Сёньняшнія пасяджэньні адбываліся ў будынку міністэрства замежных справаў, перад ўдзельнікамі форуму выступілі міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг і эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
Якую ролю можа і павінна адыгрываць незалежнае грамадзтва краінаў Эўразьвязу і постсавецкіх краінаў у ініцыятыве "Ўсходняе партнэрства"? Гэтую праблему на працягу двух дзён абмяркоўвалі дзесяткі прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, палітыкаў і экспэртаў.
Хіба не ўпершыню адбылася такая прадстаўнічая сустрэча прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва з 6 постсавецкіх краінаў зь іх калегамі з аб’яднанай Эўропы. Беларусь на форуме прадстаўлялі грамадзкія дўзеячы, дасьледчыкі і праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Алесь Лагвінец, Віталь Сіліцкі, Ірына Віданава і Ігар Леднік.
Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, кіраўнік чэскага МЗС Карэл Шварцэнбэрг сказаў: Увесь экспэрымэнт "Усходняга партнэрства" будзе пустой абалонкай, калі ён застанецца толькі дамовай паміж урадамі, якія зьмяняюцца. Але калі мы хочам стварыць сапраўднае "Ўсходняе партнэрства", тады вашае супрацоўніцтва будзе важнейшае за ўсё іншае.
Цікава адзначыць, што рабочыя групы форуму паводле зьместу супадалі з тэматычнымі “плятфорамамі”, на якіх мяркуецца наладзіць супрацоўніцтва ў межах "Усходняга партнэрства" паміж дзяржавамі, гэта “Дэмакратыя і каштоўнасьці”, “Эканамічная канвэргэнцыя з Эўразьвязам” , “Энэргэтычная бясьпека” і “Кантакты паміж людзьмі”.
"Праблема нашага "трэцяга сэктару" - што мы мала працуем са "старой" Эўропай"
Хаду дыскусіяў на форуме я папрасіў пракамэнтаваць дырэктара Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў Віталя Сіліцкага.
Сіліцкі: Тут цяжка знайсьці агульную глебу, даволі шмат спэцыфічных праблем ў шасьці краінаў, некаторыя зь іх знаходзяцца ў стане фактычна вайны паміж сабой. Але агульная тэма - гэта маніторынг стану правоў чалавека, каб ціснуць і свае ўрады, і на Эўразьвяз, каб "Усходняе партнэрства" было інструмэнтам паляпшэньня сытуацыі і ў гэтай галіне.
Але ў мяне ёсьць пэўны пэсымізм адносна гэтага форуму. Тут мы пераважна размаўляем самі з сабой - партнэры з партнэрам. Тут добра прадстаўленыя, напрыклад, Польшча, Чэхія, балтыйскія краіны, але мы ня бачым прадстаўнікоў Францыі, Бэльгіі, Гішпаніі, Італіі. А без працы з імі "Ўсходняе партнэрства" будзе проста спаралізаваным. Гэта, я мяркую, слабае месца ўсяго нашага "трэцяга сэктару" - што мы мала працуем са "старой" Эўропай, дзе мы мусім знайсьці паразуменьне.
Але ўсе гавораць, што "Ўсходняе партнэрства", гэта іспыт, які нельга праваліць. Бо калі ў краінах-партнэрах ня будзе дасягнуты істотны прагрэс, то краіны-канкурэнты, тыя ж краіны Міжземнамор'я, давядуць, што гэтыя постсавецкія краіны проста не гатовыя да эўраінтэграцыі.
Гэта не павінен быць працэс толькі адкрыцьця Эўропы перад Беларусьсю
А вось меркаваньне дырэктара польскага цэнтру ўсходнеэўрапейскай дэмакратыі Паўла Казанэцкага:
Казанецкі: Усе ранейшыя мэханізмы - праграма добрасуседзтва, праграма TASIS мелі адну хібу - адсутнасьць уплыву на гэтыя праграмы грамадзкіх арганізацый і сацыяльных лёбі, такіх як прафсаюзы. На гэтым форуме польскім і швэдзкім міністэрствамі замежных справаў была прапанаваная грамадзкая плятформа.
Магчыма, пасьля гэтай сустрэчы гэты мэханізм будзе напоўнены больш канкрэтным зьместам, бо на сёньняшні дзень гэта досыць абстрактныя дыскусіі, чым такая плятформа магла б быць. Выказвалася ідэя, што праекты "Ўсходняга партнэрства" павінны ўзгадняцца з "трэцім сэктарам", і ня толькі краінаў Эўразьвязу, якія зацікаўленыя ў гэтых праектах, але і з "трэцім сэктарам" гэтых шасьці краінаў, якім адрасавана партнэрства.
Што да пэрспэктываў Беларусі ў партнэрстве, то вельмі важным будзе ня толькі тое, як будзе паводзіць сябе прэзыдэнт Лукашэнка, але і як будзе паводзіць сябе незалежнае грамадзтва. Гэта не павінен быць працэс толькі адкрыцьця Эўропы перад Беларусьсю. Эўропа – гэта ня толькі эканамічныя інтарэсы, але і пэўная сыстэма каштоўнасьцяў. Адкрыцьцё Эўропы перад афіцыйным Менскам – гэта добра, але павінны быць умовы гэтага. Мінімальная ўмова – кантакты з палітычнай апазыцыяй, перамовы з апазыцыяй , якія прывядуць да свабодных выбараў, напачатку хаця б парлямэнцкіх.