Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Сурвіла: нас аб'яднала супольная мэта: незалежнасьць


Разам з Аляксандрам Казуліным, Аляксандрам Мілінкевічам, Зянонам Пазьняком, Станіславам Шушкевічам Івонка Сурвіла мела сустрэчу з чэскім прэм'ер-міністрам Мірэкам Тапаланкам.


Івонка Сурвіла была госьцяй "Начной Свабоды" 5-га траўня

СЛУХАЦЬ:


Аб'ядналіся з супольнай мэтай: незалежнасьць, культура



Ганна Соўсь
: Спадарыня Івонка, сябры Рады БНР былі ініцыятарамі таго, каб у Прагу прыехалі экс-кандыдаты на прэзыдэнта ў рамках саміту Эўразьвязу, прысьвечанага праграме “Ўсходняе партнэрства”. Якая мэта гэтага супольнага візыту і як атрымалася аб’яднаць такіх розных палітыкаў?


Івонка Сурвіла:
Аб'ядналіся розныя палітыкі, таму што мы, фактычна маем тыя ж самыя мэты: мы ўсе змагаемся і за незалежнасьць, і нашую культуру, і за будучыню Беларусі. Так што аб'яднаць іх цяжка не было. Мэта супольнага візыту - гэта каб упэўніцца, што "Ўсходняе партнэрства" ня будзе легімітызацыяй улады Лукашэнкі. Мы хацелі, каб былі пастаўленыя пэўныя ўмовы, якія зробяць гэтае "Партнэрства" карысным для Беларусі, а не Лукашэнкі.

Чэскі прэм'ер ведае, як важна захаваць культуру народа

Соўсь: Сёньня вы сустракаліся з чэскім прэм’ер-міністрам Мірэкам Тапаланкам. Раскажыце, якія ягоныя вынікі, пра што ішла размова?

Сурвіла: Размова была вельмі сымпатычнай. Ён вельмі добра ведаў сытуацыю. І мы фактычна прадставілі нашыя галоўныя жаданьні. Адно з іх, якое мы лічым вельмі важным - зьберажэньне беларускай культуры. Каб якім-небудзь спосабам было напісана ў пратакол намаганьняў Эўропы, каб ня нішчылася беларуская культура.

Гэта, як вам ведама, культурай карыстаюцца ўсе імпэрыялісты, нішчачы яе, каб асіміляваць край альбо заняць край. Дзеля гэтага нашая культура была зьнішчаная поўнасьцю. І цяпер працягвае нішчыцца. А паколькі калі "Партнэрства" гэтае будзе сапраўды такім, якога жадае Эўропа, а не спадар Лукашэнка, калі яно будзе карысным для Беларусі, дык вельмі важна, каб гэта не дало магчымасьці Лукашэнку далей зьнішчаць нашую культуру. І фактычна, найбольш часу правялі з спадаром прэм'ер-міністрам Чэхіі, дыскутуючы пра гэтае пытаньне.

"Усходняе партнэрства" павінна працаваць на народ


Соўсь: Размова тычылася выключна культурных пытаньняў ці палітычных таксама?

Сурвіла: Безумоўна, таксама і палітычных. Усе палітычныя пытаньні, якія мы прадстаўляем у нашым першым пісьме да Эўропы, а таксама ў цяперашняй рэзалюцыі, - усе парушаліся, але падавалася лягічным, што найважнейшая ў гэтым моманце рэч - гэта прасіць Эўропу, каб уключылі культуру ў свае змаганьні. Справа ў тым, што ў Эўропе ды іншых вольных краінах пра культуру людзі не гавораць, таму што гэтае пытаньне не зьяўляецца праблемай ніколі. Культура бароніцца сваім народам.

У нашым выпадку яна нішчыцца ўладай, якая цяпер у Беларусі. І таму нашая сытуацыя зусім іншая. І калі б
Культура - гэта фактычна палітычны фактар, які трэба абавязкова ажыцьцявіць, каб Беларусь выжыла.
сытуацыя працягвалася, прыйшоў бы час, калі нас не было б больш. Культура была б зьнішчаная да той ступені, што народ бы ўжо ня ведаў, хто ён ёсьць. І таму мы ўважаем, што культура - гэта фактычна палітычны фактар, які трэба абавязкова ажыцьцявіць, каб Беларусь выжыла. Усе мы ў гэтым згдажаліся. І мы пра гэта найбольш гаварылі. І гэта вельмі добра разумеў прэм'ер-міністар Чэхіі, які фактычна меў дасьведчаньне спробаў Нямеччыны зрабіць з чэхамі нямецкамоўную і нямецкакультурную краіну.

Соўсь
: У вас таксама адбылася сустрэча з беларускай моладзьдзю, што навучаецца ў Празе. Якія былі асноўныя пункты дыскусіі, і якое пытаньне маладых беларусаў было для Вас найбольш нечаканым і цікавым?

Сурвіла: Усе пытаньні былі фактычна чаканымі, вельмі разумнныя пытаньні былі. Мяне вельмі ўразілі ўсе маладыя. Былі пытаньні і пра ядзерную электрастанцыю, і пра БНР, і пра тое, што прынясе "Ўсходняе партнэрства" Беларусі, якія небясьпекі. І пытаньні былі разумныя, і адказы былі вельмі цікавыя.

Соўсь: Пакуль ёсьць афіцыйная інфармацыя, што на саміце 7-га траўня ня будзе Аляксандра Лукашэнкі ў складзе беларускай дэлегацыі. Якой будзе вашая рэакцыя ў выпадку, калі ён у апошні момант вырашыць прыехаць на саміт?

Мы ўважаем "Усходняе партнэрства" надзвычай карысным для Беларусі, што гэта будзе фактычна спосаб адкрыць дзьверы Эўропе
Сурвіла
: Ну тут нам не рэагаваць фактычна. Мы ўжо зрэагавалі перад тым, мы прасілі, каб ён не прыяжджаў. І на маю думку, ён не прыедзе. Хаця, безумоўна, ня ведама. Але рэагаваць нам можна будзе ўжо толькі пасьля канфэрэнцыі, калі яна адбудзецца. Пасьля саміту.

Соўсь
: Спадарыня Івонка, на Вашую думку, што дасьць Беларусі ўдзел ў праграме Эўразьвязу “Усходняе партнэрства”?

Сурвіла: Чаму мы ўважаем "Усходняе партнэрства" надзвычай карысным для Беларусі, што гэта будзе фактычна спосаб адкрыць дзьверы Эўропе. А ня толькі на Ўсход, як гэта робіцца цяпер. Мы вельмі задаволеныя гэтым, цяпер наступны крок, каб гэтае "Ўсходняе партнэрства" перацавала для беларускага народу, а не для ўладаў.

Адрас Свабоды – гэта Радыё Свабода

Соўсь: І апошняе пытаньне. Свабода праводзіць новы конкурс. 100 адрасоў Свабоды. Дзе ў Беларусі варта павесіць мэмарыяльныя шыльды ў гонар падзеяў найноўшай гісторыі незалежнасьці і свабоды? Дом літаратара ў Менску, дзе выступаў Быкаў ... На кірмашы у Глыбокім заўсёды раздаюць улёткі ... Авальная заля Дому ўраду, дзе прагаласавалі за незалежнасьць... Які адрас і чаму запомніўся вам? Які Ваш адрас Свабоды?

Сурвіла: Ой, столькі ёсьць, што я на гэты момант нават ня ведаю, аб чым думаць. Але я б, напрыклад, павесіла шыльду ў гонар Свабоды. Радыё Свабода заўсёды змагалася за Беларусь, за беларускую незалежнасьць, за нашыя ідэалы. Так што месца, дзе знаходзілася Радыё Свабода, заслужыла, каб мець там шыльду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG