам. Мы прапануем да тых пяці пазыцяў, вылучаных з дванаццаці патрабаваньняў Эўразьвязу да ўладаў Беларусі, дадаць шосты пункт аб забесьпячэньні свабоднага разьвіцьця беларускай культуры, адукацыі і творчасьці".

На пытаньне журналістаў Аляксандру Мілінкевічу, чаму ён не падпісаў супольную заяву, той адказаў: "Я згодны па ўсіх пунктах, за выключэньнем таго, зь якога можна зразумець, што Лукашэнка -- гэта "траянскі конь" у эўрапейскай палітыцы. Гэты пункт, калі ён ня мае падставаў, шкодзіць эўрапейскай інтэграцыі Беларусі".

На пытаньне, ці не хацелі б прадстаўнікі беларускай пазыцыі сустрэцца ў Празе з прадстаўнікамі беларускай улады, Зянон Пазьняк адказаў: "Яны зробяць усё, каб з намі не спаткацца. Мы ня супраць, але яны гэтага ня хочуць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG